Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэсавая сакратарка кіраўніка замежнай палітыкі Эўразьвязу Хавіера Саляны Крыстына Галяк заявіла ў інтэрвію Радыё Свабода, што Эўразьвяз па-ранейшаму чакае ад беларускіх уладаў вызваленьня ўсіх палітычных вязьняў, каб зрабіць магчымым паляпшэньне ўзаемаадносінаў.


На мінулым тыдні Аляксандар Лукашэнка заявіў, што пытаньне “так званых палітвязьняў” у Беларусі закрыта. Лукашэнка тады сказаў: “Мы зрабілі беспрэцэдэнтны крок добрай волі і цяпер паглядзім, як адкажуць на гэта Эўразьвяз і ЗША”. Вось што кажа прадстаўніца Эўразьвязу:

“Мы ведаем, што некаторыя палітвязьні былі вызваленыя. Мы ўважліва сочым за тым, што адбываецца ў Беларусі. Няма сумневу, што гэта крок у правільным кірунку, і гэты крок мы лічым важным. Але мы чакаем большага ад беларускіх уладаў. Цяпер важна, каб былі вызваленыя ўсе палітычныя вязьні. Менавіта гэта паспрыяла б нармалізацыі адносінаў паміж Эўразьвязам і Беларусьсю. Таму цяпер мы хацелі б падкрэсьліць, што так – гэта крок у правільным кірунку, але гэтага недастаткова, бо ня ўсе палітвязьні вызваленыя”.

У лістападзе 2006 году Эўразьвяз сфармуляваў сьпіс з 12 умоваў для паляпшэньня адносінаў паміж Зьвязам і Беларусьсю. Сярод гэтых умоваў, акрамя вызваленьня палітвязьняў, таксама, у прыватнасьці, павага права грамадзянаў на незалежную інфармацыю і свабоду слова, на незалежны і бесстаронны суд, на прадпрымальніцкую дзейнасьць без празьмернага ўмяшаньня дзяржавы. Ці неабходна для паляпшэньня адносінаў Беларусі з Эўразьвязам выкананьне ўсіх 12 умоваў, ці перамовы і нейкія пазытыўныя зьмены могуць пачацца, калі будзе выкананая хаця б частка гэтых умоваў. Вось што адказала на такое пытаньне Крыстына Галяк:

“Я хацела б падкрэсьліць, што вызваленьне палітвязьняў – гэта фундамэнтальнае пытаньне. Мы ня бачым ніякіх прычынаў, каб людзі былі ў турме за палітычныя ідэі. Гэта фундамэнтальны крок, які мы хацелі б пабачыць з боку ўладаў Беларусі. Як я казала раней, мы радыя, калі бачым прагрэс і зрухі ў гэтым пытаньні, але гэтага пакуль што недастаткова. Адносіны паміж Эўразьвязам і Беларусьсю – гэта не пытаньне падлікаў, а пытаньне датрыманьня ясных палітычных пазыцыяў. Пытаньне вызваленьня палітвязьняў – фундамэнтальнае”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG