Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым займаюцца колішнія палітвязьні?


Нядаўнія палітвязьні хутка адаптаваліся на волі. Калі маладзейшыя Зьміцер Дашкевіч і Артур Фінькевіч адразу вярнуліся да грамадзка-палітычнай дзейнасьці, то Андрэй Клімаў спачатку вырашыў паправіць сваё здароўе і заняцца праблемамі побыту.


Андрэй Клімаў, які 15 лютага выйшаў на волю з мазырскай турмы, цяпер дома. Апынуўшыся на волі, ён у першыя два дні меў шмат сустрэчаў з рознымі людзьмі. Палітык апавёў “Свабодзе”, што мае праблемы са здароўем, бо за час зьняволеньня ягоны імунітэт аслабеў.
Андрэй Клімаў дома па вызваленьні з Мазырскай калёніі
Андрэя Клімава лічаць своеасаблівым рэкардсмэнам па колькасьці палітычна матываваных справаў і адседак. За дзесяць гадоў супраць яго распачыналі пяць крымінальных справаў, а пакараньне ён адбываў тройчы. Як сказаў Андрэй Клімаў, ён спадзяецца, што ў краіне пачнуцца працэсы лібэралізацыі. Нягледзячы ні на што, ён мае намер падтрымліваць дэмакратычныя пераўтварэньні.

А найбліжэйшым часам палітык будзе займацца праблемамі побыту. Пакуль ён быў у няволі, у хатняй гаспадарцы назьбіралася шмат клопату, дзе патрэбны мужчынскія рукі.

“Буду цяпер займацца сваім здароўем і сваёй сям’ёй. Дый папросту трэба прывесьці нэрвы да ладу. Мазыр – гэта не піянэрскі лягер... Падзеі, як ні дзіўна, разьвіваюцца ў станоўчым рэчышчы. Наша ўлада пайшла на перамовы з Эўразьвязам і Злучанымі Штатамі Амэрыкі. Заўсёды буду на баку тых, хто спрыяе дэмакратызацыі нашага грамадзтва”.

Зьміцер Дашкевіч выйшаў на волю 23 студзеня. Яго пакаралі зьняволеньнем на паўтара году за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Зьміцер адразу наведаў сваіх паплечнікаў. Яму склаў кампанію ягоны сябар Артур Фінькевіч, які выйшаў на волю праз два тыдні, 5 лютага.

Артура трымалі пад вартай у менскім сьледчым ізалятары з 30 студзеня 2006 году. 10 траўня яго пакаралі двума гадамі абмежаваньня волі. А 20 сьнежня 2007 году пакаралі зьняволеньнем на паўтара году за дробныя парушэньні правілаў унутранага распарадку.

Артур і Зьміцер вучацца ў Вільні, але пакуль што застаюцца ў сьпісе невыязных. Адразу пасьля выхаду на волю яны актыўна заняліся грамадзкай дзейнасьцю.

Артур Фінькевіч
“Ежджу па рэгіёнах разам са Зьмітром Дашкевічам, – расказвае Артур Фінькевіч. – Адзін са сходаў, які адбываўся ў Менскім раёне, як вы ведаеце, не далі правесьці. Пакуль мы са Зьмітром былі ў няволі, “Малады фронт” значна павялічыў колькасны склад сваіх сяброў. Нам цяпер папросту трэба, па-першае, аб’ехаць рэгіёны, каб з усімі пазнаёміцца, і, па-другое, правесьці кампанію па ўзбуйненьні структураў. Я зьбіраюся працягваць адукацыю, але мая вучоба ня будзе замінаць грамадзкай дзейнасьці”.

І Андрэй Клімаў, і Артур Фінькевіч, і Зьміцер Дашкевіч апавялі, што не зьбіраюцца зьяжджаць у эміграцыю.

Але ня ўсе былыя палітвязьні засталіся ў краіне. У свой час Уладзімер Кудзінаў са сваёй сям’ёй зьехаў ва ўкраінскі Сімфэропаль. Міхаіл Чыгір таксама займаецца бізнэсам ва Ўкраіне і Расеі. У Беларусі ён цяпер бывае зрэдку.
XS
SM
MD
LG