Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Званкі на Свабоду: “У шэрагах намэнклятуры будзе чыстка”


Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні й прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым. Мы ўводзім прыз — падзяку за ваш найлепшы званок, паведамленьне, падказку. Пераможцы будуць абвяшчацца кожную нядзелю ў тыднёвым аглядзе “Званкоў на Свабоду”. Вас чакаюць кнігі Бібліятэкі Свабоды з подпісамі аўтараў. Тэлефон Свабоды ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.


Міжнародная супольнасьць абмяркоўвае абвяшчэньне незалежнасьці Косава. Камэнтары слухачоў:

Спадар: “Наконт незалежнасьці Косава. Як заварушыўся ўвесь гэты мурашнік! Як напалохаліся незалежнасьці і самастойнасьці нацыі! Але гэта прыйдзе. І Расея разваліцца. А яшчэ нацыі патрабуюць кампэнсаваць выдаткі і нафты, і газу. Невядома, як Расея зь Нечарназем’ем кампэнсуе выдаткі. Вось у чым справа — у незалежнасьці і ў кампэнсацыі выдаткаў. Дзякуй”.

Іван Карпавіч, Менск: “Я хачу сказаць наконт Косава. Пуціну трэба накіраваць ракеты на Косава ў першую чаргу, як на Беларусь і Ўкраіну. Расея – гэта пудзіла!”

Слухачы Свабоды таксама абмяркоўваюць прызначэньне на пасаду генэральнага пракурора Рыгора Васілевіча і старшыні Канстытуцыйнага суду Пятра Міклашэвіча:

Зіноўеў
: “Думаю, што новага генпракурора Васілевіча зьдзівіць маўчаньне і МУС, і КДБ, і Шэймана ў справах “зьніклых”.

Аляксандар Анатолевіч Яцкевіч, Віцебск: “Учора вельмі цікава сказаў прэзыдэнт пра перамену месцаў складнікаў: памяняў генэральнага пракурора са старшынём суду. Гэта азначае, што будзе чыстка ў іхніх шэрагах”.

“Колькі каштуюць візы ў Эўропу для Ўкраіны?” — пытаецца ў СМС-допісе слухач Улад. Яму адказвае віцэ-консул амбасады Ўкраіны ў Беларусі Людміла Разумава:

“Кошт візы залежыць ад тыпу візы: ёсьць студэнцкія, ёсьць рэлігійныя, ёсьць з мэтай паездкі ў пытаньнях культуры, навукі і іншыя. Ёсьць таксама аднаразовыя, двухразовыя, шматразовыя. Чалавеку, якога цікавіць пытаньне кошту візы, варта зьвярнуцца ў Консульскі аддзел амбасады, і яму ўсё патлумачаць”.

Далей слухачка задае яшчэ адно пытаньне:

Ганна, Маладэчна: “Вось у нас ізноў павялічылі аплату за камунальныя паслугі. А цікава б было ведаць, колькі трэба заплаціць за ўтрыманьне двухпакаёвай кватэры, у якой пражываюць два пэнсіянэры, у Эўропе, напрыклад — у Вільні, Варшаве ці Амэрыцы? І які сярэдні памер працоўнай пэнсіі ў Літве, Польшчы, ЗША? Думаю, што такія зьвесткі будзе цікава ведаць тым, хто сам не выяжджае за мяжу”.

Адказвае палітык і эканаміст Яраслаў Раманчук:

“Утрыманьне двухпакаёвай кватэры ў Вільні ці Варшаве каштуе больш за сто даляраў. Безумоўна, гэта немалыя выдаткі. Але мінімальная пэнсія ў Літве 250 даляраў, а ў Польшчы — каля тысячы. У Эўропе выдаткі на камунальныя паслугі складаюць каля 18—20% сямейных бюджэтаў. У Беларусі — каля 10%. Таму кошты камунальных паслугаў будуць у нас падвышацца яшчэ не адзін год”.

Працягваем праграму. “Памятайце, што Вiльня — былы беларускi горад. Я задаволены тым што ён зараз лiтоўскi. Там захаваецца культура, слаўнае мiнулае, свабода” — піша ў СМС-лісьце слухач Андрусь. Далей яшчэ адно пытаньне слухача:

Спадар: “Добры дзень, спадарства! Падкажыце, калі ласка, дзе можна набыць кнігу вершаў Івана Лагвіновіча “Палыновыя кветкі”, якая выйшла нядаўна ў Баранавічах? Дзякую”.

Адказвае актывіст руху “За Свабоду” Віктар Сырыца з Баранавіч:

“Кнігу баранавіцкага паэта Івана Лагвіновіча “Кветкі палыновыя” можна набыць, патэлефанаваўшы на нумар 5-21-32-81”.
XS
SM
MD
LG