Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Цана на газ для Беларусі ў 2008 годзе падвышацца ня будзе”. Пра гэта заявіў сёньня прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі.


“У адпаведнасьці з дамоўленасьцю на працягу 2007 году цана на газ была на ўзроўні 100 даляраў за 1000 кубамэтраў, з гэтага году дадалі 19%, і ў нас ёсьць упэўненасьць, што да канца году цана падвышацца ня будзе”, – цытуе БЕЛТА словы кіраўніка ўраду.

Ён дадаў, што “кіраўнікі ўрадаў Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін дамовіліся пра нязьменнасьць цаны для Беларусі на 2008 год – 119 даляраў”.

Варта нагадаць, што на гэтым тыдні Аляксандар Лукашэнка заявіў у інтэрвію тэлеканалу “Russia Today” і інфармацыйнаму агенцтву РІА “Новости”, што “Газпром” пагражае цягам 2008 году ўдвая падвысіць цэны газу для Беларусі.

Гэтая заява кіраўніка Беларусі была ўчора зьняпраўджаная прадстаўнікамі “Газпрому”. У той жа час і “Газпром”, і пасол Расеі Аляксандар Сурыкаў кажуць, што цана на наступны квартал будзе перагледжаная і крыху падвышаная, але не нашмат.

Такім чынам, паводле Лукашэнкі цана падвысіцца ўдвая, паводле “Газпрому” – падвысіцца, але значна менш, чым удвая, паводле Сідорскага – не падвысіцца наагул.
XS
SM
MD
LG