Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За родную мову беларусы мусяць плаціць даражэй


У менскіх бюро перакладчыкаў за пераклад тэксту не на расейскую, а на беларускую мову з кліентаў бяруць больш грошай. Нашая карэспандэнтка пацікавілася ў перакладчыкаў, чаму пераклад на родную мову каштуе беларусам даражэй, чым на расейскую.


У бюро перакладчыкаў “Лантрейдинг” за пераклад кароткай даведкі з польскай мовы на расейскую бяруць 28 тысяч рублёў. Калі я папрасіла перакласьці яе на беларускую, то перакладчыца спачатку шчыра спытала: “А навошта вам? Даведка ў ваенкамат падаецца на расейскай мове”. І адразу дадала: “У нас жа дзьве мовы, значыць, трэба рабіць па-расейску”.

Пасьля мне паведамілі, што пераклад на беларускую будзе каштаваць на 9 тысяч рублёў даражэй. Чаму? Таму што такія правілы, адказалі мне.

Па тлумачэньне я зьвярнулася да дырэктара бюро перакладчыкаў “Лантрединг” Максіма Караванава:

“Мы перакладаем спачатку на расейскую, а потым на беларускую мову”.

Карэспандэнтка: “Чаму?”

Караванаў: “Таму што перакладчыца думае па-расейску. Альтэрнатыву нейкага слова... Ёй спачатку ў галаву прыходзіць па-расейску, а потым яна думае, як яго сказаць па-беларуску. Вось я, напрыклад, чэснае слова, ня думаю па-беларуску. Магу размаўляць, але нараблю вельмі шмат памылак. Па-расейску я размаўляю прыгожа, чэснае слова. Пішу, вядома, з памылкамі”.

Карэспандэнтка: “Чаму так атрымліваецца, што, калі чалавек хоча атрымаць нейкі дакумэнт на беларускай мове, мусіць плаціць даражэй?”

Карэванаў: “Таму што ён хоча. Разумееце? Гэта ягонае жаданьне, а свае жаданьні трэба суадносіць з чужымі магчымасьцямі”.

У бюро перакладчыкаў “Транстэрра” цэны ніжэйшыя, але за пераклад на беларускую мову ўсё роўна бяруць даражэй.

“З польскай на расейскую будзе каштаваць 10 тысяч. А з польскай на беларускую?.. Ведаеце, мне трэба ўдакладніць, бо зрэдку зьвяртаюцца да нас зь беларускай мовай... На расейскую будзе каштаваць 10 000, на беларускую – 12 000. Беларускі перакладчык – гэта дадатковая складанасьць, хаця чалавек і валодае гэтай мовай”.

Карэспандэнтка: “А чаму тады даражэй?”

Каардынатар бюро: “Таму што перакладчыку складаней перакладаць на беларускую, чым на расейскую”.

У ваенкамаце Савецкага раёну Менску паведамілі, што ўсе дакумэнты мусяць быць на расейскай мове. Кіраўнік аддзелу, адказны за вайсковы прызыў, патлумачыў, што ў Міністэрстве абароны адна мова – расейская.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG