Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крупава: “У Польшчу езьдзілі і езьдзіць будзем — нягледзячы на Лукашэнку!”



У вёсцы Крупава, што на Лідчыне, ледзьве ня першыя словы, якія пачуеш ад старажылаў у расповедах пра сябе, — “мы палякі”. Але зараз яны гучаць з напружанай інтанацыяй.

Спадар: “Раней на ўсе сьвяты можна было паехаць, штосьці прывязеш. Цяпер Польшчу зарубілі!”

Шмат хто з крупаўлянаў гэтым годам страчвае ці не галоўную крыніцу існаваньня. Пра гэта — пазьней. 71-гадовая ж Яніна Сьнежка прыгадвала мне з настальгіяй...

Сьнежка: “Крупава — польская вёска! Тут беларусаў-рускіх ніводнай сям’і не было, а цяпер 6—7 сем’яў, можа, праваслаўных. Пры камуністах працавала, а ў Бога верыла. Раз у год езьдзіла ў Вільню да Вострай Брамы, каб прыняць сакрамант і да споведзі. І дзяцей хрысьціла, і шлюбам бралася ўпотайкі...”

Усе гэтыя часы ў вёсцы захоўваўся даволі патрыярхальны лад жыцьця, адмежаванага ад узьдзеяньня зьнешняга сьвету. У касьцёле, які дзейнічаў яшчэ за саветамі, і цяпер кожную нядзелю яблыку няма дзе ўпасьці. Савецкая ж ідэалёгія тут мела мінімальны эфэкт, што спараджала часам палітычныя кур’ёзы. Былая настаўніца пачатковых клясаў спадарыня Сьнежка, нягледзячы на трэцюю групу інваліднасьці, ня страціла пачуцьця гумару. Яна ўзгадвае:

Сьнежка: “Быў адкрыты ўрок у мяне рэспубліканскага значэньня. Інспэктары прыехалі. І дастала карціну — Ленін з Крупскай. І пытаюся — хто на карціне? І Гена Хітрун рукой трасе — “а гэта дзядзька Ізюк з нашай вёскі!” Я так і села. А гэта яго бацькі брат быў лысы, як Ленін...” (Сьмех.)

А вось ня менш забаўная гісторыя, што адбылася ў Крупаве ў часе першых прэзыдэнцкіх выбараў. Мне расказаў пра яе сябра лідзкай суполкі Партыі БНФ Міхась Бурачэўскі.

Бурачэўскі: “У бабкі адной спыталіся, за каго галасавала. Яна кажа: як за каго — за Пазьняка! Чаму? Як чаму — ён да мяне тры разы дахаты прыходзіў! Усе за галаву — як гэта мы ня ведаем?! Аказалася — старшыня сельсавета Крупаўскага таксама Пазьняк. І бабка за Зянона прагаласавала...” (Сьмех.)

Дырэктар тутэйшай сярэдняй школы, дзе 150 навучэнцаў, спадар Гівойна працуе тут 29 год. Пераехаў з Мастоўскага раёна. Але першае, што зрабіў, — вывучыў гісторыю Крупава. Кажа Іван Барысавіч.

Гівойна: “Назву вёска атрымала ад рачулкі Крупка. Тапанімісты Рыжкевіч і Юрэвіч лічаць, што Крупка паходзіць ад назвы расьліны — гэта пралескавыя стэпавыя сыбірскія расьліны, якія растуць на беларускіх сухіх лугах, на схілах, на папарах. Шмат жыхароў маюць прозьвішчы Крупля, Крупа. Датай заснаваньня лічыцца сярэдзіна 15 стагодзьдзя, бо, паводле Тадэвуша Нарбута, у 1450 годзе тут быў заснаваны касьцёл, адзін з самых раньніх на Лідчыне...”

