Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: суд не задаволіў скаргу прафсаюзных актывістаў


Калегія Магілёўскага абласнога суду не задаволіла касацыйную скаргу прафсаюзных актывістаў Юрыя Новікава й Сяргея Фаміна. Яны прасілі адмяніць пастанову Ленінскага суду Магілёва, які 27 сьнежня не задаволіў іх прэтэнзіяў да кіраўніка справаў гарвыканкаму Ігара Аўсеенкі. Гэты чыноўнік забараніў праводзіць пікет за вызваленьне Аляксандра Казуліна.


На калегіі актывісты назвалі пастанову Ленінскага суду неабгрунтаванай.

“Свой вырак судзьдзя Валянціна Лапаціна вынесла на падставе закону “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”, але праігнаравала нормы Грамадзянскага кодэксу Беларусі, які рэгулюе зносіны людзей з чыноўнікамі. Суд ухіліўся ад таго, каб даць прававую ацэнку дзеяньням кіраўніка справаў гарвыканкаму, які перавысіў службовыя паўнамоцтвы ды парушыў Закон “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”, — даводзілі актывісты перад калегіяй судзьдзяў абласнога суду.

Калегія не прыняла заўвагаў актывістаў і пакінула вырак Ленінскага суду ў сіле.

24 жніўня кіраўнік справаў гарвыканкаму Ігар Аўсеенка забараніў праводзіць пікет за вызваленьне Аляксандра Казуліна.Сваё рашэньне чыноўнік матываваў тым, што акцыі пратэсту супраць утрыманьня грамадзянаў пад вартай — спосаб ціску на судовыя органы ўлады.

31 кастрычніка Магілёўскі аблвыканкам прызнаў, што пры разглядзе заяўкі на пікетаваньне было парушана заканадаўства аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў. Аблвыканкам абавязаў гарвыканкам больш якасна разглядаць звароты грамадзянаў.

27 сьнежня Ленінскі суд не задаволіў скаргу актывістаў на той падставе, што яны парушылі месячны тэрмін абскарджваньня пастановы гарвыканкаму ў судзе.

На фота: Юры Новікаў (зьлева) і Сяргей Фамін пасьля суду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG