Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Формула Лукашэнкі аб “праваслаўным атэісьце” абражае праваслаўе”


Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – Пётра Рудкоўскі. Яму 30 гадоў. Cкончыў Ягелёнскі ўнівэрсытэт. Тэоляг, філёзаф, каталіцкі дыякан, сябра Дамініканскага ордэну.

Разьлік робіцца на тое, каб кантроль над рэлігійнай справай быў больш эфэктыўным

Уліцёнак: “Пракамэнтуйце, калі ласка, апошнія меры з боку дзяржавы, якія ўскладняюць прысутнасьць у Беларусі замежных сьвятароў?”

Рудкоўскі: “Хутчэй за ўсё разьлік робіцца на тое, каб кантроль над рэлігійнай справай быў больш эфэктыўным. Тады, калі кіраўнікамі цэркваў зьяўляюцца грамадзяне Беларусі, лягчэй трымаць рэлігійную сфэру пад каўпаком. Ну, гэта асноўны матыў. Ён цалкам упісваецца ў лёгіку аўтарытарнай дзяржавы”.

Уліцёнак: “А ці будзе ад гэтых мераў нейкая карысьць беларускасьці ў малітоўных дамах і храмах?”

Рудкоўскі: “Ад дэпартацыі сьвятароў – грамадзянаў Польшчы для беларускасьці тут асаблівай карысьці ня стане… Бо трэба зьвярнуць увагу на тое, што большасьць сьвятароў, якія прыехалі з другога берагу Буга, альбо ўжо валодаюць мовай, альбо актыўна вывучаюць яе. У значнай часткі яна на вельмі прыстойным узроўні – напэўна, намнога лепшая, чымсьці ў многіх дзяржаўных чыноўнікаў.

Адзін з культурных дзеячаў сказаў мне неяк, што касьцёл наагул зьяўляецца апошнім апірышчам беларускасьці. Тут, канечне, пэўны перагіб, але адначасова – вялікая доля праўды.
Выкарыстаньне ў тым афарызьме прыметніка “праваслаўны” – справа прыкрая і, я б сказаў, скандальная

Пачынаючы ад таго, што набажэнствы пераважна праходзяць па-беларуску. І заканчваючы тым, што пад патранатам касьцёлу адбываецца шэраг культурных мерапрыемстваў. Шмат мастакоў і літаратараў могуць рэалізаваць сваё пакліканьне менавіта дзякуючы касьцельнай прасторы. Пераважна беларускамоўнай”.

Уліцёнак: “Вашае стаўленьне да славутага афарызму Аляксандра Лукашэнкі: “Я – праваслаўны атэіст”?

Рудкоўскі: “Абразьлівая формула перш за ўсё для праваслаўя: ёю агучаны стэрэатып, даволі такі сумнеўны, даволі такі прыкры стэрэатып, што праваслаўе мела быць у нейкім сваяцтве з праваслаўем. Нібыта яны рэчы сумяшчальныя. У той час, як гэта, дарэчы, несумяшчальна. Выкарыстаньне ў тым афарызьме прыметніка “праваслаўны” – справа прыкрая і, я б сказаў, скандальная”.
XS
SM
MD
LG