Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці прымірыць Купалаўскі тракт Менск і Мінск? <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


У новым тысячагодзьдзі надзвычай абвастрылася супрацьстаяньне бакоў, якія маюць палярныя пункты гледжаньня на забудову і адбудову беларускай сталіцы. На тле працэсу зьнішчэньня неацэнных архітэктурных комплексаў у гістарычнай частцы Менска, які адбываецца з маўклівай згоды вышэйшага кіраўніцтва краіны і з санкцыі гарадзкіх уладаў, нацыянальна сьвядомая частка грамадзтва ня толькі спрабуе абараніць яшчэ ацалелыя помнікі старасьветчыны, але і прапануе свае варыянты разьвязаньня праблемы.


Пры канцы мінулага году вядомы архітэктар Уладзімер Папруга перадаў на разгляд у Менгарвыканкам альтэрнатыўны плян рэгенэрацыі Менска, працы над якім ён прысьвяціў больш за пяць гадоў. Вынікам архіўных пошукаў і практычных дасьледаваньняў стала грунтоўная праца, над якой звычайна пацеюць цэлыя праектныя інстытуты.

Карней: “Спадар Уладзімер, цяжка за абмежаваны час ахапіць увесь праект, таму я папрашу акцэнтавацца на разьдзеле, які ў пэўным сэнсе мае прымірыць пакуль непрымірымыя часткі як уласна Менска, так і ўсіх, хто наўпрост ці ўскосна далучаны да горадабудаўнічай палітыкі. Маю на ўвазе ідэю так званага Купалаўскага тракту, які, па-першае, павінен вырашыць транспартную праблему цэнтральнай часткі сталіцы, па-другое, цывілізаванымі ніткамі зьвязаць горад старажытны і тую яго частку, якая сфармавалася ўжо пасьля вайны...”

Папруга:
“Рашэньне аб паваеннай перабудове Мінска ў “ідэальны сацыялістычны горад” ня толькі прыгаварыла да зьнішчэньня ўсё тое, чым гэты горад — старэйшы за Бэрлін і Маскву, Варшаву і Вільню — жыў на працягу дзевяці стагоддзяў. Прычым да зьнішчэньня ва ўсім дыяпазоне катэгорый, пералічаных Дзяржаўным сьпісам гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь — ад будынкаў і збудаваньняў да гістарычнай пляніровачнай структуры, ляндшафту і культурнага пласта. І безь ніякага там нават фармальнага вывучэньня і навуковай фіксацыі...

Гэтак званая савецкая паваенная рэканструкцыя насамрэч зьяўлялася банальным зьнішчэньнем усяго масіву гісторыка-культурнай спадчыны сталіцы Беларусі, што, па сутнасьці, павінна было канчаткова завяршыць ідэалягічную імпэрскую расейскую праграму ў дачыненьні да інкарпараваных пасьля 1795 году земляў сёньняшняй Беларусі, пасьля фактычнай амаль трохсотгадовай пэрманэнтнай вайны.

Мне падаецца, што менавіта гэтая задача і была галоўнай мэтай, бо горадабудаўнічыя праблемы, якія спарадзіла паваенная перабудова, ужо сёньня патрабуюць тэрміновага вырашэньня, нават без наяўнасьці ў цэнтры “горада-сонца” парэзанага і расшкамутанага вандаламі і герастратамі ягонага тысячагадовага гістарычнага сэрца.

“Горад Сонца”: што на сонечным баку, а што ў цені?


Навязаная Менску каляніяльная мадэль разьвіцьця прывяла да штучнай канфрантацыі, дзе Менск савецкі ня можа суіснаваць зь Менскам гістарычным. Гэта вядзе да зьнішчэньня апошняга.

Разам з тым гэтая схема настолькі нелягічная, што ў хаатычных паўсьвядомых спробах вырашыць зьвязаныя зь ёю праблемы нават так званыя “савецкія” паваенныя комплексы няўмольна страчваюць сваю аўтэнтычнасьць і якасныя характарыстыкі.

Між тым дакладнае выкананьне дзейснага заканадаўства і нарматыўна-прававой базы, мэтадалягічных патрабаваньняў — ужо само па сабе надзейная гарантыя ад мажлівых памылак.

Гранічна нелягічны і разбуральны працэс “рэканструкцыі, рэстаўрацыі і разьвіцьця” гістарычнага цэнтра Менску, у тым выглядзе, як ён праводзіцца, эвалюцыянаваў да ўзроўню, дзе мэтадалёгія і закон ужо папросту цынічна ігнаруюцца.

Уся дзейнасьць, зьвязаная з абыходжаньнем з гісторыка-культурнай каштоўнасьцю першай (найвышэйшай) нацыянальнай катэгорыі ўжо даўно выведзеная па-за межы прававога поля сёньняшнімі ўдзельнікамі працэсу.
Але за гэтае злачынства прыйдзецца безумоўна адказваць -- пасьля 1992 году прававое забесьпячэньне істотна адрозьніваецца ад савецкіх часоў, і адказнасьць ужо не кладзецца аўтаматычна на “крамлёўскіх таварышаў”.

Як у любым іншым злачынстве, шмат намаганьняў каляніяльнай адміністрацыяй было пакладзена на заціраньне яго сьлядоў. Мяркую, што з гэтай прычыны Менск і дагэтуль ня мае гісторыка-архітэктурнага апорнага пляну. Некалькі год намі было прысьвечана толькі на пошук і апрацоўку гістарычных матэрыялаў, каб хоць бы ў мінімальным аб’ёме распрацаваць альтэрнатыву.

Натуральная радыяльная схема горада была штучна зьнішчаная падчас паваеннай рэканструкцыі, альтэрнатыўная ж так і не была створаная. Традыцыйныя пляніровачныя восі горада ўздоўж гістарычных горадафармуючых напрамкаў былі ампутаваныя разам з гістарычнай пляніровачнай структурай гістарычнага цэнтра, дзе ўсё багацьце тысячагадовай пляніровачнай схемы было замененае адзіным “галоўным” скрыжаваньнем, якое расьсекла традыцыйныя прасторава-функцыянальныя сувязі. Але вынікі інтэрвэнцыі ў гістарычную пляніровачную структуру аказаліся дыямэтральна супрацьлеглымі: 97—98% усяго транспартнага патоку, які блякуе вышэйпамяненыя паваенныя пляніровачныя восі сёньня, — гэта банальны транзыт, які ні з гістарычным, ні з гарадзкім цэнтрам нічога супольнага ня мае.

“Поўнач-поўдзень”: стратэгічны вэктар

Неасэнсаванасьць горадабудаўнічай палітыкі, якая інэрцыйна праводзіцца да сёньня, — палітыкі, сфармаванай ва ўжо зусім іншую, з пункту гледжаньня заканадаўства, эпоху, — нівэлюе ўсе наяўныя спробы пераадоленьня названых супярэчнасьцяў, вядзе да неабгрунтаванага бессыстэмнага распыленьня рэсурснай базы, калі сродкі, адрасна прысьвечаныя рэканструкцыі гістарычнага цэнтра Менска, інвэстуюцца ў яго далейшае пасьлядоўнае вынішчэньне.

Так ці іначай, Менск савецкі ня мае будучыні бязь Менску старога, і прапанаваны намі, разам зь іншым, Купалаўскі тракт ня толькі дае мажлівасьць бесканфліктна і гарманічна адрадзіць самае галоўнае ў Менску гістарычным — ягоную гістарычную пляніровачную структуру. Нашы прапановы яднаюць у цэльную працаздольную схему рэалізаваныя ў савецкія часы, але прынцыпова недзеяздольныя ў лёгіцы паваеннай пляніровачнай схемы фрагмэнты горадабудаўнічага дыямэтру поўнач — поўдзень. Купалаўскі тракт — гэта вельмі істотны, але фрагмэнт цэльнай праектнай прапановы на разьвіцьцё пляніровачнага ядра сталіцы. Закладзеныя ў праекце прапановы дазваляюць коштам мінімальнага інфраструктурнага дапаўненьня і, адпаведна, мінімальных фінансавых укладаньняў пераразьмеркаваць існуючыя транспартныя патокі з улікам сучасных патрэбаў пляніровачнага ядра сталіцы і горадабудаўнічых рэаліяў паваеннага плянаваньня".

Карней: “То бок, апроч вырашэньня праблемы вечных пробак на скрыжаваньні Леніна-Незалежнасьці, перасьледуецца мэта максымальнай разгрузкі гістарычнай часткі Менска?”.

Купалаўскі тракт Уладзімера Папругі. Пакуль на паперы


Папруга: “Купалаўскі тракт – гэта адзіная альтэрнатыва, якая магла б прымірыць на сёньня непрымірымае ў накірунку поўнач-поўдзень.

Мы прапануем перакласьці транспартны транзыт на той калідор, які будзе здольны гэты транзыт забясьпечыць, і па-за межамі гістарычнага цэнтру, па вуліцы Янкі Купалы, зь яе далейшай падводкай у транспартную разьвязку вуліцы Аранскай. Але гэты калідор таксама зьяднае гатовыя і вельмі каштоўныя (у грашовым выражэньні) элемэнты інфраструктуры, ужо збудаваныя, якія трэба загрузіць. Мы прапанавалі два зьвязныя фрагмэнты: паўночны Купалаўскі тракт, які зьвязвае былую паваенную Паркавую магістраль ад вуліцы Мельнікайтэ з Траецкім прадмесьцем, з ужо заплянаваным праколам пад вуліцай Багдановіча (уваходзіць ува ўсе афіцыйныя плянавыя мерапрыемствы ў адносінах да гістарычнага цэнтра).
Зь іншага боку, з поўдня мы маем тэрыторыю сучаснага заводу імя Кірава, які так ці інакш будзе выносіцца. Бо гэта найкаштоўнейшая горадабудаўнічая тэрыторыя, якая павінна быць уключаная ў самы эксклюзіў. Там можна пайсьці на тое, каб збудаваць новы “бізнэс-форум”. Пры мэтро і ў пешаходнай даступнасьці ад гістарычнага цэнтру можна збудаваць своеасаблівы “Мангэтан” на паўвысьпе Сьвіслачы, дзе раней былі Кашары, аж да станцыі мэтро “Пралетарскай”.

“Купалаўскі тракт”: апанэнты ў эфірнай цішыні

Карней:
“Вы перадусім вырашаеце праблему ў кірунку поўнач — поўдзень. А што зь іншымі?”

Папруга: “Купалаўскі тракт – гэта тое зьвяно, якога нестае, каб даць мажлівасьць вывесьці абсалютна ўвесь транспарт з гістарычнага цэнтру ў дыямэтры поўнач — поўдзень. А ў дыямэтры захад — усход, каб разгрузіць Нямігу, прапануецца так званае ўнутранае кальцо, замкнёная структура 1-га транспартнага кальца і сыстэма зьездаў, якая лучыць яго з 2-м транспартным кальцом і далей, з выездам на барысаўска-маскоўскі ўсходні кірунак, і ня толькі па-за межамі гістарычнага цэнтра, але і па паграніччы пляніровачнага ядра горада. У іншым прачытаньні частка падобных прапановаў прысутнічае і ў распрацоўках інстытуту “Менскграда”. Мне падаецца, што прапановы, зьвязаныя з нашым праектам, больш лягічна праблему вырашаюць. І зьвязана гэта ня толькі з прапанаванай намі замкнёнай структурай 1-га транспартнага кальца, але перадусім з цэльнай канцэпцыяй разгрузкі і гістарычнага цэнтру, і пляніровачнага ядра Менска ў цэлым як па восі поўнач — поўдзень, так і захад — усход. Нарэшце, прапануецца надзейны дублёр цяперашняму праспэкту Незалежнасьці, функцыі якога ўвесь час дэлегаваліся Нямізе".

Карней: “Пры ўсёй лягічнасьці прапановаў — ці выказалі ўжо якое стаўленьне да альтэрнатыўнага пляну рэгенэрацыі ў Менгарвыканкаме, куды вы накіравалі праект?”

Папруга: “Камітэт архітэктуры — так бы мовіць, апанэнты — ня мае нават аргумэнтаў, каб спрачацца з нашымі прапановамі. Маўляў, вось гэта нелягічна, тое няправільна і ня так, а вось тут слабое месца і яго трэба перагледзець. Калі б у іх былі нейкія ідэі, зь якімі можна было б спрачацца, гэта пазытыўна ўплывала б на ўвесь працэс. Завязалася б дыскусія, у выніку якой можна было б знайсьці аптымальныя рашэньні. Парадаксальным чынам слабасьць пазыцыі нашых апанэнтаў — вельмі адмоўны чыньнік для пазытыўнага вырашэньня праблемы ў цэлым. Ім застаецца толькі адно — поўнае маўчаньне. І ў поўнай эфірнай цішыні яны працягваць тую разбуральную дзейнасьць, якой яны сёньня займаюцца, гэтаксама як у свой час курапацкія стральцы займаліся сваёй справай”.

Карней: “Застаецца дадаць, што Ўладзімер Папруга мае багаж ведаў, назапашаны ў часе стажыровак у Рыме, Вэнэцыі, практычнай прафэсійнай дзейнасьці ў Польшчы. Пэўны час ён працаваў галоўным дзяржаўным інспэктарам аховы гісторыка-культурнай спадчыны Менгарвыканкаму, дзе наўпрост сутыкнуўся з абыякавасьцю кіраўніцтва горада і чыноўнікаў Міністэрства культуры ня тое што да захаваньня гістарычнай памяці, але да элемэнтарнага выкананьня сваіх службовых абавязкаў. Неаднойчы ён спрабаваў данесьці да кіраўніцтва горада, а пазьней і адміністрацыі прэзыдэнта інфармацыю пра парушэньні ў абыходжаньні з гісторыка-культурнымі каштоўнасьцямі, якія вядуць да руйнаваньня гістарычных помнікаў. На жаль, тады ягоны голас пачуты так і ня быў. Дый цяпер прыслухацца да рэальных прапановаў чыноўнікі не сьпяшаюцца”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG