Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ўзмоцніцца ціск на польскую дыяспару ў Беларусі?


Як могуць падзеі ў Косаве паўплываць на сытуацыю ў Беларусі? На думку палітоляга, Менск можа ўзмацніць ціск на польскую меншасьць у сваёй краіне.


Палітоляг Аляксандар Фядута ў эфіры Свабоды выказаў меркаваньне, што абвяшчэньне незалежнасьці Косава дазволіць Менску лішні раз узмацніць ціск на польскую меншасьць у Беларусі:

“Пачынаецца, на мой погляд, перагляд межаў, якія ўтварыліся ў Эўропе. І калі адна са звышдзяржаваў, прыкладам, Злучаныя Штаты прызнаюць Косава, дык Расея прызнае, напрыклад, Абхазію.

Беларусі, на першы погляд, гэта не датычыцца. Але паглядзіце, якую буйную кампанію ўзьнялі беларускія ўлады супраць “карты паляка”. Тое, што ў гэтым выпадку ўзмацніцца ціск уладаў на польскую дыяспару ў Беларусі, у мяне няма ніякага сумневу”, – мяркуе Аляксандар Фядута.

Палітолягі Андрэй Фёдараў і Віталь Сіліцкі нязгодныя з гэтым.

Сіліцкі: “Ня думаю, што адбудзецца больш, чым адбываецца цяпер. Фармальнага ці фактычнага ўзмацненьня з боку Беларусі я не чакаю. Хіба некалькі “рытуальных скачак” каля сэрбскай амбасады, вось і ўсё.

Што да польскага пытаньня, то антыпольская прапаганда ўзмацнілася калі? Калі Квасьнеўскі быў прэзыдэнтам, і ён адыгрываў важную ролю ў памаранчавай рэвалюцыі ва Ўкраіне. Гэта напалохала беларускія ўлады, і пачаўся ціск на Саюз палякаў менавіта з гэтай прычыны: каб зьнізіць тут уплыў Польшчы. Зараз уплыў Польшчы ў Эўропе і так “ніжэй калена”, так што асаблівай нагоды змагацца з палякамі няма”.

Фёдараў: ”Я згодны зь Віталем, тым больш што ў нас няма вялікіх раёнаў кампактнага пражываньня палякаў, дзе яны складалі б большасьць. Яны ў меншасьці і ў Гарадзенскай, і ў Берасьцейскай абласьцях. Мяркую, у большай ступені актывізуецца антызаходняя прапаганда – антыамэрыканская і антыэўрапейская. Маўляў, “зь іхняга дазволу, пры іхняй падтрымцы падзялілі незалежную дзяржаву, нашых братоў сэрбаў” і гэтак далей”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG