Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня ў Менску ў сядзібе рады Таварыства беларускай мовы прайшла вечарына памяці Кастуся Акулы. Выбітны дзеяч беларускай эміграцыі, няўтомны арганізатар жыцьця згуртаваньня беларусаў Канады, пісьменьнік і мэцэнат шматлікіх культурніцкіх праектаў на радзіме пакінуў гэты сьвет 29 студзеня ў канадзкім Таронта. Яму ішоў 83-і год. Імпрэзу арганізавала Згуртаваньне беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”


Ушанаваць памяць Кастуся Акулы прыйшлі беларускія літаратары, мастакі, студэнты, шараговыя чытачы ягоных кніг. З напісаных за паўстагодзьдзя аўтарам у далёкай Канадзе каля дзесяці тамоў два зь іх у апошнія пятнаццаць пасьпелі прыйсьці да чытачоў на радзіме. Гэта “Змагарныя дарогі”, падпісаныя ў друк у выдавецтве “Мастацкая літаратура”, дарэчы, праз тры дні пасьля перамогі А.Лукашэнкі на першых прэзыдэнцкіх выбарах, і “Россыпы”, што зьявіліся два гады таму ў недзяржаўным выдавецтве “Логвінаў”.

Вяла вечарыну пісьменьніца Вольга Іпатава, якая неаднойчы сустракалася са сваім канадзкім калегам-суродзічам. Распавёўшы пра арганізатарскія і выдавецкія высілкі Кастуся Акулы па падтрымцы нацыянальнага духу суродзічаў Канады, яна падкрэсьліла недаасэнсаваную яшчэ значнасьць яго літаратурнага таленту.

“Гэта пісьменьнік, які вядомы нам усім, але пісьменьнік, якога нам трэба па-сапраўднаму асэнсаваць вось цяпер”.

Кароткі агляд твораў Кастуся Акулы зрабілі літаратуразнаўца Лідзія Савік і старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч, які яшчэ з часоў студэнцтва ліставаўся з беларускім пісьменьнікам з Таронта. Спадар Пашкевіч, у прыватнасьці, зазначыў:

“Мне падаецца, Кастусь Акула – якраз сымбаль змагарнай эпохі, які ня толькі ў сваім асяродку замежжа адстойваў права беларусамі звацца, але, як сьведчыць практыка, вучыў і вучыць па сёньня і тутэйшых беларусаў ня толькі берагчы сваё, але і ганарыцца сваім”.

Мастацтвазнаўца Валянціна Трыгубовіч, якая напачатку 1990-х ачольвала замежную камісію партыі БНФ, неаднаразова сустракалася з Кастусём Акулам і ў часе ягоных двух прыездаў тады на радзіму, і ў заакіянскім сьвеце. Яна нагадала прысутным, што спадар Акула неаднаразова ладзіў дэманстрацыі пратэсту ў Канадзе супроць камуністычнага панаваньня ў Беларусі. Яна кажа, што варта лічыць беларусаў-эмігрантаў, якія сталі захавальнікамі ідэі незалежнасьці радзімы, нацыянальнымі героямі.

“Адна асоба, якая выходзіць на змаганьне супраць несправядлівасьці, якая выходзіць на змаганьне за ідэю, гэты чалавек ёсьць нацыянальны герой. І таму Акулу мы павінны ўшаноўваць не толькі як пісьменьніка, але мы яго павінны лічыць нацыянальным героем”.
XS
SM
MD
LG