Лінкі ўнівэрсальнага доступу

П.Рудкоўскі: “Шкада, але беларуская мэнтальнасьць – аўтадэструкцыйная”


Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – Пётра Рудкоўскі. Яму трыццаць гадоў. Нарадзіўся ў Канвелішках Воранаўскага раёну. Закончыў Ягелёнскі ўнівэрсытэт. Тэоляг, каталіцкі дыякан, філёзаф. Тэма сёньняшняй размовы зь ім журналіста Аляксандра Уліцёнка – што ёсьць беларуская мэнтальнасьць?


Уліцёнак: “Як распазнаць мэнтальнасьць?”

Рудкоўскі: “Мэнтальнасьць – лётаючы ў паветры панятак, пазбаўлены ўстойлівага значэньня.

Напрыклад, цяпер нашыя суседзі ў рамках абноўленага іміджу Літвы прасоўваюць ідэю свайго народу, як народу сьмелага. І асноўная, так бы мовіць, сьмеласьць палягае нібыта ў тым, што ён заініцыяваў распад Савецкага Саюзу.

Аднак насамрэч, падкрэсьліваюць літоўскія палітолягі, гэты працэс канца 1980-х гадоў не вынікаў зь нейкай асаблівай сьмеласьці народу. Тут справа больш у пэўнай спантаннай эвалюцыі грамадзтва.

Такім чынам нярэдка абагульненыя сьцьвярджэньні наконт мэнтальнасьці могуць быць ці то ідэалягічным прадуктам, ці спантанна створанай міталягемай, якая не абавязкова адлюстроўвае рэальнасьць”.

Уліцёнак: “Нагадаем слухачам асноўныя стэрэатыпы пра мэнтальнасьць беларускую…”

Рудкоўскі: “Народ цярплівы ці талерантны”.

Уліцёнак: “Але вы іншай думкі. Ці ня так?”

Рудкоўскі: “Унутры беларусаў існуе вялікая дыфэрэнцыяцыя ў спосабе мысьленьня ці той самай мэнтальнасьці. Я асабіста ў якасьці дамініруючага тыпу нацыянальнага мэнталітэту назваў бы аўтадэструкцыйнасьць. То бок культывацыя вобраза беларуса як істоты нейкай ніжэйшай катэгорыі.

Гэта відаць на прыкладзе розных выслоўяў, анэкдотаў, дзе беларус выступае такім ня дужа прывабным пэрсанажам”.

Уліцёнак: “Гэта – народная самаацэнка?”

Рудкоўскі: “Тое замацавалася ня толькі на прыкладзе масавай сьвядомасьці. Аўтадэструкцыйны падыход можна заўважыць і на ўзроўні элітарным: пагадзіцеся – сымптом трохі такі трывожны”.

Уліцёнак: “А яго можна пераадолець?”

Рудкоўскі: “Ён можа быць пераадолены ў накірунку больш аптымістычнага самаўспрыманьня. Тут на думку якраз і прыходзіць Зянон Пазьняк са сваім бачаньнем Беларусі, як увасабленьня ўсяго найлепшага. Што, па сутнасьці, крайнасьць у другі бок”.

Уліцёнак: “І дзе ж выйсьце, спадар Пётра?”

Рудкоўскі: “Пажадана фармаваньне мэнтальнасьці аўтакрытычнай, але… Але спалучанай з усьведамленьнем сваёй годнасьці. Самабытнасьці. Непаўторнасьці. Сваёй каштоўнасьці”.
XS
SM
MD
LG