Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Усё роўна давядзецца плаціць, бо свайго газу ня маем...”


У інтэрвію агенцтву "РИА Новости" і тэлеканалу "Russia Today" Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Расея пагражае падвойным падвышэньнем коштаў на газ для Беларусі на працягу 2008 году. Наш карэспандэнт пытаўся ў мінакоў на вуліцах Горадні, да чаго, на іх думку, гэта можа прывесьці.


Хлопец: “Думаю, што яны будуць гэта рабіць, паколькі рыторыка апошніх гадоў расейскай дзяржавы зводзіцца толькі да канфрантацыі з усім сьветам, і больш нічога”.

Спадар: “Вядома, што калі Расея захоча гэта зрабіць, то яна гэта зробіць. А якое выйсьце для нас? Трэба шукаць іншыя крыніцы пастаўкі газу, без Расеі. Усё ж ішлі, ішлі мы разам, але з гэтага нічога не атрымліваецца...”

Дзяўчына: “Ну й што, будзем плаціць у два разы болей”.

Карэспандэнт: “А эканоміка наша здолее вытрымаць такія кошты?”

Дзяўчына: “Я ня ведаю. Вось ён прэзыдэнт, ён і павінен нешта прыдумаць”.

Хлопец: “Эканоміка й так ужо развальваецца, і гэта факт...”

Спадар: “Усё роўна нам давядзецца плаціць, паколькі свайго газу ня маем. Ня ведаю, як гэта будзем рабіць, але ёсьць жа ў сьвеце і меншыя краіны, і нейкім чынам плацяць і праблем ня маюць...”

Спадар: “Цяжка сказаць, што будзе далей. Нешта ён няправільную палітыку праводзіць, незразумелую. Таму й цяжка сказаць, што будзе. Адзінае, думаю, што дрэнна будзе...”

Хлопец: “Нічога добрага ня будзе. І так ужо столькі тут усяго панараблялі ў Беларусі, што нават ня ведаеш, што будзе заўтра. Як на мой розум, па-сапраўднаму гэта нікога не хвалюе. Галоўнае, каб там, “наверсе”, было ўсё добра, а пра людзей у нас не падумаюць, яны ж “багатыя”, перажывуць...”

Спадар: “Цэны пойдуць угару — вось што будзе”.

Карэспандэнт: “Вы лічыце, наша эканоміка здолее вытрымаць такія падвышэньні коштаў на энэргарэсурсы?”

Спадар: “А куды дзенесься? Нікуды ня дзенесься”.

Ягоны сябра: “Заробкі зьменшацца, узровень жыцьця ўпадзе, жыць будзем горш”.

Спадар: “Будзем плаціць, бо задарма ніхто ня дасьць. Там жа, тым больш, ужо не сацыялізм, а капіталізм, усё прыватнае. І чхалі яны на брацкія народы, ім грошы патрэбныя”.

Спадар: “Нафта 5—10 гадоў каштавала ў 2—3 разы таньней у сьвеце, а зараз за бочку аддаюць больш за 100 даляраў і працуюць. І мы будзем працаваць. Адзінае, без прынцыповых зьменаў нам не абысьціся, а яны будуць балючымі для нашага грамадзтва. Вы ж паглядзіце, зараз на нашых прадпрыемствах вельмі шмат людзей, якіх там быць не павінна”.
XS
SM
MD
LG