Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дом літаратара: Язэп Янушкевіч, Уладзімер Сіўчыкаў, Ганна Кісьліцына


Радыё Свабода, эфір 16 лютага, субота


КНІГАРНЯ

ЯЗЭП ЯНУШКЕВІЧ: “ПІНСКАЯ ШЛЯХТА” БУДЗЕ ПАСТАЎЛЕНАЯ НА ЭЎРАПЕЙСКІХ СЦЭНАХ!”


У выдавецтве Віктара Хурсіка выйшаў том “Клясыка”, у якім пад адной вокладкаю суседнічае камэдыя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча “Пінская шляхта” і паэма Кастуся Вераніцына “Тарас на Парнасе”. Абодва творы пададзеныя ў арыгінале і ў перакладзе на некалькі эўрапейскіх моваў. З укладальнікам тому, літаратуразнаўцам Язэпам Янушкевічам гутарыць Валянціна Аксак.

Валянціна Аксак: “Спадар Янушкевіч, у адным з інтэрвію вы сказалі, што Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч стварыў ня толькі цікавы сюжэт “Пінскай шляхты”, але і прыдумаў сваім героям мову, якая нібыта паляшуцкая, але, паводле вашых зьвестак, сярод трыццаці дзьвюх гаворак паляшуцкага рэгіёну мовы, якой карыстаюцца героі “Пінскай шляхты”, няма. А кім і калі гэтая камэдыя была пераствораная на сучасную беларускую літаратурную мову?”

Язэп Янушкевіч: “Гэты твор Дуніна-Марцінкевіча наогул зьяўляецца для нас найбольш таямнічым. “Пінская шляхта” была напісана аўтарам у Люцінцы ў 1866 годзе. Праз дваццаць зь нечым гадоў малады гісторык Доўнар-Запольскі спрабаваў апублікаваць яе ў “Календаре Северо-Западного края” на пінскім “наречии”, як тады пісалі. Але з цэнзурных меркаваньняў твор быў забаронены. Упершыню “Пінская шляхта” прыйшла да чытача толькі пасьля ўтварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе. Апублікаваў яе Язэп Лёсік, які зьяўляўся рэдактарам газэты “Вольная Беларусь”. Там была кароткая пазнака, што камэдыя “Пінская шляхта” напісана Вінцуком Дуніным-Марцінкевічам на пінскай гаворцы, і што твор гэты адаптаваны для друкаваньня, а рэдакцыя “Вольнай Беларусі” думае выдрукаваць і аўтэнтык гэтага твору”.

Аксак: “У кнізе пададзены пераклад гэтай камэдыі на эўрапейскія мовы – польскую, нямецкую, ангельскую і расейскую. На каго яны разьлічаны?”

Янушкевіч: “Клясыка – яна таму і клясыка, што запатрабаваная ня толькі на радзіме, але павінна быць запатрабаваная і іншымі культурамі. Яшчэ толькі калі рыхтаваўся ангельскі пераклад, пачаліся спробы паставіць камэдыю на славутым Эдынбургскім тэатральным фэсьце ў Вялікабрытаніі. І мы яшчэ прычакаем, што “Пінская шляхта” будзе пастаўлена ў Бэрліне ці нават у Венскай опэры. Што ж да польскай вэрсіі, яна выканана прапраўнучкай Дуніна-Марцінкевіча Барбарай Крыжаньскай-Чарнавескай. І я свой уступ прысьвяціў памяці гэтай Вінцэнтавай прапраўнучкі, паэткі і перакладчыцы. Гэта яна падбіла мяне на тую задуму, каб “Пінская шляхта” выйшла за абсягі аўтэнтыка ці беларускай мовы”.

Аксак: “Выхад твораў Дуніна-Марцінкевіча за абсягі ўласна Беларусі – гэта, канечне, прыемна. Але вось нашаму карэспандэнту землякі знакамітага Вінцэнта, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры гаварылі, што ягоных твораў няма ў школьных бібліятэках, ня могуць яны набыць іх і ў кнігарнях. А на ўрадавай вечарыне, прысьвечанай 200-годзьдзю Дуніна-Марцінкевіча, намесьнік міністра культуры Віктар Кураш казаў, што творы славутага клясыка перавыдаваліся ў Беларусі дванаццаць разоў. Тым ня менш, іх нідзе няма. Наклад вашага выданьня – толькі 200 асобнікаў – кардынальна не палепшыць сытуацыі. Чаму такі мізэрны наклад?”

Янушкевіч: “Бясспрэчна, наклад такой кнігі мог быць і большым. Будучы сябрам урадавага аргкамітэту па сьвяткаваньні юбілею Дуніна-Марцінкевіча, я ведаў пра міжнародную дапамогу Беларусі ў гэтай справе ад UNESCO, ведаў, што на правядзеньне сьвяточных мерапрыемстваў выдаткавана значная сума. Я палічыў абавязкам як літаратар, што няхай мы можа дзесьці сьціплей адзначым юбілей на банкеце, але будзе добра, калі пасьля банкету назаўтра-пасьлязаўтра можна ўзяць у рукі рэчавы доказ ад юбіляра. Такім вось чынам мы й выдалі, колькі змаглі...”

Аксак: “Не магу не задаць пытаньня пра музэй у Люцінцы, дзе Дунін-Марцінкевіч напісаў і “Пінскую шляхту”, і іншыя свае знакамітыя творы. Вы нядаўна казалі ў інтэрвію нашаму радыё, што там няма музэю, што ён яшчэ не пачынаў стварацца. Але вядомы культуроляг Алесь Белы цьвердзіць, што ў адной з адноўленых сядзібаў на ўскрайку Люцінкі ён зь сябрамі грамадзкага аб’яднаньня “Гісторыка” адкрыў такі музэй. Дык унясіце, калі ласка, яснасьць з музэем Дуніна-Марцінкевіча ў Люцінцы”.

Янушкевіч: “Тое, што зрабіў там цяпер Алесь Белы, – прыватная ініцыятыва. Але мяне турбуе аўтэнтычнае вырашэньне музэйнага пытаньня. Музэй Дуніна-Марцінкевіча можа паўстаць толькі на тым падмурку ад ягонага дому, які захаваўся ў вёсцы Малая Люцінка. Я веру, што такому музэю – быць! Дунін-Марцінкевіч, як заснавальнік нашай літаратуры, ня можа заставацца на Бацькаўшчыне бесхацінцам!”

КРЫТЫКА

ГАННА КІСЬЛІЦЫНА. ШЛЯХ ЕВЫ ВЕЖНАВЕЦ

Ева Вежнавец. Шлях дробнай сволачы. Сэрыя “Кнігарня Наша Ніва”, наклад 1000 асобнік., 152 стар.


Аднойчы на прэзэнтацыі кнігі, цяпер ня мае значэньня – якой, аўтар атрымаў пытаньне з залі. “Скажыце, як нам жыць?”

Ня ведаю, як пісьменьніку, а мне дык яно перавярнула душу – ня столькі таму, што асабіста мне здавалася, што чытачы даўно перасталі ўспрымаць творцаў як носьбітаў звышведаў, альтэрнатыўнага сьветагляду ці, хаця б, дробнай праўды жыцьця. А таму што і самі майстры слова канчаткова забылі пра тое, што нехта чакае ад іх такога – разабрацца ў складанасьцях жыцьця, падзяліць чорнае і белае, падтрымаць ці асудзіць сілаю прыкладу. Аднак абсалютна відавочна, што чытач усё яшчэ чакае – калі не накірунку руху, то хаця б спагады… А атрымлівае альбо пазбаўлены ўсякай душэўнасьці ўльтраавангард, альбо бясконцыя рэфлексіі пісьменьнікаў-аўтыстаў, чые самакапаньні пры ўсім жаданьні немагчыма прыстасаваць да ўласнага жыцьця – у сілу поўнай адсутнасьці тыпізацыі.

Мяне гэта напраўду хвалюе – зьнікненьне зь літаратуры тыповага. Я не пазнаю свайго вобразу – і гэта яшчэ можна зразумець, але я ня бачу і іншых чалавечых характараў, тых, зь якімі я магла б атаясаміць сяброў і знаёмых, далёкіх і блізкіх… Выключэньне складае хіба што проза Евы Вежнавец, кніга якой “Шлях дробнай сволачы” выйшла ў сэрыі “Кнігарня Наша Ніва” пад самыя Каляды, явіўшы сабой цуд для тых, хто даўно чакаў гэтага выданьня.

“Шлях…” складаецца зь дзевяці твораў, апавяданьняў і аповесьці, напісаных цягам дзевяці гадоў – з 1997 па 2006-ы. Такая вялікая часавая адлегласьць дазваляе ня толькі прасачыць зьмены, якія адбыліся з самой аўтаркай (на мой погляд, яна памякчэла і набыла душэўны спакой, хоць усё адносна, асабліва калі ўлічыць, што назіраньні мае грунтуюцца на тэкстах, а не на асабістым знаёмстве), але і трансфармацыю, якую вытрымалі яе творы. Калі тое, што пісалася ў канцы 90-х, адрасавана чытачу элітарнаму, адмыслова выведзенаму ў выніку нацыянальна-культурнай сэлекцыі, спэцыфіка якой палягае ў тым, што аўтар і адрасат існуюць у адной, даволі замкнёнай прасторы, прасторы культурнага гэта, са сваёй геаграфіяй, мовай, рытуаламі і, зразумела, каштоўнасьцямі, то напісанае ў сярэдзіне новага дзесяцігодзьдзя зацікавіць і чытача масавага – ня столькі аматараў Данцовых і Акуніных, колькі сталых падпішчыкаў беларускамоўнай прэсы – ад “Зьвязды” да “Нашай Нівы”.

Для мяне, як для чытача, была бліжэйшай раньняя Ева Вежнавец зь яе батлеечнымі прыёмамі і экзальтаванымі гераінямі (“Мы два хохлікі”, “Лялечка-балетніца – каралева–сплетніца”), але я не магу не аддаць належнага і праўдзівасьці яе апошніх, амаль публіцыстычных, твораў – апавяданьня “Агенцыя “Шчасьце” і аповесьці “Шлях дробнай сволачы”.

Аўтарка нарэшце ўпісалася – не зжылася і ня звыклася, а менавіта ўпісалася ў свой народ, абагулены вобраз якога падаваўся раней выключна ў іранічным ключы, вызначыўшы ня толькі ў жыцьці, але і ў пісьменстве, сваё месца, як сярэдзінны шлях.

“Калі праўда распаўзаецца, як старая мешкавіна, гэта ясная прымета, што вы ступілі на шлях “сяожэнь” – дробнай сволачы. Так гаворыцца ў маім падручніку па фэн-шуй. Па-беларуску гэта гучыць так: усе маюць рацыю. Або трэба жыць як набяжыць. Драбіць праўду на некалькі й выбіраць сваю. На шляху сяожэнь валяецца шмат дабротаў, можна падабраць, толькі галаву схілі, пад ногі глядзі. Але нават набраўшыся ўсяго, застанесься жамярынаю, якая валачэ груз, у некалькі разоў большы самую. Праўда, па-за шляхам дробнай сволачы ёсьць шлях героя, аднак гэта занадта вялікая адказнасьць. Вунь адзін узвышаецца над сяожэнь. Да яго і галаву падымаць брыдка…”

Трэба прызнацца, што праўда Евы Вежнавец – маю на ўвазе ня толькі сфармуляванае ёю у працытаваным урыўку, але і наогул аўтарскі погляд на сьвет і чалавецтва – мне даволі чужая. Магчыма, з-за рознасьці досьведу, магчыма, у сілу нейкіх генэтычна-біялягічных асаблівасьцяў. Я не разумею і не прымаю мізантропаў па жыцьці, а Ева Вежнавец – мізантроп у квадраце, мізантроп цэласны, пасьлядоўны і нават дэкляратыўны. Але сіла яе мастацкага перакананьня такая, што, чытаючы яе тэксты, не-не ды і пагаджуся: жыцьцё – выграбная яміна, існаваньне ў якой ня болей, чым варушэньне чарвей.

Аднак сіла гэтага агульнага вобразу якраз у тым, што ён дае надзею – у нас, тутэйшых, нацыі, чалавецтва, выбірайце! – ёсьць на чым расьці, і няма куды падаць. І хоць цяжка знайсьці месца, дзе б у аўтаркі была гэтая думка сфармуляваная, гэта гучыць з кожнай старонкі, з кожнага правакатыўнага радка. Вы маеце права на лепшае жыцьцё, дык працуйце – над сабой і сьветам… Менавіта так я чытаю яе глыбока сугестыўны пісьменьніцкі мэсыдж. Яму верыш менавіта таму, што ён ня просты, а глыбока схаваны – за ўскладненым пісьмом, за вонкавай мізантрапіяй, за выкрунтасамі ўласнага, дастаткова незгарманізаванага жыцьця аўтаркі, апантанай пошукам свайго месца пад сонцам. Яна шукае адказаў для сябе, а знаходзіць – для другіх. Ёй верыш, бо яна не баіцца прызнацца ў сваёй недасканаласьці, а яшчэ таму, што гаворыць на сапраўднай чалавечай мове – ня кніжнай, ня мёртвай, ня вымучанай, а сапраўднай – на мове вашай учарашняй гутаркі на варыўні…

На мой погляд, кніга “Шлях дробнай сволачы” мае толькі адзін недахоп – ня усе творы, напісаныя Евай Вежнавец, у яе ўвайшлі.

АЎТАР І ТВОР

УЛАДЗІМЕР СІЎЧЫКАЎ: “ЗМАГАНЬНЕ ЗА ГІСТОРЫЮ ЖОДЗІНА ІШЛО ПЯЦЬ ГАДОЎ”


Прыканцы мінулага году выдавецтва “Радыёла-плюс” ажыцьцявіла факсымільнае выданьне першага нумару часопісу “Ўзвышша”. На яго старонках у 1920-я гады мінулага стагодзьдзя ўзгадавалася цэлая плеяда выдатных аўтараў, а іх творы даўно сталі клясыкай беларускага прыгожага пісьменства. Са згадкі пра гэты выдавецкі праект і пачалася гутарка Міхася Скоблы з дырэктарам выдавецтва, пісьменьнікам Уладзімерам Сіўчыкавым.

Міхась Скобла: “Уладзімер, мяркуючы па калекцыйным накладзе, “Узвышша” наўрад ці прынясе выдавецтву вялікія прыбыткі. Дык дзеля чаго вы ўзяліся за гэты праект?”

Уладзімер Сіўчыкаў: “Мы вырашылі зрабіць падарунак аматарам прыгожага пісьменства. Ажыцьцявілі мы гэты праект разам з выкладчыкам БДУ Паўлам Навуменкам, яму тут належыць ініцыятыва. Факсымільнае выданьне першага нумару “Ўзвышша” – адказ і на патрэбы сёньняшняга часу. Студэнтам, асьпірантам, настаўнікам і выкладчыкам (хоць бы праз бібліятэкі) патрэбнае гэтае выданьне, бо, з аднога боку, у яго ўвайшлі многія творы, што патрапілі ў залаты фонд нашага прыгожага пісьменства, а, з другога боку, апублікаваныя ў ім праграмныя дакумэнты – Заява і Статут літаратурнага згуртаваньня. Апрача гэтага, хацелася падоўжыць слаўную традыцыю факсымільных выданьняў (ці перавыданьняў) беларускіх кнігаў і газэтаў. На маёй кніжнай паліцы стаяць “Вянок” Максіма Багдановіча, “Спадчына” Янкі Купалы, “Песьні-жальбы” Якуба Коласа, “Матчын дар” Алеся Гаруна, “Пад сінім небам” Натальлі Арсеньневай, “На этапах” Максіма Танка, “Наша Ніва” і іншыя выданьні, якія сталі рарытэтамі”.

Скобла: “Літаб’яднаньне “Узвышша” праіснавала няпоўных пяць гадоў. Але сапраўды, дзясяткі твораў, надрукаваных на яго старонках”, сталі нацыянальнай клясыкай. Я маю на ўвазе насамперш імёны Кузьмы Чорнага, Зьмітрака Бядулі, Уладзімера Дубоўкі, Андрэя Мрыя, Уладзімера Жылкі… Чым вы патлумачыце фэномэн “Узвышша”?”

Сіўчыкаў: “Быў фэнамэнальны час і ён вымагаў фэнамэнальных твораў, фэнамэнальных падзеяў. Падобныя рэчы назіраліся ня толькі ў Беларусі. У 20-я гады ў Маскве літаб’яднаньне “Перевал” выдавала часопіс “Красная новь”, а ў Кіеве выходзіў часопіс “ВАПЛіТЕ”, што азначала “Вільна академія пролетарской літератури та эстетикі”. Фэномэн “Узвышша”, мусіць, трэба тлумачыць і тым, што беларуская нацыя на той час, канец 20-х гадоў мінулага стагодзьдзя, арганічна сасьпела да такой літаратурнай зьявы, да такога выбуху, якім зьявілася літаб’яднаньне “Ўзвышша” і аднайменны часопіс.

Скобла: “І яшчэ адна тэма, да якое вы маеце непасрэднае дачыненьне. Сёлета горад Жодзіна будзе адзначаць не юбілейную, але спаважную дату – 365 гадоў з часу заснаваньня. А лічылася, што гэты горад – адзін з самых маладых у краіне. Колькі часу пайшло на тое, каб гарадзкія ўлады зразумелі, што Жодзіна – зусім не раўналетак БелАЗу?”

Сіўчыкаў: “Змаганьне за гісторыю Жодзіна ішло гадоў пяць. У ініцыятыўную групу ўваходзілі дырэктарка Жодзінаўскага краязнаўчага музэю Галіна Аніскевіч, мой калега пісьменьнік Алесь Аркуш і ваш пакорлівы паслужэнец. Нам удалося знайсьці гістарычныя дакумэнты, найперш згадку пра Жодзіна (тады – Багуслаў Поле) ў Смалявіцкім інвэнтары за 1643 год. Захоўваецца гэты дакумэнт у Гістарычным архіве, што месьціцца ў Менску на вуліцы Крапоткіна. Пасьля знаходкі было вельмі няпроста пераканаць гарадзкія ўлады і адміністрацыю БелАЗу, што Жодзіну ня 45, а 365 гадоў”.

Скобла: “А як начальства ўспрыняло ваш “замах на сьвятое” – на “белазаўскую” гісторыю гораду?”

Сіўчыкаў: “З тагачасным дырэктарам БелАЗу Паўлам Марыевым былі даволі складаныя гутаркі. Ён – нараджэнец Яраслаўшчыны, прыехаў у Беларусь па ўсесаюзным разьмеркаваньні і гаварыў прыблізна так: навошта нам гэты паляк Багуслаў Радзівіл? Гісторыя гораду пачынаецца з падмуркаў БелАЗу. Яе, маўляў, і трэба прапагандаваць. Але памянялася кіраўніцтва і заводу, і гораду. Цяперашні кіраўнік гарадзкой адміністрацыі – Васіль Іванавіч Грышчанка. А перад гэтым ён працаваў у Нясьвіжы, і таму, безумоўна, ведае, хто такія Радзівілы. Ён меў непасрэднае дачыненьне да адкрыцьця Нясьвіскай карціннай галерэі, адкрыцьця многіх бюстаў і рэстаўрацыі архітэктурных помнікаў”.

Скобла: “Я так разумею, што да гэтай нечаканай для месьцічаў даты ваша выдавецтва “Радыёла-плюс” выпусьціла мастацкі альбом “Жодзінцы”, куды ўвайшлі творы мастакоў, якія маюць дачыненьне да Жодзіна. Дык мо прыйшоў час адчыняць у горадзе сваю карцінную галерэю?”

Сіўчыкаў: “Жодзінцы” – літаратурна-мастацкае выданьне, у ім арганічна зьнітаваная творчасьць жодзінскіх мастакоў і літаратараў. Мы таксама ладзім перасоўныя выставы. Першая такая выстава адбылася ў лістападзе мінулага году ў гарадзкой бібліятэцы Жодзіна. “Жодзінцаў” пабачылі ўжо Полацак (там выдатная карцінная галерэя), Горкі, Лагойск і Менск. Але вы маеце рацыю: адна з нашых мэтаў – дамагчыся адкрыцьця ў Жодзіне сваёй галерэі. Бо, па маіх падліках, на душу насельніцтва ў Жодзіне прыпадае немалая колькасьць мастакоў, паводле гэтага крытэру горад уваходзіць у першую дзясятку. Так што патрэба ў сваёй галерэі даўно насьпела”.

УЛАДЗІМЕР СІЎЧЫКАЎ. З НОВЫХ ЗАПІСАЎ

ПЫТАНЬНІ КРЫВІ


Мабыць, слушная жончына здагадка-азарэньне: напэўна ж, нездарма апынулася ў Парыжы беларуская дзяўчына Надзея Хадасевіч зь мястэчка Зембін. Хутчэй за ўсё, паклікала яе ў Францыю кроў. Паклікалі тыя кропелькі гальскае крыві, якія пацяклі, запульсавалі ў жылах яе продкаў на пачатку дзевятнаццатага стагодзьдзя, пасьля таго, як на Барысаўшчыне некалькі месяцаў кватаравалі напалеонаўскія войскі. Пад Зембіным і дагэтуль стаіць так званы Напалеонаў дамок...

Дык ці не да далёкіх сваякоў выправілася на пачатку дваццатага стагодзьдзя Надзея з надзеяй, ці нават з пэўнымі гарантыямі?

Мабыць, была пэўная наканаванасьць і ў тым, што сталася яна навучэнкаю, а потым і жонкаю, стваральніцай музэю і захавальніцай творчай спадчыны славутага францускага кераміста і манумэнталіста Фэрнана Лежэ?!

Як казаў адзін з булгакаўскіх герояў: ”Пытаньні крыві – самыя складаныя пытаньні ў сьвеце”.

АЛЬТЭРНАТЫВА

Часам нядобразычліўцы, што беспамылкова адчуваю па інтанацыях, пытаюцца:

– А ў якім вы пісьменьніцкім саюзе, Уладзімер Мікалаевіч?

– У адзіна правільным і самым сапраўдным, у тым самым, які быў утвораны ў 1932 годзе на загад Іосіфа Вісарыёнавіча Сталіна. У тым, у які ўваходзілі народныя паэты й пісьменьнікі Янка Купала і Якуб Колас, Аркадзь Куляшоў і Максім Танк, Міхась Лынькоў і Іван Мележ, Васіль Быкаў і Янка Брыль...

Адказ гэты, як правіла, аказваецца вычарпальным і не вымагае дадатковых камэнтароў правакатарам.

НАШЫ ДАТЫ

Выступаў разам з бардам Зьмітром Бартосікам і ягоным малодшым калегам Паўлам Кузічам на літаратурна-мастацкай імпрэзе ў Смалявіцкай школе № 3.

“Колькі гадоў, – спытаўся ў старшаклясьнікаў, – вашым родным Смалявічам?”

І пачуў у адказ нясьмелыя выгукі: “Сорак...”, “Шэсцьдзесят...”

Прыкра і балюча, бо насамрэч вядомыя Смалявічы больш за пяць з паловаю стагодзьдзяў. Прынамсі, першая пісьмовая згадка пра іх датуецца ажно 1448 годам! Вядомы быў горад спачатку як уласнасьць крэўскага намесьніка Алёхны Даргіевіча. Пазьней належаў ён выбітнаму ваяру Канстанціну Астроскаму, славутым магнатам Радзівілам, імпэрскім графам Вітгенштэйнам і князям Гагэнлёэ...

Мімаволі згадаліся культуртрэгерскія словы нараджэнца Яраслаўшчыны, колішняга дырэктара БелАЗу Паўла Марыева пра князя Багуслава Радзівіла: ”Навошта нам гэты паляк?! Гісторыю Жодзіна трэба весьці з канца пяцідзесятых гадоў, ад таго часу, як сюды прыехалі мы і пачалі будаваць аўтазавод!”

Колісь бальшавікі былі больш шчодрыя і дазвалялі беларусам лічыць сваю гісторыю ад іхняй Кастрычніцкай рэвалюцыі...




XS
SM
MD
LG