Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мальцаў: “Для аднаго салдата на беларускую мову не пяройдзем”


Міністар Леанід Мальцаў дэманструе выданьне кнігі “90 лет на страже Отечества” са старонкай на беларускай мове

Міністар Леанід Мальцаў дэманструе выданьне кнігі “90 лет на страже Отечества” са старонкай на беларускай мове

Міністар абароны Леанід Мальцаў даў прэсавую канфэрэнцыю, на якой ацаніў стан беларускай мовы ў войску, выказаўся адносна амэрыканскай сыстэмы супрацьпаветранай абароны ва Ўсходняй Эўропе і паведаміў пра свае заробкі.


Леанід Мальцаў лічыць, што ў беларускім войску “няма праблемы беларускай мовы”. Журналісты закранулі гэтую тэму ў сувязі з гісторыяй былога студэнта Зьмітра Жалезьнічэнкі, які пасьля прызыву ў войска запатрабаваў, каб камандзіры зьвярталіся да яго па-беларуску. Адказ Леаніда Мальцава на патрабаваньне Зьмітра Жалезьнічэнкі прагучаў так:

“Калі ёсьць жаданьне ў кагосьці чуць каманды на беларускай мове – няма праблем. Ён атрымае такія ўмовы службы. Проста ён адзіны, а дзеля яго аднаго няма сэнсу. Быў бы такіх хаця б узвод, – без праблем. Дайце мне кнігу”.

Пасьля гэтага міністар абароны прадэманстраваў кнігу над назвай “90 лет на страже Отечества”. У гэтым цалкам расейскамоўным выданьні Леанід Мальцаў знайшоў старонку, дзе прыведзены “Статут” Чырвонай арміі па-беларуску, прыняты ў 20-я гады мінулага стагодзьдзя. Паводле міністра абароны Беларусі, цяпер моўнай праблемы ў беларускім войску не існуе.

“Пры жаданьні Жалезьнічэнка мог бы прымаць прысягу па-беларуску”, — заявіў міністар абароны.

Нагадаем, падчас прысягі былы студэнт Зьміцер Жалезьнічэнка замест таго, каб чытаць расейскі тэкст, сказаў: “Жыве Беларусь!”

У студзені Зьмітра Жалезьнічэнку адлічылі з Гомельскага ўнівэрсытэту, як ён мяркуе, з палітычных прычын. Былы студэнт спрабаваў аспрэчыць адлічэньне ў судзе, але прызыўная камісія ня стала чакаць разбору і прызвала былога студэнта ў войска.

“Мы яго не прызывалі. Гэта зрабіла прызыўная камісія, якая падпарадкоўваецца тэрытарыяльнаму органу ўлады”, – адхіліў прэтэнзіі Леанід Мальцаў.

Журналісты запыталі ў міністра пра шэраг актуальных вайсковых праблем. Спадар Мальцаў лічыць, што пры разьмяшчэньні элемэнтаў супрацьпаветранай абароны НАТО ў Польшчы і Чэхіі “павысіцца ваенная небясьпека”. Але “ваенная пагроза для Беларусі ня ўзьнікла”, – мяркуе міністар абароны.

Паводле Леаніда Мальцава, Беларусь “не адстае ва ўзбраеньні” ад сваіх патрэбаў і, акрамя мадэрнізацыі зброі, займаецца таксама пераўзбраеньнем.

“У 2007 годзе было пастаўлена 50 новых узораў зброі і тэхнікі”, – паведаміў міністар. У будучыні на ўзбраеньні зьявяцца “самыя лепшыя ў сьвеце”, паводле Леаніда Мальцава, супрацьпаветраныя комплексы С-400 расейскай вытворчасьці. Калі і колькі, міністар не ўдакладніў.

Напрыканцы журналісты спыталіся пра заробкі ў войску.

Леанід Мальцаў паведаміў, што ягоны месячны заробак з рознымі выплатамі складае 3,7 мільёна беларускіх рублёў:

“Міністар абароны, генэрал-лейтэнант, розныя надбаўкі — агулам 3 мільёны 700 тысяч”.

А вось прапаршчык, які служыць па кантракце, атрымлівае 650 тысяч, дадаў міністар абароны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG