Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наколькі вялікая частка людзей у беларускім грамадзтве, якіх можна назваць расчараванымі? Як можна да яе дагрукацца?


На гэтыя пытаньні адказвае незалежны сацыёляг Аляксандар Сасноў

Цыганкоў: «Наколькі вялікая частка людзей у беларускім грамадзтве, якіх можна назваць расчараванымі – тыя, якія ня вераць ані прэзыдэнту, ані апазыцыі?»

Сасноў:
«Трэба адзначыць, што ў многіх грамадзтвах значная частка насельніцтва абыякава ставіцца да таго, што адбываецца ў палітыцы. Але ў такім грамадзтве, як наша, большасьць палітычных праблемаў адразу выклікае падзел насельніцтва на дзьве групы. Першая ніколі не падтрымлівае існуючую ўладу – яна дасягае да 30 працэнтаў, другая амаль заўсёды падтрымлівае ўладу і іхняя колькасьць дасягае часам 50 працэнтаў. Засталося 20 працэнтаў, іх і можна назваць расчараванымі.

Але гэта палітыка. А калі пытаньне ўзьнікае наконт сацыяльных праблемаў – дабрабыту, цэнаў, даходаў – то гэтыя «абыякавыя» таксама пачынаюць адыходзіць да тых групаў, якія альбо ўспрымаюць дзеяньні ўлады, альбо не»

Цыганкоў:
«Як можна дастукацца да гэтай групы насельніцтва? Што зрабіць, каб яны пачулі тую ці іншую пазыцыю, з якімі лёзунгамі да іх ісьці?»

Сасноў:
«Пытаньне яшчэ ў тым, наколькі вялікія патрэбы гэтых людзей. Калі Лукашэнка казаў пра «чарку ды шкварку», ён у значнай ступені меў рацыю. Пэўная частка беларусаў абыходзіцца гэтай «чаркай ды шкваркай», «абы не было вайны». Калі гэта ёсьць, то астатняе, у тым ліку і ў сацыяльным аспэкце, асабліва не турбуе. Калі ж стане зусім цяжка з «чаркай і шкваркай», кажучы фігуральна, бо да гэтага можна аднесьці ўсе прадметы першай неабходнасьці, тады да гэтых людзей можна дастукацца. Пакуль такой сытуацыі ў краіне няма»

Цыганкоў:
«Няўжо гэтыя людзі зусім не цікавяцца такімі праблемамі, як, напрыклад, сацыяльная справядлівасьць ці правоў чалавека? Іх можа хваляваць, калі кагосьці незаконна затрымалі -- бо тое самае можа адбыцца і зь імі?»

Сасноў:
«Гэтыя людзі такія праблемы ўспрымаюць толькі тады, калі такая зьява адбудзецца зь імі асабіста. Калі затрымалі «кагосьці» - гэта іх не цікавіць».

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG