Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзеля чаго створаная “Белая Русь”? Якую функцыю яна можа выканаць падчас выбарчай кампаніі? Ці можа “Белая Русь” ператварыцца ў партыю?v


Удзельнікі: аналітык Уладзімер Мацкевіч і палітоляг Юрый Чавусаў.

Дзеля чаго стварылі “Белую Русь”?


Валер Карбалевіч: “Устаноўчы зьезд грамадзкага аб’яднаньня “Белая Русь” у лістападзе мінулага году прайшоў неяк непрыкметна для непалітызаванага грамадзтва. Не было моцнага піяру ў дзяржаўных мэдыях. І таму для экспэртаў, палітыкаў так і засталося без адказу пытаньне: што гэта было? Дзеля чаго створаная гэтая арганізацыя?

Апошнім часам зьяўляецца ўсё больш зьвестак, што “Белая Русь” актывізуе сваю дзейнасьць. Рыхтуецца новы зьезд аб’яднаньня. У Доме літаратара вызваляюцца плошчы для офіса “Белай Русі”. Улады заганяюць у гэтае аб’яднаньне супрацоўнікаў бюджэтных арганізацыяў, найперш — сыстэмы адукацыі. То бок улады імкнуцца надаць нейкую грамадзка-палітычную ролю гэтай структуры. Якую ролю?”

Уладзімер Мацкевіч: “Трэба пазбавіцца ад звычкі думаць пра ўсё, што адбываецца ў краіне, толькі ў кантэксьце выбараў. Сёньня рэжым набыў моц, і ён больш заклапочаны праблемамі разьвіцьця краіны, а не электаральнымі праблемамі. Усе ведаюць, якое месца займаюць выбары ў аўтарытарных і таталітарных рэжымах.

Таму трэба аналізаваць “Белую Русь” празь нейкія іншыя мэты. Думаю, галоўная функцыя гэтай арганізацыі — падрыхтоўка кадраў. У СССР, які служыць прыкладам для ідэолягаў рэжыму, КПСС, камсамол былі такой школай падрыхтоўкі кадраў. Аналягічна ідзе працэс і ў Беларусі. БРСМ створаны даўно. У гэтай пірамідзе не хапала даху.

Рэжым адчувае вялікі недахоп прафэсійных і адданых кіраўнічых кадраў. Навучальныя ўстановы ня могуць гэтага зрабіць, яны даюць толькі веды. А досьвед зьяўляецца з практыкай кіраўнічай дзейнасьці. Таму пасады ў БРСМ і ў “Белай Русі” стануць такім ліфтам і сітам, празь якія будуць адбірацца кіраўнічыя кадры”.

Карбалевіч: “Але КПСС была верхнім паверхам дзяржаўнай улады. Таму яна магла выконваць функцыю падрыхтоўкі кадраў. А “Белая Русь” – гэта нейкі фантом. Як яна можа рыхтаваць кадры?”

Мацкевіч: “Вы маеце рацыю. Сапраўды, галоўным трымальнікам улады “Белая Русь” ня стане. Але яна можа выконваць функцыю ліфту і сіта”.

Юрый Чавусаў: “Белая Русь” ня ёсьць дакладна пралічаны праект, скіраваны на нейкія канкрэтныя мэты — напрыклад, падрыхтоўку кадраў. І іншыя створаныя дзяржавай структуры, кшталту БРСМ, таксама не выконваюць гэтай функцыі.

На этапе стварэньня “Белай Русі” мэты былі даволі амбітныя. Было ўражаньне стварэньня “партыі ўлады”, пераходу да прапарцыйнай выбарчай сыстэмы. Але калі адбыўся ўстаноўчы зьезд, усе ўбачылі, што сяброўства ў гэтай арганізацыі грунтуецца на супрацоўніках сыстэмы адукацыі, і стала зразумела, што амбітных палітычных мэтаў перад арганізацыяй ня ставіцца.

“Белая Русь” будзе выконваць ролю штучнага “грамадзкага аб’яднаньня”. Мы гэта бачым на прыкладзе БРСМ, які ў значнай ступені паглынае спантанныя моладзевыя ініцыятывы. Магчыма, гэта сродак кантраляваньня грамадзянскай актыўнасьці ў адукацыйным асяродку”.

Якую функцыю можа выканаць “Белая Русь” падчас выбараў?


Карбалевіч: “Тым ня менш “Белую Русь” рыхтуюць да восеньскіх выбараў у Палату прадстаўнікоў. Але якую функцыю яна можа выканаць у выбарчай кампаніі? “Белая Русь” — ня партыя. Паводле заканадаўства яна ня можа наўпрост вылучаць сваіх кандыдатаў у дэпутаты. Да таго ж пераходзіць да прапарцыйнай сыстэмы выбараў улады не зьбіраюцца. Пра гэта даволі цьвёрда казалі апошнім часам і Лукашэнка, і Ярмошына. Тады навошта яна патрэбная?”


Мацкевіч: “Наколькі я ведаю з прыватных крыніцаў, у кіраўнічых колах абмяркоўвалася пытаньне пра пераход да прапарцыйнай выбарчай сыстэмы. І “Белая Русь” прызначалася для гэтага.

Калі ж ад гэтай ідэі адмовіліся, то “Белая Русь” будзе дапамагаць праводзіць перадвыбарчыя мерапрыемствы. У недэмакратычных дзяржавах выбарчая кампанія выкарыстоўваецца ўладамі для ідэалягічнай “накачкі”. Вось гэтую функцыю і будзе выконваць “Белая Русь”. Ніякай іншай карысьці ад яе падчас выбараў я ня бачу. У яе факультатыўная функцыя. Я ня буду настойваць на тым, што “Белая Русь” — ня вельмі дакладны інструмэнт падрыхтоўкі кадраў. Я проста хачу зьвярнуць увагу, што такая функцыя таксама можа быць.

Але справа ў тым, што ў цяперашняга рэжыму няшмат людзей, якія могуць пралічваць усе наступствы ўласных дзеяньняў. Яны рухаюцца мэтадам спроб і памылак. Думаю, гэтыя выбары стануць выпрабаваньнем для “Белай Русі”.


Чавусаў: “Сапраўды, напэўна, на этапе стварэньня “Белай Русі” меркавалася ператварыць яе ў моцную палітычную сілу. У 2006 годзе спрабавалі надаць Кампартыі Беларусі функцыю моцнай праўладнай сілы, імітавалі аб’яднаньне камуністаў у адну партыю Але гэта патрабавала перафарматаваньня ўсяго выбарчага працэсу, што магло дэзарганізаваць сыстэму. Таму гэтую ідэю адкінулі. Бо цяперашняя выбарчая сыстэма даказала сваю эфэктыўнасьць у сэнсе атрыманьня ўладамі патрэбнага выніку.

Тады вырашылі надаць “Белай Русі” дапаможную функцыю. Яна павінна ўдзельнічаць у вылучэньні сябраў у выбарчыя камісіі разам з БРСМ і ФПБ. Трэба стварыць уражаньне актыўнага ўдзелу грамадзкіх аб’яднаньняў у выбарчай кампаніі. Плюс вылучэньне назіральнікаў на выбарчых участках, якія павінны засьведчыць справядлівы дэмакратычны ход выбарчага працэсу”.

Ці можа “Белая Русь” ператварыцца ў партыю?

Карбалевіч: “Калі гэты праект толькі зьявіўся, загаварылі былі пра стварэньне партыі ўлады. Параўноўвалі з Расеяй, дзе такую функцыю выконвае партыя “Адзіная Расея”. Але ўсё вылілася ў нешта малазразумелае. Чаму ж не стварылі партыю, а толькі грамадзкае аб’яднаньне?”

Мацкевіч: “Гэта самае істотнае пытаньне, якое мы сёньня абмяркоўваем. Мы думаем паводле трафарэтаў і шаблёнаў, лічым, што Беларусь нешта запазычвае з Расеі. Але ў гэтым сэнсе Беларусь, наадварот, ідзе наперадзе.

Беларуская ўлада раней, чым расейская, зразумела, што ў пабудове дзяржавы такога тыпу, як у Расеі і Беларусі, партыям адводзіцца іншае месца, чым у дэмакратычных краінах, у СССР — і нават іншае, чым у краінах так званай “народнай дэмакратыі”, дзе існавала штучная, “лялечная” шматпартыйная сыстэма. У нашай сытуацыі месца партыям дакладна ня вызначана.

Нашая паліталёгія, сацыяльная філязофія ня вызначыла дакладна той тып дзяржавы, які створаны ў некаторых дзяржавах СНД. Шмат якія нашыя высновы паходзяць са старых тэорыяў, а не з вывучэньня наяўнай сытуацыі. Яшчэ невядома, чым скончыцца гэты пошук”.

Чавусаў: “Акрамя таго, што стварэньне партыі ўлады патрабавала зьмены выбарчай сыстэмы, яно павялічвала б ролю іншых партыяў, прызнавала б магчымасьць партыйнай палітыкі, якое цяпер не існуе. Бо і роля прадзяржаўных палітычных партыяў — дэкаратыўная. Ствараць пасярэднікаў паміж уладай і народам рэжыму няма патрэбы. Рэжым абапіраецца непасрэдна на насельніцтва”.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG