Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэчыца: на месцы помніка “аўганцам” пабудуюць палац


Раённыя ўлады Рэчыцы пастанавілі зьнесьці помнік загінулым воінам-“аўганцам” і пабудаваць на ягоным месцы лядовы палац.


Помнік салдатам, якія загінулі ў Аўганістане, разьмешчаны на вуліцы Маладзёжнай у адмыслова пасаджаным маладым сквэрыку. Гэта – дзьве стэлі ў выглядзе журавоў, якія ўзьлятаюць у неба. На пастамэнце напісана: “Сынам Рэчыцы, якія загінулі далёка ад Радзімы”.

Рашэньне рэчыцкіх уладаў перанесьці помнік зьдзіўляе тамтэйшых жыхароў:

Спадарыня: “Кепска, што пераносяць помнік. Калі паставілі яго тут, то ён павінен тут і стаяць. Ня ведаю, хто гэта так вырашае, старшыня выканкаму Баранаў ці хто яшчэ?”

Другая спадарыня: “Трэба ў іншым месцы паставіць лядовы палац, а помнік няхай будзе тут”.

Месца для лядовага палацу хапае і за помнікам аўганцам. Пустка, засаджаная маладымі дрэўцамі, разьлеглася там на сотні мэтраў.

Карэнныя жыхары Рэчыцы наагул лічаць гэтае месца ня надта прыдатным для будаўніцтва дамоў, ды яшчэ такіх капітальных, як лядовы палац. Некалі там было балота, а па краёх яго, у сушэйшых месцах, агароды.

“Перанос помнікаў я лічу сапраўдным блюзьнерствам, – гаворыць ураджэнец Рэчыцы, геафізык Леанід Невар. – Больш за тое, на гэтым месцы было балота. Паводле генэральнага пляну забудовы Рэчыцы тут побач паставілі дзевяціпавярховы дом, дык у ім зьявіліся трэшчыны. Былі геафізычныя дасьледаваньні гэтага месца. Па выніках зрабілі высновы: каб будаваць тут дамы, трэба забіваць вялікія палі. Гэта вядзе да значнага падаражэньня будаўніцтва. Таму й вырашылі закласьці сквэр. Пазьней тут паставілі помнік аўганцам. Цяпер гэта сквэр памяці аўганцаў”.

Перад агульнабеларускімі “Дажынкамі” ў горадзе зьнесьлі былы мур жаночай гімназіі. Ён нібыта перашкаджаў пашырэньню цэнтральнай плошчы перад райвыканкамам. Крыху раней з гэтай плошчы прыбралі танк – помнік танкістам, якія загінулі пры вызваленьні Рэчыцы. Танк перамясьцілі ў парк Перамогі. Наколькі вядома, туды зьбіраюцца перанесьці і помнік “аўганцам”.
XS
SM
MD
LG