У тутэйшых мясьцінах нарадзіўся славуты геоляг, прафэсар Ігнат Дамейка. Ён адкрыў мінэрал, названы ў яго гонар “дамейкітам”. Арганізаваў мэтэаралягічную станцыю. Выпусьціў тры карты Польшчы — геаграфічную, геалягічную ды лясную. У школьным краязнаўчым музэі яму прысьвечаная цэлая заля. Кажа дырэктарка, настаўніца польскай мовы Натальля Казлова. Дарэчы, польская мова стала вывучаецца тут некалькі дзесяцігодзьдзяў. Ёй у вёсцы валодаюць больш-менш свабодна ўсе.






Казлова: “Гэты разьдзел быў арганізаваны пры дапамозе Таварыства культуры польскай зямлі Лідзкай і Варшаўскага музэя. 2002 год быў прызнаны ЮНЭСКА годам Дамейкі. Ігнат Дамейка ўваходзіў у склад філярэтаў-філяматаў. Пачаліся арышты, сьледзтва. І падпісалі дамову, што ён будзе знаходзіцца тут, ля Крупава, у свайго дзядзькі. Правёў тут 6 год. Арганізаваў школу для дзяцей, пісаў у “Віленскі кур’ер”. Беларусы лічаць, што беларус, палякі — што паляк. Думаў, пісаў на польскай мове, нарадзіўся на зямлі беларускай...”

Бадай, кожная крупаўская сям’я мае родных у Польшчы. Але тутэйшыя пабойваюцца, каб тое, пра што распавядае мне 48-гадовая паштарка Тэрэса Чайка, ня стала таксама настальгічным...






Чайка: “Дзеці кожны год выяжджалі ў Польшчу ўлетку на аздараўленьне. А браты, дачка, мама езьдзяць — там дваюрадныя сёстры, таты родны брат...”

Пачуўшы, пра што размова, не вытрымлівае і падключаецца да яе брат Антон. Вандроўкі ў Польшчу для яго былі ці не галоўнай крыніцай існаваньня. Між іншым, у канфлікце прапрэзыдэнцкага ды непрызнанага ўладамі “Саюзаў палякаў Беларусі” ён на баку Анжалікі Борыс.

Антон: “Раней на ўсе сьвяты можа было паехаць, штосьці прывязеш. Цяпер Польшчу зарубілі. Зьбіраюцца ўвесьці ў сакавіку “Карту паляка”. Зноў жа нашы правіцелі скажуць, чаму дзеляць на палякаў і непалякаў — не дазволяць, каб хтосьці карыстаўся льготамі. Раней я мог правезьці 50 кг, цяпер 35. На свой аўтамабіль я мог купіць запчасткі, цяпер мяне прымушаюць рабіць гэта тут. І ўсё абкладзена такім мытам, што нерэальна. Бачу, што з Польшчай у Беларусі ідзе канфрантацыя...”

На нядаўняй прэсавай канфэрэнцыі амбасадар Рэспублікі Польшча ў Беларусі Хенрык Ліцьвін пацьвердзіў, што грамадзянам, якія маюць родных у Польшчы, візы будуць выдавацца на агульных умовах. Праца ж над нарматыўнай базай для “Карты паляка” толькі пачынаецца. Мой суразмоўца дадае са скрухай...

Антон: “У нас зарплата 350 рублёў, ня болей. А сын у мяне вучыцца на платным у Менску — кожныя паўгода 1000 даляраў. Лукашэнка думае, што мы астравы купляем, хто бізнэсам крыху займаецца. Ды людзі проста свае справы рэгулююць і не зьвяртаюцца па дапамогу да дзяржавы! Усё роўна да радзіны паедзем, нягледзячы на гэта — дзядзя, цёця там пахаваныя, дачка вучыцца ў Вроцлаве — мы ж палякі...”

* * *

Новыя часы ўнесьлі свае карэктывы ў жыцьцё 170 крупаўлян. Сюды імкнуцца ехаць жыць, нягледзячы на адсутнасьць працы ды нізкія заробкі ў СВК “Крупаўскі”. Выгоднае геаграфічнае становішча — 6 км ад чыгункі, 10 км ад Ліды, дзе сёньня робіць да траціны працаздольных. Да апошняга часу камэрцыйная маршрутка лётала туды 6 разоў на дзень. Акурат напярэдадні Новага году адчынілася камэрцыйная крама. Гутару зь яе ўладальнікамі — Марынай ды Генадзем Вільчэўскімі. Кажуць, што ў сьвяточныя дні ў іхнім “вагончыку” пабывала па 300—400 чалавек штодзень.

Генадзь: “Мы ніколі не бярэм вялікі асартымэнт, лепш сьвежае ды пакрысе. І каб адразу з малатка. Дзённы бюджэт 300, 400 тысяч — тут не разьбегчыся...”






Марына: “Была найманая жанчына. З Новага году маці са мной. Хоць рызыка была, але даўно пачалі рыхтавацца і ўлезьлі па вушы...”

На адзінай тут фэрме 6 даярак даглядаюць 300 кароў. На вуліцы сустракаю спадарыню Ядзьвігу Касьцінскую, якая адпрацавала там 30 год. Яна адразу пра заробкі.

Касьцінская: “Зімой 250, а ўлетку, можа, 400 і 500 — мала. Рана ўставаць трэба і позна класьціся — прыходзяць дахаты ноччу каля трох. Але ж ім далі цяпер па 75 кароў на адну жанчыну. Паспрабуйце навязаць іх, пачысьціць — за гэта трэба, каб мільён атрымлівалі бабы...”

Кудыш: “А на вёсцы лепшай працы няма. Палучка — як больш няма, то й такая добрая...”

Гэта я ўжо гасьцюю ў сямействе Кудышаў. 41-гадовая Ірына працуе на той жа фэрме. Яна з мужам-трактарыстам, дачкой ды маці ўехалі ў адзін з 15 так званых прэзыдэнцкіх домікаў.

Ірына: “Далі — патынкаваныя сьцены, астатняе рабілі самі. Гумно — троху дабудоўвалі. 10 год трэба пасьля атрыманьня доміка рабіць. Мы людзі некачавыя...”

У Ірыны, як і ва ўсіх крупаўлянаў, зараз галоўная небясьпека — транспартная.

Ірына: “Адмяняюць маршрутку з-за 360 ўказа, бо на маршрутцы робяць найманыя рабочыя. А гэта адзіная магчымасьць дабрацца да Ліды, дзе працуе большасьць. І як дабірацца да працы людзям?!”

У адчаі 18-гадовая дачка — прыгажуня Анжэла, якая вучыцца ў Лідзе ў вучэльні.

Анжэла: “Прыйдзецца ў інтэрнаце жыць. Ня хочацца, бо там большасьць хлопчыкаў, далёка ад хаты не прызвычаілася. Аўтобус ходзіць толькі па суботах ды нядзелях — катастрофа, канечне...”

У 78-гадовай маці — бабулі Алены свая трагедыя. Ірына падводзіць яе, падтрымліваючы за руку. Спадарыні Алене зрабілі апэрацыю на вачах...

Ірына: “Яна рабіла ў Мажэйкаве — там лекавы саўгас — сэзонная праца па зборы рамонкаў. І пэнсія 180 тысяч. А праца цяжкая — валяр’яну садзіць, дык пчолы пакусаюць рукі...”

Сп. Алена: “Дык, міленькі, я булачкі хлеба не прынясу ў руках. Мяхі на плячах цягалі, зерне білі цяпкамі. Здароўе адбіла. А цяпер асьлепшы. На лекі, лічы, палова пэнсіі — парашкі па 3—4 разы на дзень піць. Лячуся 20 гадоў, вялікі ціск, адкладаньне соляў, ноччу зусім ня сплю. А я слухаю па тэлевізары, што пэнсіі рубельчык прыбавяць — аж не, якая ёсьць, такая ёсьць. У мяне 40 гадкоў стажу. Зьняважылі зусім старую. Унучка распранае і хустку завязвае. І, кажа, падтрымлівай Лукашэнку — можа, каму, а мяне зьняважыў...”

