Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве зачыняюць міні-рынкі, не пытаючыся пакупнікоў


Свае дзеяньні чыноўнікі тлумачаць тым, што індывідуальныя прадпрымальнікі адмаўляюцца ўпарадкоўваць свае гандлёвыя месцы згодна з пажарнымі ды санітарнымі нормамі.


Гандляры наракаюць на Ўказ №760, які забраў у іх права наймаць работнікаў, што не даводзяцца ім сваякамі. Указ вымусіў іх перапыніць працу і пазбавіў прыбыткаў. У спрэчцы прадпрымальнікаў з чыноўнікамі церпяць пакупнікі, якія прызвычаіліся хадзіць на гэтыя міні-рынкі.

Улады пакуль ліквідавалі толькі адзін рынак. Ён знаходзіўся непадалёк ад адчыненага нядаўна гіпермаркету “Гіпа”. На рынку працавалі 20 прадпрымальнікаў. Прычыны закрыцьця – неадпаведнасьць санітарным і пажарным нормам.

“Адзін рынак, які закрылі, прадпрымальнікі ні ўкладалі ні капейкі, не хацелі. Тыя хто ўкладваў, хацелі зрабіць рэканструкцыю рынка, каб сабрацца ўсе. І там з дваццаці чалавек толькі пяць ці шэсьць чалавек пагадзіліся зрабіць”, – патлумачыў супрацоўнік управы гандлю гарвыканкаму.

Пад пагрозай ліквідацыі застаюцца яшчэ тры рынкі. Усе яны знаходзяцца ў гэтак званых спальных раёнах.

Гандляроў двух даволі буйных магілёўскіх рынкаў “Крыніца” й “Прывакзальны” пакуль толькі прыстрашылі, каб яны ўпарадкавалі свае працоўныя месцы, то бок – пабудавалі гандлёвыя цэнтры. Калі ж прадпрымальнікі адмовяцца ўкладаць грошы ва ўпарадкаваньне, то і гэтыя рынкі ліквідуюць.

Карэспандэнт “Свабоды” пабываў на адным з рынкаў на вуліцы Куцепава, які зьбіраюцца ліквідаваць.

На чатырнаццатую гадзіну тут працавала толькі адна харчовая крама. Раней жа іх было адзінаццаць. Акрамя таго, на рынку прадавалі тавары і з-пад навесаў.

Прычыны закрыцьця рынку назваў супрацоўнік управы гандлю:

“На Куцепава тая ж гісторыя. Не патрэбны там рынак, таму што за трыста мэтраў знаходзіцца Грэбянёўскі рынак. Той рынак вялікі і гэты – навошта пладзіць вось гэта ўсё?”

Карэспандэнт: “Ну, там жа яны зь нейкай мэтай усё ж арганізоўваліся?”

Супрацоўнік: “Гэта раней было, калі была, так бы мовіць, нястача тавараў, а цяпер даволі проста адкрытага стацыянарнага гандлю”.

Прадпрымальнікі зьвярталіся да ўладаў з просьбай дапамагчы ім упарадкаваць рынак. Аднак пасьля ўступленьня ў сілу ўказу №760, які забараніў выкарыстоўваць працу найманых работнікаў, ад сваёй ініцыятывы гандляры адмовіліся. Распрадаўшы тавар, яны пазачынялі свае крамы.

Жыхары раёну ведаюць, што рынак неўзабаве закрыюць, але ці патрэбны ён ім? Вось некаторыя меркаваньні.

Першай адказала на пытаньне спадарыня, якая часта наведвала рынак: “Мне, як будучай маці – я цяжарная – за той жа бульбай дужа далёка хадзіць на той рынак. Мне гэты рынак неабходны. І парашок прадавалі, мыла – усё”.

Маладая спадарыня таксама кажа, што рынак патрэбны: “А калі зачынаецца, то тут наагул нічога ня будзе. У прынцыпе, зручна: шапікі, усё тут. Усё, што трэба тут – і парашкі, і харчы, і піва”.

Спадарыня сталага веку не задаволеная, што рынак зачыняюць: “Таму што я выйшла – і тут усё пад рукамі. Вось цяпер зачынены рыбны шапік. На Грэбянёўскі рынак трэба ісьці далёка, а тут усё пад рукамі ў нас. Мы дужа задаволеныя, што гэты рынак быў у нас тут”.

Пакуль карэспандэнт “Свабоды” гаварыў зь пакупнікамі, а гэта блізу сарака хвілінаў, адзіную адчыненую краму наведала каля трох дзясяткаў чалавек. Усе выйшлі з пакупкамі.

А ці шмат людзей наведвала рынак? Прадавачка крамы кажа, што шмат:

“У мяне за дзень, ад дзявятай да дзясятай, чалавек зь пяцьсот, а можа шэсьцьсот. Асабліва ў выходныя дні й пасьля выходных. Усе сюды ходзяць – бабулі, дзядулі, таму што тут танна ўсё. Таму яны сюды ідуць і набываюць”.

Гаспадыня крамы будзе гандляваць да канца месяца, а потым вывезе тавар у іншае месца. Што будзе на месцы рынку – невядома. Прадпрымальнікам, якія праз закрыцьцё рынку згубяць працу, улады прапануюць перабрацца ў гандлёвыя цэнтры, якія пустуюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG