Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь беларускай – на 27 моваў Эўропы


Лявон Баршчэўскі
Лявон Баршчэўскі

Сёньня – Міжнародны дзень роднай мовы. Ён быў заснаваны ў 1999 годзе рашэньнем 30-й сэсіі Генэральнай канфэрэнцыі ЮНЭСКО з ініцыятывы Бангладэш.


Менавіта ў Бангладэш 21 лютага 1957 году, адстойваючы сваё права вучыцца на роднай мове, загінулі 5 студэнтаў.

Сёньня ў Палацы мастацтва пройдзе выстава “Родная мова ў сьвеце”, якую ладзіць Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны. Падчас яе будзе прэзэнтаваны выдадзены ў Кіеве вялікі “Беларуска-ўкраінскі слоўнік”. Старшыня ТБМ Алег Трусаў кажа, што гэтым будзе падкрэсьленая найбольшая блізкасьць нашых моваў і найбольшая цікавасьць украінцаў да мовы і літаратуры паўночнай суседкі:

“Гэта самыя блізкія мовы ў сьвеце. І таму наша сустрэча будзе прысьвечана беларуска-ўкраінскім і ўкраінска-беларускім моўным стасункам”.

"Выдадзены ў Кіеве перакладны зь беларускае мовы слоўнік – пакуль што адзіны прыклад прафэсійнага зацікаўленьня беларускаю мовай у іншай краіне", – зазначае знаны перакладчык Лявон Баршчэўскі. Пераклады зь беларускае ў іншых краінах ідуць праз расейскія слоўнікі. І гэта галоўная прычына, чаму ён узяўся за стварэньне дваццацівасьмімоўнага пераладнога слоўніка зь беларускай.

“Гэта вялікая-вялікая праблема і адна з прычын, чаму я рабіў слоўнік на дваццаць восем моваў. Трэба хоць натхніць іншых гэта ўсё рабіць калі-небудзь. Там у мяне няшмат слоў, самыя важныя словы, але гэта можна пашыраць, можна разьбіваць на асобныя мовы і працягваць справу. Такая ідэя і была штуршком да маёй працы”.

Слоўнік разьлічаны на зацікаўленага беларускамоўнымі тэкстамі замежнага чытача. Таму пачынаецца ён, натуральна, беларускай. Наступная мова ў ім – даніна акадэмічнай традыцыі – лацінская. Далей ідуць амаль усе эўрапейскія мовы, якія прадстаўленыя ў альфабэтным парадку.

“Гэта базавы запас чалавеку, які за мяжой захоча вывучаць беларускую мову, – тлумачыць укладальнік. – Ён атрымае магчымасьць знайсьці там самыя важныя словы беларускай мовы”.

Унікальны слоўнік Лявона Баршчэўскага выйшаў з друку напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы ў прыватным выдавецтве.

Сёньня ў сьвеце больш за шэсьць тысяч моваў, але дзьве зь іх штомесяц зьнікаюць. Каб беларуская ня трапіла ў гэты незваротны працэс, рупяцца энтузіясты-лінгвісты ды грамадзкія суполкі. Дзяржава ня робіць ніякіх высілкаў для пашырэньня мовы тытульнай нацыі краіны ні ўнутры яе, ні за мяжой. Сёньняшні дзень – не выключэньне. Яго сьвяткаваньня ў сталіцы дзяржава ня ладзіць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG