Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Cвяты Хрыстафор” граў “За нашу і вашу свабоду”


У Менскай фільгармоніі выступіў камэрны аркестар Cвятога Хрыстафора Віленскага муніцыпалітэту.


Імпрэза быў прысьвечаны 90-годзьдзю аднаўленьня літоўскай дзяржавы. Ладзіла імпрэзу амбасада Літвы ў Беларусі.

Выступае амбасадар Літвы спадар Багдонас

Перад канцэртам да прысутных зьвярнуўся амбасадар Літвы Эдмінас Багдонас:

“Мы ня проста суседзі. Мы шмат стагодзьдзяў жылі ў адной дзяржаве, баранілі адну радзіму, будавалі наш агульны дом — Вялікае Княства Літоўскае. Ліцьвінамі называлі грамадзян нашай агульнай Айчыны. Законы пісалі і Біблію чыталі на старабеларускай мове. Сёньня паміж намі дзяржаўныя межы. Але Вільня, Літва ашчадна захоўвае кожны куточак беларушчыны як свой родны. За наша шчырае сяброўства і добрасуседзтва! За нашу і вашу свабоду!”

У канцэртнай праграме камэрнага аркестру сьвятога Хрыстафора былі творы Бакерыні, Чурлёніса, Чайкоўскага, П’яцолы, а таксама сучасных літоўскіх кампазытараў. Некаторыя творы прэзэнтаваў сам маэстра – прафэсар Данатас Каткус, як і твор сучаснай літоўскай кампазытаркі Рамінты Шэркшнітэ:

“Гэта адзін зь першых твораў. “De Profundis”. Гэта нейкая экалягічная тэма. “De Profundis” — гэта для паміраючай птушкі”.

Сярод гледачоў — пісьменьнік Уладзімер Арлоў. Ён кажа, што прыемна ўражаны канцэртам, яму спадабаліся ўльтрасучасныя, мадэрновыя творы:

“У час гэтага канцэрту мне неаднаразова ўяўлялася, як бы мы маглі адзначаць 90-годзьдзе БНР, калі б яно зьдзейсьнілася. Але абсалютна ўпэўнены, што недалёкі той час, калі мы зь сёньняшнімі юбілярамі, летувісамі сустрэнемся ў аб’яднанай Эўропе, нягледзячы на даволі змрочныя словы намесьніка міністра замежных спраў Беларусі пра тое, што ў добрых суседзяў павінен быць надзейны плот”.

Маэстра Данатас Каткус

Пасьля канцэрту гутару з маэстра Данатасам Каткусам. Яго аркестар дае ля 80 канцэртаў у год, вядомы ў розных краінах сьвету. Чаму ён так рэдка выступае ў Беларусі?

“Вы ведаеце, вельмі цяжка праехаць мяжу. І нехта павінен запрасіць. Наагул, мы вельмі сябруем зь мясцовай фільгармоніяй. Вельмі такія інтэлігентныя, культурныя людзі. І мы вельмі шмат робім для беларускай музыкі, беларускай культуры, каб яе прэзэнтаваць у Літве. Культура іншы раз бывае ў ізаляцыі. Яна хаваецца іншы раз, а людзі вельмі таленавітыя, цудоўныя калектывы, добрая музыка. Вось стараемся. Я кірую летнім фэстывалем Хрыстафора. Дык мы там штогод запрашаем каго-небудзь зь Беларусі. У наступным годзе я таксама хачу прэзэнтаваць беларускую музыку, бо мы будзем цэнтрам Эўропы па культуры”.

XS
SM
MD
LG