Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Выбірайце не папулістаў, а вартых грамадзянаў”


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 19 лютага, аўторак.


Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні й прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым.

Мы ўводзім прыз — падзяку за ваш найлепшы званок, паведамленьне, падказку. Пераможцы будуць абвяшчацца кожную нядзелю ў тыднёвым аглядзе “Званкоў на Свабоду”.

Вас чакаюць кнігі Бібліятэкі Свабоды з подпісамі аўтараў. Тэлефон Свабоды ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.



У Менску прадпрымальнікі паспрабавалі правесьці чарговую акцыю пратэсту, якая была спынена міліцыяй. Камэнтар слухача:

Анастас Семяновіч: “Шаноўныя прадпрымальнікі, свае думкі пра тое, што вы вырашылі паставіць намёты, ня трэба паведамляць лукашыстам. Я быў упэўнены, што за гадзіну-дзьве міліцыя і лукашысты вас туды ня пусьцяць. Вы самі пераканаліся, што яны так зрабілі. Я яшчэ раз зьвяртаюся да вас, галоўнага начальніка Беларусі: да якога часу вы, ваша каманда будзеце няславіць родную Беларусь і яе народ?! Вы абавязаны тэрмінова зьняць пытаньне прадпрымальнікаў. Асобныя бальшавікі зайздросьцяць, што яны шмат зарабляюць. Хто перашкаджае заняць іх працу і таксама зарабляць мільёны? А вам кажу, пакуль ня позна, тэрмінова здыміце іх пытаньне і перастаньце няславіць нашу родную Беларусь! Жыве родная Беларусь!”

Косава абвясьціла незалежнасьць ад Сэрбіі. Слухачы “Свабоды” выказваюцца на гэтую тэму:

Спадар: “Тое, што Расея супраць незалежнасьці Косава, альбанцаў як нацыі, і дурню вядома. Бо яны ў пэрспэктыве могуць апынуцца ў рамках Княства Маскоўскага. А потым шукай Івана Каліту ды Грознага, каб зноў сабраць да кучы імпэрыю Вялікай, Малой і Белай Русі. Я -- за незалежнасьць”.

Спадар: “Безумоўна, усю Эўропу скаланае сытуацыя ў Косаве, бо гэта можа быць пачаткам развалу Эўразьвязу і, безумоўна, выклікае рух здаровага сэпаратызму. А можа, і ня вельмі здаровага, але, у прыватнасьці, перагляду Хэльсынскіх дамоваў. Але відавочна, гэта складанае пытаньне, палка з двума канцамі. Сэрбаў, безумоўна, шкада. Але яны самі плацяць за свае імпэрскія амбіцыі. Зь іншага боку, для народаў, якія ня маюць незалежнасьці або маюць тэрытарыяльныя праблемы, у тым ліку і беларусаў, гэта цудоўны шанец, каб скарыстацца гэтай магчымасьцю, досьведам Косава. Але мне здаецца, што гэта звычайная амэрыканская авантура, якая дасьць магчымасьць разваліць тую сыстэму, якая ўжо склалася ў Заходняй Эўропе, то бок Эўразьвяз. Дзякуй”.

“Аляксандар Лукашэнка заявіў агенцыі “РІА-новости”, што праз 10 год у Рэспубліцы Беларусь будзе жыць 13 мільёнаў жыхароў. Магчыма, што і так, але не пры ім і не пры гэтай уладзе”, — піша слухач у СМС-лісьце. Далей выказваньне ў зьвязку з выбарамі ў Палату прадстаўнікоў, якія пройдуць у Беларусі сёлета:

Спадар: “Паважаныя грамадзяне Беларусі! Прыйшоў год выбараў у парлямэнт. Адбірайце і выбірайце не абяцанак-папулістаў, а вартых грамадзянаў, якія павінны і будуць адстойваць вашыя жыцьцёвыя інтарэсы, свабоду, вартае жыцьцё! А не выконваць загады адной асобы. Шчасьце народа ў дыханьні тваім, дарагая Свабода!”

“Шальмаваньне іншадумцаў – горшае за сталінскія часы. Улада аганізуе ці замбуе грамадзтва, каб давесьці да стану быдла”, – напісаў у СМС-слухач, які назваўся Дзедам. Яшчэ адно выказваньне на адрас дзяржаўнага тэлебачаньня ў наступным тэлефанаваньні:

Спадарыня: “Некалькі дзён таму паважаны спадар Эрыксан, вядомы прадстаўнік Швэцыі ў Беларусі, быў у тэлевізійнай студыі ОНТ. Многія ведаюць гэтага чалавека. Ён навучыўся гаварыць па-беларуску. Так ён гаварыў і ў студыі пра швэдзкае кіно, пра фэстываль фільмаў, але вядучыя (ня памятаю прозьвішчаў, падаецца, Савіцкі і яшчэ нейкая дзяўчына) усе пытаньні задавалі па-расейску, разьвітваліся і дзякавалі па-расейску. Нават прадстаўнік улады Косінец на “Лістападзе” пасьля Эрыксана загаварыў па-беларуску. І выглядала ўсё гэта і брыдка, і горка, і сьмешна. Вось так сустракае гасьцей наша тэлебачаньне".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG