Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якой такой "палітыкай" заняліся пракуроры, як гэта сьцвярджае кіраўнік дзяржавы? Чаму Лукашэнка заявіў, каб адміністрацыя прэзыдэнта ня ўмешвалася ў справы пракуратуры? Ці дазваляюць словы Лукашэнкі па-іншаму ацаніць нядаўнюю кадравую ракіроўку паміж Рыгорам Васілевічам і Пятром Міклашэвічам? На гэтыя пытаньні адказвае публіцыст Аляксандар Фядута


Цыганкоў:
“Ці вядома вам, якой такой «палітыкай» заняліся пракуроры? І чаму Лукашэнка абураны тым, што некаторых пракурораў «хвалюе», як на Беларусь паглядзяць ЗША і Эўразьвяз?”

Фядута: “Я ня ведаю такіх выпадкаў, калі Пракуратура сапраўды спрабавала адыйсьці ад вырашэньня таго ці іншага пытаньня з пункту гледжаньня палітычнай мэтазгоднасьці – але цалкам магчыма, што такія факты былі вядомыя Аляксандру Лукашэнку. Увогуле ж, кожнаму чалавеку, калі ён нешта робіць, думаецца пра тое, як на яго глядзяць іншыя людзі. Натуральна, што тыя ці іншыя прадстаўнікі органаў беларускай улады думаюць пра тое, як на іх глядзяць на Захадзе. Бо, зразумела, нікому ня хочацца апынуцца ў тым знакамітым сьпісе асобаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю ЗША і Эўразьвязу”.

Цыганкоў: “Ці дазваляюць выказваньні Лукашэнкі па-іншаму ацаніць нядаўнюю кадравую ракіроўку паміж Рыгорам Васілевічам і Пятром Міклашэвічам? Крытыка на адрас Пракуратуры – ці ня ёсьць пацьверджаньнем таго, што Лукашэнка быў незадаволены нейкімі дзеяньнямі Пракуратуры? І якая тады зараз роля адводзіцца Васілевічу?”
Цалкам мажліва, што гэта ракіроўка была зьвязана з тым, што групоўка Шэймана ва ўладзе траціць свой уплыў


Фядута: “Васілевіча, калі кудысьці і пераводзілі, то выключна таму, што ён быў цалкам функцыянальны на мінулым месцы і дэманстраваў ляяльнасьць да кіраўніка дзяржавы. Што тычыцца Міклашэвіча, то наколькі я ведаю, ён быў дастаткова асьцярожны, каб не ісьці супраць волі прэзыдэнта, але асабіста не рабіў таго, за што яму было б сорамна. Тут ёсьць іншы момант – Міклашэвіча лічаць (ня ведаю, праўда гэта ці не) чалавекам Шэймана ва ўладзе. Цалкам мажліва, што гэта ракіроўка была зьвязана з тым, што групоўка Шэймана ва ўладзе траціць свой уплыў”.

Цыганкоў: “Чаму Лукашэнка заявіў, каб адміністрацыя прэзыдэнта ня ўмешвалася ў справы пракуратуры? Гэта проста прыгожая фраза ці сапраўды там ёсьць нейкія звадкі, праблемы?”

Фядута: “У адміністрацыі прэзыдэнта заўсёды будуць нелады з усімі органамі ўлады, якія зьвязаныя з праваахоўнай дзейнасьцю. Зразумела, чаму – бо ў нас пракуратура, іншыя міністэрства выкарыстоўваюцца так, як разбойнік выкарыстоўвае кісьцень. Лукашэнка ўсё гэта добра ведае, але яму трэба выглядаць “трацейскім судзьдзём. Магчыма, гэтым і выкліканая гэтая фраза”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG