Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дар’я Ліс: “Дзень Волі – сьвята вясны і надзеі”


25 сакавіка спаўняецца 90 гадоў абвяшчэньню Беларускай Народнай Рэспублікі. Дэмакратычная грамадзкасьць краіны прымеркавала да гэтай даты шэраг мастацкіх імпрэзаў, а таксама шэсьце і мітынг. Як гэтае сьвята будуць адзначаць прадстаўнікі інтэлігенцыі?


Дар'я Ліс па адукацыі філёляг. Інвалід-вазочнік. Друкуецца ў незалежнай беларускай прэсе (у “Свободных новостях плюс”, “Нашай Ніве”). Валодае францускай і ангельскай мовамі. Спрабуе свае сілы ў прозе й паэзіі.

Ліс: “Я прапанавала б адзначыць Дзень Волі нечаканым і валявым учынкам. Урэшце рэшт, скажыце чалавеку, якога вы кахаеце “Я цябе кахаю!”, падарыце яму бел-чырвона-белы швэдар. Альбо выцягніце сваю сям’ю ў цікавую вандроўку па Беларусі – у Беларусі столькі прыгожых, цікавых мясьцінаў! Падарыце сябру кнігу на гістарычную тэматыку. Зрабіце нешта такое асабістае, але вельмі важнае для вас і вашых блізкіх”.

Карэспандэнтка: “Дар’я, а чым ёсьць для вас гэтае сьвята?”

Ліс: “Для мяне Дзень Волі – гэта сьвята вясны і надзеі. Надзеі на тое, што калісьці ўся мая краіна будзе ведаць і адзначаць гэта сьвята як сьвята беларускай дзяржаўнасьці. Ня толькі беларуская інтэлігенцыя будзе ведаць пра Дзень Волі, але і звычайныя грамадзяне. Будуць ведаць і радавацца яшчэ аднаму сьвяту”.

Карэспандэнтка: “А на вашу думку, калі гэта можа адбыцца?”

Ліс: “Прагнозы – няўдзячны занятак, я ня буду гэтым заняцца. Хацелася б хутчэй”.

Карэспандэнтка: “А пры якіх умовах?”

Ліс: “Пры ўмовах пераменаў у людзкіх галовах, пераменаў у нашым грамадзтве”.

XS
SM
MD
LG