Лінкі ўнівэрсальнага доступу

21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Генэральная канфэрэнцыя ЮНЭСКО абвясьціла 21 лютага Міжнародным днём роднай мовы. У сьвеце ён адзначаецца з 1999 году і мае на мэце захаваньне моўнай разнастайнасьці.


Прадпрымальнік з Узды Віктар Крываль адмовіўся адказваць на пытаньні, зададзеныя па-расейску, і моўчкі выслухаў прысуд – 15 сутак арышту – на знак пратэсту супраць таго, што судзьдзя Валянцін Вердыш адмовіўся весьці працэс па-беларуску. Грамадзкі дзеяч з Гомелю Сяргей Сямёнаў двойчы быў прыцягнуты да суду і атрымаў 930 тысяч рублёў штрафу за адмову запаўняць блянк мытнай дэклярацыі па-расейску. Пасьля гучнага рэзанансу ў грамадзтве ў ягоную падтрымку выступіў Канстытуцыйны суд. Цяпер спадар Сямёнаў патрабуе прыцягнуць да адказнасьці судзьдзю Марыю Даменку і вось як тлумачыць сваю рашучасьць:

“Крыўда за мову. Яна была заўсёды. Я яшчэ крыху засьпеў час, калі ў школах выкладалі па-беларуску. А цяпер, наколькі я ведаю, там яе амаль няма. Няма ніводнай беларускамоўнай ВНУ. І гэта страшна. Бо мова – гэта частка культуры. І яна не сама зьнікае, а яе забіваюць”.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, сёньня па-беларуску навучаюцца 20% школьнікаў краіны, летась – 21%. Найбольш імкліва скарачэньне беларускамоўнага навучаньня адбываецца ў Менску: летась на беларускай мове там навучаліся 3,2% дзяцей, сёлета – 2,5%. Гэта няпоўныя 5 тысяч школьнікаў, кажа старшыня Таварыства беларускай школы Алесь Лозка:

“З году ў год, прыкладна 12 – 13 гадоў, гэтыя паказчыкі падаюць і падаюць. А зь іншага боку – расьце супраціў. Супраціў сярод школьнікаў, студэнтаў, увогуле ў грамадзтве. Я думаю, што перамены будуць”.

Сродкі масавай інфармацыі ў Беларусі таксама пераважна расейскамоўныя: сёньня зарэгістравана больш за тысячу газэт і часопісаў. Зь іх па-беларуску выходзяць каля 80.
Сябры аргкамітэту па правядзеньні агульнанацыянальнай дыктоўкі абвяшчаюць пра пачатак акцыі
У падтрымку беларускай мовы, беларускай школы і з нагоды юбілею БНР створаны аргкамітэт па правядзеньні агульнанацыянальнай дыктоўкі. Сябра аргкамітэту, праваабаронца Алесь Бяляцкі, абвяшчаючы пра гэтую імпрэзу, так ахарактарызаваў стан беларускай мовы:

“Я і мае калегі ацэньваем сытуацыю з выкарыстаньнем беларускай мовы як крытычную і нават катастрафічную. Бо абсалютна выразна выяўляецца дыскрымінацыя беларускамоўных грамадзянаў. Таму мы цалкам падтрымліваем тую пазыцыю, якую цяпер займае Зьміцер Жалезьнічэнка, – ён патрабуе ў войску беларускай мовы, – падтрымліваем людзей, што патрабуюць беларускай мовы ў судах. Ня трэба забывацца, што яшчэ 500 гадоў назад усе юрыдычныя кодэксы, паводле якіх жыла Беларусь, былі перакладзеныя на беларускую мову”.

Беларуска-ўкраінскі слоўнік выйшаў у Кіеве ў 2007 годзе
З нагоды Міжнароднага дня роднай мовы Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны зладзіла прэзэнтацыю беларуска-ўкраінскага слоўніка, які выйшаў у рамках дзяржаўнай праграмы Ўкраіны. Гаворыць сябра таварыства Алена Анісім:

“Важны той факт, што беларуска-ўкраінскі слоўнік выйшаў у межах дзяржаўнай праграмы Ўкраіны, дзе выходзіць шмат слоўнікаў з украінскай мовай. І тое, што беларуская мова трапіла ў сьпіс гэтых слоўнікаў, для нас вельмі важна. Гэта значыць, што нашую мову цэняць і паважаюць за мяжой”.

Удзельнікі прэзэнтацыі Беларуска-ўкраінскага слоўніка
Удзел у прэзэнтацыі з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы ўзялі вядомыя літаратары, навукоўцы, сьвятары, прадстаўнікі амбасадаў Украіны, Швэцыі, Польшчы, а таксама ЮНЭСКО. Абмінулі імпрэзу ўвагай прадстаўнікі беларускіх уладаў.

Паводле ацэнкі ЮНЭСКО, сёньня ў сьвеце існуе больш за 6 тысяч моваў. Палова зь іх найбліжэйшым часам можа страціць апошніх носьбітаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG