Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можа ўвядзеньне “карты паляка” прывесьці ў Беларусі да міжэтнічных канфліктаў, як тое цьвердзяць беларускія ўлады? Ці спародзіць гэты прывілей падвойную дзяржаўную ляяльнасьць беларускіх палякаў? Наколькі “карта паляка” стасуецца з міжнародным правам і міжнароднай практыкай? Гэтыя тэмы ў “Праскім акцэнце” абмяркоўваюць рэдактар часопісу “Архэ” Валер Булгакаў, аналітык нашага радыё Ян Максімюк і карэспандэнт “Газэты выборчай” у Беларусі Андрэй Пачобут.


Дракахруст:
“Закон аб “Карце паляка” быў прыняты Сэймам Польшчы летась. Гэта закон дае пэўныя льготы і прывілеі асобам, якія жывуць за межамі Польшчы, аднак лічаць сябе палякамі, ведаюць польскую мову і лічаць яе роднай, прытрымліваецца польскіх пабытовых традыцыяў і звычаяў. Уладальнік “карты” мае права атрымаць бясплатную шматразовую візу ў Польшчу, працаваць у Польшчы без адмысловага дазволу, паступаць у польскія ВНУ на агульных падставах з грамадзянамі Польшчы.

Гэты закон выклікаў рэзкую рэакцыю беларускага боку. Прэсавы сакратар МЗС Андрэй Папоў заявіў, што “рэалізацыя закону ў ягонай цяперашняй рэдакцыі здольная сур'ёзна дэстабілізаваць міжнацыянальныя адносіны ў нашай краіне, спарадзіць недавер паміж беларускімі грамадзянамі розных нацыянальнасьцяў”.

На гэтым тыдні на польскае новаўвядзеньне абрынуўся і кіраўнік Беларусі. Выступаючы зь лекцыяй у БДУ Аляксандар Лукашэнка сказаў: “Нашы недабразычліўцы ўжо ня раз рабілі спробу ўмяшацца ва ўнутраныя справы краіны, штучна разьдзьмуваючы “польскае” і “габрэйскае” пытаньне. Сьвежы прыклад – прыняцьце Сэймам Польшчы закону аб “карце паляка”.

І зусім ужо апакаліптычную карціну намалявала ў сваім рэдакцыйным камэнтары “Советская Белоруссия”. У артыкуле “Краплёная карта” газэта піша, што карта паляка – фактычна пашпарт, і выбудоўвае ланцужок: спачатку карта, потым – патрабаваньне культурнай аўтаноміі, потым рэфэрэндум аб далучэньні мясцовасьцяў, населеных палякамі, да Польшчы.

Адкінуўшы ў бок гэтыя страшылкі, варта, відаць, усё ж пагаварыць пра сэнс і значэньне “карты” паляка. Адна краіна надае сваім супляменьнікам, якія жывуць у іншай краіне, адмысловыя правы і прывілеі. Ці не спараджае гэта сапраўды ў гэтых людзей падвойнай грамадзянскай ляяльнасьці? Тут размове ідзе не пра ляяльнасьць да існых уладаў, а пра ляяльнасьць да дзяржавы, да краіны.Ці ня ёсьць гэта рашэньне да пэўнай ступені сумнеўным? Валер Булгакаў, як Вы мяркуеце?”


Булгакаў:
"Я ўвесь мінулы год працаваў пры адным варшаўскім унівэрсытэце. І ўжо там у Варшаве мы пачыналі заўзята дыскутаваць наконт сэнсу, значэньня і магчымых наступстваў гэтай "карты паляка". Трэба сказаць, што я з самага пачатку выказваў пэўны скепсіс, ці слушна зрабіла польская ўлада, ўводзячы такі дакумэнт. Мой аргумэнт быў хутчэй з галіны філязофіі нацыі і нацыяналізму на эўрапейскім кантынэнце.

Уводзячы "карту паляка", польскія эліты фактычна падпісваюцца пад дактрынай этнічных нацый. Падобныя ініцыятывы зьяўляюцца перад усім у цэнтры эўрапейскага кантынэнту, ў Францыі ці ў Англіі цяжка сабе ўявіць увядзеньне карты француза ці карты ангельца. Наагул гэтая традыцыя сягае даўнейшых часоў, я ўзгадаю філязофію нацыяў Гэрдэра альбо практыку другой паловы ХХ стагодзьдзя, калі, скажам, турэцкім гастарбайтэрам у Нямеччыне даводзілася жыць дзесяткі гадоў без спадзеву атрымаць нямецкае грамадзянства, тым часам як этнічныя немцы з СССР атрымлівалі гэтае грамадзянства без сур’ёзных праблем.
Таму мае аргумэнты былі таго кшталту, што гэта адраджэньне этнічнага нацыяналізму, і што такі прынцып ідзе ўразрэз з вартасьцямі грамадзянскага нацыяналізму. Але цяпер, пасьля таго, як я вярнуўся на бацькаўшчыну і паглядзеў, як рэагуюць беларускія ўлады на ўвядзеньне гэтай "карты", мая пазыцыя зьмянілася.

В. Булгакаў: "Гэта адраджэньне этнічнага нацыяналізму і такі прынцып ідзе ўразрэз з вартасьцямі грамадзянскага нацыяналізму"
Увядзеньне "карты паляка" -- гэта перад усім дэманстрацыя таго, што Польшча робіцца ўплывовым гульцоў у нашым рэгіёне. Тое, чаго непрыхавана баяцца беларускія ўлады, гэта страціць кантроль над нацыянальнай палітыкай у Беларусі. Кантроль -- ключавое слова і ключавая фобія, якая выпраменьваецца з заяваў афіцыйных беларускіх асобаў кшталту Чаргінца, Лукашэнкі ці афіцыйных праўрадавых публіцыстаў.

У Беларусі дэ-факта адноўленая савецкая нацыянальная палітыка, але робіцца яна досыць нязграбна, досыць груба, адначасова з рыторыкай пра нацыянальную гармонію мы бачым рэальны перасьлед беларускамоўных беларусаў, этнічных палякаў альбо іншых меншасьцяў у Беларусі. І натуральна, што калі гэтая "карта паляка" стане нечым прывабным, калі пачнецца масавы нізавы рух , скажам, жыхароў Заходняй і цэнтральнай Беларусі па яе атрыманьні, гэта можа дэстабілізаваць той нацыянальны балянс, які склаўся на цяперашні момант".

Дракахруст: "Андрэй, Валер ўжо пачаў размову пра міжнародную практыку, пра практыку Эўропы. Здаецца, спрыяньне замежным сумпляменьнікам тытульнай нацыі зьяўляецца дастаткова распаўсюджанай практыкай у сьвеце. Валер вось сказаў, што немагчыма ўявіць сабе карту француза ці ангельца. Але, напрыклад, Нямеччына і Ізраіль заўсёды дбалі пра адпаведна немцаў і габрэяў ва ўсім сьвеце, Расея мае праграмы падтрымкі суайчыньнікаў. Што тычыцца Расеі, то яна часам нават робіць ціск на суседнія краіны, дамагаючыся захаваньня правоў расейскай мовы – мовы расейцаў, што жывуць у гэтых краінах. Дык чым тут адрозьніваецца падыход Варшавы? І больш шырокае пытаньне -- наколькі такая палітыка падтрымкі этнічных суплямненьнікаў стасуецца з грамадзянскім прынцыпам пабудовы нацыяў, які зараз прыняты за аксіёму ў Эўразьвязе і які быў ад пачатку закладзены ў падмурак Злучаных Штатаў?”


Андрэй Пачобут(зьлева) у гарадзенскім судзе
Пачобут
: "Сапраўды, падобныя да "карты паляка" дакумэнты маюць Літва, Грэцыя, Вугоршчына, Славаччына, Нямеччына і Расея, якія актыўна падтрымліваюць свае дыяспары. Гэта выглядае абсалютна натуральным, што дзяржава клапоціцца пра сваіх суайчыньнікаў, што жывуць за яе межамі. Я ня бачу тут нейкай супярэчнасьці. Уступленьне Польшчы ў Эўразьвяз не азначае, што зьнікла польская нацыя.
Паводле "карты” палякі, якія жывуць за межамі Польшчы, атрымаюць магчымасьць паехаць у Польшчу і працаваць у Польшчы.
Я хачу зьвярнуць увагу на тое, што згодна з дзённым польскім заканадаўствам любы грамадзянін Беларусі мае права на паўгады ехаць па запрашэньні фірмы працаваць у Польшчу.

А. Пачобут: "Польшчай ня будуць падтрыманыя дзеяньні, якія аслабляюць ці шкодзяць незалежнасьці Беларусі"
Стан уладальніка "карты" будзе адрозьнівацца тым, што яму ня трэба будзе праз 6 месяцаў вяртацца ў Беларусь, атрымліваць наноў запрашэньне і ізноў ехаць.

Вы, Юры, сказалі пра падвойную ляяльнасьць. Дык яна характэрная для ўсіх нацыянальных меншасьцяў, я зьяўляюся ляяльным грамадзянінам Рэспублікі Беларусь , але я таксама і паляк, і мне неабыякавая Польшча, неабыякава тое, што там адбываецца. Мне гэта падаецца абсалютна нармальнай зьявай. Гэтая зьява можа прынесьці карысьць як Польшчы, так і Беларусі, бо польская меншасьць, як і любая меншасьць, зацікаўленая ў тым, каб былі прыязныя, добрасуседзкія адносіны паміж краінамі. Варта пра гэта памятаць, калі аналізуюцца апакаліптычныя прагнозы, якія часам падкідае "Советская Беларуссия". Польшча падтрымлівае незалежнасьць Беларусі, і гэта стратэгічнай накірунак польскай зьнешняй палітыкі. І Польшчай ня будуць падтрыманыя дзеяньні, якія аслабляюць ці шкодзяць незалежнасьці Беларусі. І гэта не фанабэрыя польскіх правых палітыкаў, гэта аксіёма, якой прытрымліваюцца ўсе палітычныя сілы Польшчы.

Тут, напрыклад, можна прыгадаць спробу абвяшчэньня польскай аўтаноміі ў Літве. Гэтая спроба не была падтрыманая Польшчай, бо яна пасьлядоўна падтрымлівала незалежнасьць Літвы. Калі ў нейкай фантастычнай плашчыні ўявіць сабе, каб нейкія авантурныя дзеяньні сыходзілі ад польскай меншасьці ў Беларусі, яны абсалютна не былі б падтрыманыя і не знайшлі б ніякага паразуменьня ў Польшчы. "Карта паляка" -- гэта дапамога польскай дзяржавы для суайчыньнікаў за мяжой. І нічога больш."

Дракахруст:
"Мне асабіста падаецца ня зусім карэктным тэрмін суайчыньнікі, які ў такім кантэксьце даволі часта ўжываецца. Скажам, для ўсіх грамадзянаў Беларусі Айчына -- гэта Беларусь, яны суайчыньнікі паміж сабой і ні з кім больш. На мой погляд, казаць супляменьнікі -- больш карэктна, у Беларусі жывуць прадстаўнікі розных этнасаў. Але гэта да слова. Ян Максімюк, а як Вы, ураджэнец Беласточчыны, беластоцкі беларус, ацэньваеце "карту паляка"?"


Максімюк:
"Тут ёсьць шмат падтэкстаў: і псыхалягічнага, і гістарычнага і культурнага пляну. Палякі самі дыскутуюць наконт гэтай "карты паляка", трэба сказаць, што ня ўсе згодныя з ёй. Трэба зьвярнуць увагу, што ідэя наданьне пэўных правоў суайчыньнікам ці супляменьнікам, дыскутаваліся ў Польшчы ўжо гадоў 10. Аднак "карта" была прынятая толькі некалькі месяцаў таму прынятая ўрадам, які ў Польшчы лічыцца самым правым -- урадам Яраслава Качыньскага, які сапсаваў адносіны з Усходам, як толькі мог.

Ясная справа, што гэтая "карта паляка" дае пэўныя прывабныя эканамічныя прывілеі для ўсіх тых, хто лічыць сябе палякам і пражывае на тэрыторыі былога СССР. Яна датычыць ня ўсіх палякаў ва ўсім сьвеце па-за межамі Польшчы, а менавіта тых, якія засталіся ў краінах былога Савецкага Саюзу.

Я. Максімюк: "Размова ідзе пра некалькі дзесяткаў тысяч маладых, сацыяльна мабільных людзей, для якіх эканамічныя і палітычныя умовы жыцьця ў Беларусі ня надта прывабныя"
Палякі, напрыклад, кажуць, што 900 тысяч людзей на Беларусі можа тэарэтычна атрымаць такую "карту". Можна задаць сабе пытаньне, адкуль такая лічба бярэцца, чаму палякі так упарта ігнаруюць лічбу 400 тысяч палякаў у Беларусі, якая фігуруе ў перапісу. Я падазраю, што справа ідзе не пра колькасьць людзей, якія дэкляруюць сябе палякамі, а фактычна пра колькасьць людзей каталіцкага веравызнаньня ці з каталіцкімі каранямі. Я думаю, што "карта паляка" нанава ўздымае гэтае праклятае беларускае пытаньне апошняга стагодзьдзя: каталік у Беларусі -- гэта абавязкова паляк ці ён можа быць і беларусам?

Гэтыя 900 тысяч – лічба, названая гісторыкам Юрыям Туронкам, гэта як раз колькасьць каталікоў і людзей з каталіцкімі каранямі. Я мяркую, што лічба тых, хто будзе прэтэндаваць на атрыманьне гэтай "карты", будзе разоў у 10 меншая, чым тыя 900 тысяч ці нават 400 тысяч. Я мяркую, што размова ідзе пра некалькі дзесяткаў тысяч маладых, сацыяльна мабільных людзей, для якіх эканамічныя і палітычныя умовы жыцьця ў Беларусі ня надта прывабныя. Яны могуць скарыстацца гэтым, і паехаць у суседнюю краіну, каб рэалізаваць свае магчымасьці значна хутчэй і ў значна лепшых абставінах".

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG