Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень роднай мовы: “Улада нічога ня зробіць, толькі людзі”


Сёньня – Міжнародны дзень роднай мовы. Што трэба зрабіць, каб выправіць становішча зь беларускай мовай? На пытаньне адказвалі магілёўцы.


Спадарыня: “Можна, безумоўна, увесьці закон, каб мы гаварылі толькі на беларускай мове, але я ня ведаю, ці дапаможа гэта неяк. Трэба проста, каб людзі палюбілі мову, але тут усё залежыць сапраўды ад кіраўніцтва, ураду, нашых школ. Ну, і калі людзі не пастараюцца, тыя ж бацькі, нічога не атрымаецца”.

Спадар: “Калі б у нас на беларускай мове, на нашай роднай мове, адразу ж пачалі вучыць дзяцей ды бацькі самі б размаўлялі, я думаю, што ўзровень быў бы іншы”.

Карэспандэнт: “Хто павінен займацца вырашэньнем гэтай праблемы — улада або самі людзі?”

Спадар: “Не, я думаю, што гэта павінна адбывацца на ўзроўні сям’і, ячэйкі грамадзтва”.

Спадарыня: “Увесьці, вядома ж, навучаньне на беларускай мове – гэта будзе жорстка, аднак я лічу, што трэба, каб настаўнікі прышчаплялі дзецям любоў да роднай мовы. А ня так, што некаторыя настаўнікі не зьвяртаюць увагі, як яны вядуць урок і як яны гавораць з вучнямі”.

Спадар: “У нас беларуская мова як другасны прадмет вывучаецца ў школах. А руская мова вывучаецца паглыблена. Таму, можа, варта рабіць групы, якія будуць паглыблена вывучаць беларускую мову. Тыя дзеці, якія захацелі б вывучаць яе, ішлі б туды”.

Карэспандэнт: “А вы б аддалі сваё дзіця ў беларускамоўную групу?”

Спадар: “З задавальненьнем”.

Спадарыня: “Трэба далучаць нашых дзяцей да чытаньня на роднай мове – чытаньня нашых сучасных пісьменьнікаў, знаёміць дзяцей зь імі. Бацькам жа больш увагі аддаваць чытаньню сваіх дзяцей ды скіроўваць дзяцей у бібліятэкі”.

Малады спадар: “Маё меркаваньне, што беларускую мову трэба выкарыстоўваць там, дзе яна будзе гучаць, але ня так, што навязваюць там у школах. У нас шмат слоў мілагучных. Вось слова “мілагучны” гучыць па-беларуску прыгожа, мякка. Я думаю, што гэтым павінны ўлады займацца, тым больш, што яны ідэалёгію адраджаюць”.

Спадар: “Я думаю, што беларускую мову трэба зрабіць моднай для моладзі”.

Спадарыня: “Прыдумаць нейкія лягатыпы, дапусьцім, вопратку зь лягатыпам на беларускай мове. Каб гэта было прыгожа, пісьменна зроблена”.

Спадарыня сталага веку: “Трэба, каб кожныя мама і тата любілі беларускую мову. Трэба любіць мову і прывучаць да яе з маленства. Каб маленькі, а ўжо гаворыць “мама, бацька”. Улада нічога ня зробіць, толькі людзі”.
XS
SM
MD
LG