Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Пры Польшчы не было такога падману”


Літва. Маладэчанскі раён


Літва, утульная, з вузкімі пакручастымі вуліцамі вёска, месьціцца каля мястэчка Палачаны, што пад Маладэчнам. Падзяляе іх маленькая рачулка. Але жыхары Літвы лічаць, што гэтая колішняя мяжа паміж старажытнай Літвой і Полацкім княствам. Бо па той бок рэчкі ляжыць мястэчка Палачаны.

Міхаіл Бекеш — чыгуначнік. Яму пад 60 гадоў. Гэты падцягнуты, спартыўны мужчына апантаны шляхетнай ідэяй выдаць кнігу пра Палачаны і Літву. Запісаць усе ўспаміны старых людзей, усе легенды і паданьні. Ён ганарыцца сваім вугорскім прозьвішчам і ведае свой радавод да пятага калена.

Карэспандэнт: “Вы з гісторыяй прафэсійна не зьвязаны. Што чыгуначніка натхняе на...”

Міхаіл: “А чаму менавіта чыгуначніка? Тут я нарадзіўся. Тут я жыву. Тут я хрысьціўся. Мабыць, тут я памру. А хто кім працуе, ня так важна. Гісторыя свайго народу, сваёй сям’і... Прадзеда выслалі з-пад Варшавы за 1863 год. Выгналі з Польшчы на пусткі.”

Карэспандэнт: “Прадзед быў паўстанцам 1863 году?”

Міхаіл: “Так. Дзе ён пахаваны, ня ведаю”.

Карэспандэнт: “Прыгожая вёска, Літва. Яна не была мястэчкам?”

Міхаіл: “О, яна вялікая была. Многа ўжо дамоў няма”.

Карэспандэнт: “Яна не была мястэчкам?”

Міхаіл: “Не. Прыход быў у Палачанах”.

У ваколіцах Літвы Міхаіл ужо назьбіраў невялікую калекцыю гістарычных экспанатаў.

Карэспандэнт: “А гэта што такое ў вас у руках?”

Міхаіл: “Ядро з маленькай гарматы паходнай. Яшчэ, напэўна, з 15 веку. Я знайшоў зь літоўскага боку. Можа, яшчэ ваякі Івана Грознага стралялі. Вось вырваны мэталь, па ствале, напэўна, праходзіла. Яшчэ тут адна рэліквія ёсьць. Бясплатны давалі паходны іканастас. У нас полк драгун стаяў у 16 годзе. У першую імпэрыялістычную. Ім давалі паходны іканастас. Гэта трэцяя створка, Івана Хрысьціцеля. Я ў сьмецьці знайшоў”.

Падчас вандровак па Беларусі мне ня раз даводзілася гутарыць зь вельмі старымі людзьмі. Але Іван Францавіч Стужынскі — асаблівы доўгажыхар. Востры позірк, моцны голас. Ні за што не здагадаесься, што спадару Івану 25 сакавіка споўніцца 101 год. У 1919 годзе, хлопчыкам, спадар Стужынскі быў узяты ў абоз Чырвонай Арміі, якая наступала на Варшаву. І пасьля разгрому самастойна вярнуўся дахаты. Маладзёнам у кавалерыі ваяваў супраць немцаў, быў паланёны і ўцёк з палону на радзіму.






Карэспандэнт: “А вы памятаеце Першую сусьветную вайну?”

Іван: “Чаму ж ня памятаю. Помню ўсё. Мне было сем гадоў. Я пачынаў хадзіць у школу. Сьвятла ж не было. Керасінавыя лямпы былі. Мы першыя ў 13-м займелі лямпу. Керасінавую. І вось да нас зьбіраліся людзі, у нашу кватэру. Зьбяруцца чалавек дваццаць з нашай вёскі. Зьбяруцца людзі, прачытваюць усякія брашуркі, газэт мала было ў той час. Біблія, духоўныя чытаньні. І апісаньні былі, што будзе. І людзі зьбяруцца. Адзін чытае, а ўсе слухаюць. Што будзе на сьвеце. І ўсё ведалі. Што сёньня робіцца, усё чыста прачытвалі”.

Карэспандэнт: “Без тэлевізара”.

Іван: “Адзін за другога за грудкі браліся. “Ты дурань, ня верыш!” — “Быць ня можа!” — “Будуць машыны вогненныя па вёсцы! Да хуткасьці разьбівацца”. — “Быць ня можа!” — “Пойдуць з торбамі ўсе па-жабрацку!” І бяруцца за грудкі. “Ты дурань”. — “Ты дурань”. А цяперака глядзіце, усе пайшлі з сумкамі ў нас. Усе ідуць з сумкамі. З торбамі”.

Што ён меў на ўвазе? Я ня стаў напружваць вельмі старога чалавека, які бачыў, як зьмянялася Беларусь ад керасінавай лямпы да Інтэрнэту. А так і засталася з торбай.

Сын Івана Францавіча Рамуальд на фоне стогадовага бацькі выглядае маладзёнам. Ён адваяваў у Палачанах касьцёл. Храм месьціцца ў доме, які саветы канфіскавалі ў сям’і, рэпрэсаванай у 1939-м, каб зрабіць тут калгасную кантору.






Рамуальд: “Тут пустое месца было. А пасьля калгасная кантора тут была. Адабралі ў нейкага чалавека, канфіскавалі дом. Яны гэты дом узялі, паставілі сюды і зрабілі кантору”.

Карэспандэнт: “Сёньня касьцёл знаходзіцца ў сьценах, дзе жыла рэпрэсаваная сям’я...”

Рамуальд: “Гэта была высланая сям’я. Ня ведаем, адкуль гэты дом прывезены. Па архітэктуры звонку ён атрымаўся ня надта. Але ўсярэдзіне атрымалася акустыка добрая. Збудавалі мы яго за адзін год. Я ўмею маляваць. Тут і абраз сьвятога Роха я намаляваў. Усе працы, што ёсьць у касьцёле, гэта ўсе мае”.

Карэспандэнт: “Вы можаце пра сябе сказаць, што вы шчасьлівы чалавек?”

Рамуальд: “Вельмі шчасьлівы. Што Бог мяне адарыў такімі талентамі. Я вельмі ўдзячны Богу за такі дар”.






У бібліятэцы мяне прынялі вельмі неласкава. Бібліятэкаркі, заўжды такія гаваркія, гэтым разам сустрэлі мяне, як акупанта. Прычына — анэкдатычная. Але сьведчыць яна і пра тое, што і тутэйшым дзецям хочацца рамантыкі і містыкі. Школьніца зь Літвы напісала ў мясцовую газэту нататку пра бібліятэку і дала волю фантазіі. З-за чаго бібліятэкарка незалюбіла ўсіх, хто піша. Яна дала мне той нумар і загадала чытаць.

Карэспандэнт: “Раптам на паліцы нешта зашамацела. Затым адна кніга аддзялілася ад астатніх і завісла ў паветры. Старонкі яе сталі самі па сабе перагортвацца. Жанчына спужалася, кінула незачыненай бібліятэку і пабегла на вуліцу. Праўда гэта ці хтосьці прыдумаў, ня ведаю. Але ўсё адно страшна”. А што гэта?”

Бібліятэкарка: “Нічога. Я тут болей за 20 гадоў прарабіла. Ніводная кніга з паліцы не ўцякла. Людзі прыходзяць, за галаву хапаюцца. “Слухай, як ты тут сядзіш, у бібліятэцы?” Цяпер ніякіх інтэрвію. Навошта такое было пісаць? Я не пісала і пісаць абвяржэньне ня буду. Але я з гэтай газэтай яшчэ ў Менск паеду”.

Карэспандэнт: “А чаму вы пакрыўдзіліся?”

Бібліятэкарка: “Слухайце, мне з усіх раёнаў звоняць. Зь Вілейкі звоняць, з Барысава звоняць, з Валожына звоняць. “Што ў цябе ў бібліятэцы робіцца?” Мяне ад работы адрываюць. Людзі свае праходу не даюць, палачанскія”.

Карэспандэнт: “Карацей, дзяўчынка ўзарвала інфармацыйную бомбу”.

Бібліятэкарка: “Тэлефон гарэў”.

80-гадовая Яўгенія Чаплінская — патомная настаўніца, беларуская інтэлігентка старога гарту. Сівая прыгожая старая з маладым голасам і мудрымі вачыма. Яна вывучыла не адно пакаленьне дзяцей зь Літвы і ваколіцаў. І найперш намагалася прывіць ім пачуцьцё беларускасьці.






Яўгенія: “Як была малая, мяне бацька навучыў. Гэта я маленькая была, у школу не хадзіла. “Адвеку мы спалі і нас разбудзілі. Сказалі, што трэба нам жыць”. Але бацька памёр, мне і дзесяці гадоў не было”.

Карэспандэнт: “Гэта ў якім годзе ён вам такія вершыкі расказваў?”

Яўгенія: “У трыццатым. Ён быў сьвядомы беларус”.

Карэспандэнт: “А адкуль бралася сьвядомасьць?”

Яўгенія: “Можа, таму, што чалавек быў разьвіты. Гены беларускія ажылі. Ён быў настаўнікам расейскім”.

Карэспандэнт: “На Вашу думку, 39 год — для Беларусі гэта было дабро ці ліха?”

Яўгенія: “Добра было тое, што злучана. Наша моладзь трохі чакала бальшавікоў. Маме пагражалі. Нават дзеці пакідалі на стале запісачку, “З агнём паляціш!” Бо пані ж! Пані наўчыцелька. Трэба зьнішчаць. Бачылі, як яны прыйшлі, бедныя. Коньніца. Такія страшныя коні, а салдаты так дрэнна адзетыя. Мне здавалася, што яны ў каптанох. Нашы беларусы насілі каптаны шарачковыя. Пасьля польскай арміі. Спачатку былі, нібыта, рады людзі. А тады пачалі расчароўвацца. Выбары былі першыя. У мясцовыя саветы. Людзі ўбачылі несправядлівасьць. Панапісвалі на гэтых бюлетэнях “Нех жые Польска!”

Карэспандэнт: “Акцыя пратэсту”.

Яўгенія: “А хто ня ўмеў пісаць, закрэсьлівалі. Камісія была, адны старыя. Як там было зроблена? Дзевяноста дзевяць і дзевяць дзясятых. Пры Польшчы не было такога падману. Гэта было надта непрыемна”.

Ад тых часоў у беларускіх выбарах зьмянілася няшмат. Хіба толькі замест “Нех жые Польска” можна напісаць “Жыве Беларусь”. Што, зрэшты, таксама вынік.

XS
SM
MD
LG