Пра сямейства Кедыкаў кажуць, як пра пацалаваных лёсам. Але не за тое, што таксама атрымалі новы домік. Як вядзецца на вёсцы, пра іх ходзяць зайздросныя чуткі: маўляў, выйгралі ў “Спортлато” мільёны ды кватэру ў Менску. Не прамінуў пазнаёміцца з Вольгай, Іванам ды 10-гадовым Сяргеем і я. Мае суразмоўцы сьмяюцца.

Іван: “Нічога мы ня выйгралі... (Сьмяецца.) Нідзе ня ўдзельнічалі — цешча выйграла ў “Супэрлато” двухпакаёвую кватэру ў Менску і 107 мільёнаў. Ёй пашанцавала, а людзі кажуць, што мы...”

Карэспандэнт: “А каб вы выйгралі, з Крупава паехалі б у Менск?”

Вольга: “Не, не паехалі б”.

Сяргей: “А я б паехаў!”

Вольга: “Ён у Менску быў на экскурсіі і прэзыдэнта бачыў здалёк. А мы не, бо, можа, працу знайсьці там і можна, а людзям, якія нарадзіліся ў вёсцы, вельмі цяжка...”

Сабекошт доміка — 74 мільёны. Гаспадары непакояцца, што фармальна ён належыць ня ім.

Вольга: “Мы зьбіраемся прыватызаваць, бо ня ведаем, што зьменіцца. А так бачыце — паркан добры зрабілі, плітку зьбіраемся пакласьці. А пасьля што — нас згоняць? Сёньняшняй дзяржаве не паверыш — хочацца мець сваё...”

Прыемнай неспадзяванкай стала знаёмства з 25-гадовым Алесем Хітруном. Хударлявы хлопец з дапытлівым позіркам. Вучыцца на філялёгіі ў Горадні. Пісаў вершы ды апавяданьні па-руску. Па перакананьні ды поклічы сэрца, як ён кажа, перайшоў на родную мову. Я засьпеў яго на будоўлі, дзе ён часова працуе.






Хітрун: “Завуся Алесем, з-пад Ліды я родам.
Аддаў жыцьця песьні свайму я народу.
Сваёю я песьняй народ абуджу
І зь ім я павесьці размову хачу...”


Карэспандэнт: “Ну і каго і ад чаго ты хочаш абудзіць у Крупаве?”

Хітрун: “Да роднай мовы, каб людзі былі больш пранікнёныя. Я мову палюбіў з 2002 года. Быў тут пісьменьнік, які хоць пісаў па-руску, пераканаў: калі ты нарадзіўся ў Беларусі, мусіш пісаць на беларускай мове. І неяк генэтычна ўспомніў яе. Я пазнаёміўся зь Ліпскім, Камейшам. Ніла Гілевіча ведаю. З Уладзімерам Арловым сустракаўся. З Хрысьцінай Лялько — лідчанкай. Напісаў нядаўна “Малітву пра Беларусь”...”

Сёлета ў Крупаве маюць зрабіць аграгарадок. Пытаючыся пра адносіны да яго, паўсюдна сустракаў абыякавыя позіркі. А памянёны спадар Антон Чайка выказаўся адкрыта.

Чайка: “Гарадкі не апраўдаюць сябе, бо прыходзяць людзі, якія не зьвязаныя зь зямлёю, не нарадзіліся на ёй, і працуюць абы як. Правільна, хтосьці жыльлё атрымае. Але калгас будзе плаціць і плаціць — адным за кошт другіх, выходзіць, праўда?! Самі бульбачку садзім, гародніну — і пракормім сябе. Усе сьвяты адзначаем тут, мангальчык зробім, песьні пасьпяваем. З Крупава ня зьедзем — гэта мае карані — і бабулі, і дзядулі, і бацькі. Зямля, на якой жывем і ўнукі будуць жыць...”

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG