Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пазьбегнуць разьмеркаваньня будзе немагчыма?


Ад 1 лютага ў беларускіх ВНУ пачалі працаваць камісіі ў справе разьмеркаваньня.


Сёлета маладых спэцыялістаў будуць разьмяркоўваць згодна з новым палажэньнем. Навучэнцаў ПТВ – на 1 год, выпускнікоў ВНУ і сярэдне-спэцыяльных навучальных установаў – на 2 гады. Як мяркуюць экспэрты, пазьбегнуць абавязковай двухгадовай адпрацоўкі на дзяржаву цяпер ужо будзе нельга.

Алеся, студэнтка пятага курсу адной зь дзяржаўных ВНУ Менску, знайшла працу па спэцыяльнасьці ў камэрцыйным банку, але ж рыхтуецца, што яе разьмяркуюць у дзяржаўны банк.

Алеся: “Я знайшла працу, у прынцыпе нармальная пасада, не касір. Бо пасьля пяці год навучаньня неяк ня вельмі хочацца сядзець на касе, калі там можна сядзець, скончыўшы каледж. Навошта было заканчваць пяць год унівэрсытэту? “Беларусбанк”, напрыклад, дасылае запыт на касу і збольшага туды і разьмяркоўваюць”.

Пазьбегнуць разьмеркаваньня для бюджэтнікаў, паводле палажэньня, фактычна немагчыма – пра гэта кажа былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду, юрыст Міхаіл Пастухоў. Калі раней яшчэ магчыма было неяк дамовіцца з працадаўцамі, да якога накіроўвалі маладога спэцыяліста, то цяпер такі варыянт ня пройдзе, тлумачыць Міхаіл Пастухоў:

Пастухоў:
“Дзяржава цяпер будзе пільна сачыць за тым, ці дабраўся кожны выпускнік да месца працы. І калі высьветліцца, што ён не паехаў працаваць туды, куды яго разьмеркавала камісія, то ў гэтым выпадку будуць рабіцца адпаведныя захады – як адміністрацыяй на месцы, куды ён быў павінен прыехаць, гэтак і Міністэрствам адукацыі”.

Асаблівасьць у тым, што выбар гэты толькі ў рэгіёнах, і насамрэч трэба ўсё адно зьяжджаць зь Менску
Палажэньне, тлумачыць Міхаіл Пастухоў, вельмі дэталёва прапісвае ўсе выпадкі, калі можна не зьяжджаць па разьмеркаваньні ў чужы горад ці вёску: напрыклад, наяўнасьць мужа ці жонкі, маленькага дзіцяці, інваліднасьць, альбо проста сытуацыя, калі заяўкі на такіх спэцыялістаў з рэгіёнаў не паступілі. Усе астатнія выпускнікі, якія вучыліся за кошт бюджэту, абавязаныя ехаць туды, куды іх дасылаюць. Найперш разьмяркоўваюць выдатнікаў, потым – усіх астатніх.

Пастухоў: “Тым, хто вучыўся лепей, даецца ўсё ж нейкі шанец выбраць месца працы. Але ж асаблівасьць у тым, што выбар гэты толькі ў рэгіёнах, і насамрэч трэба ўсё адно зьяжджаць зь Менску й выпраўляцца ў рэгіёны”.

Карэспандэнтка:
“То бок, выбар, але выбар з найгоршых варыянтаў?”

Пастухоў
: “Так, абсалютна дакладна”.

Калі на месцы той працы, якую абяцалі, няма, альбо калі працадаўца вымушаны звольніць маладога спэцыяліста (напрыклад, калі арганізацыя прызнаная банкрутам і распускае супрацоўнікаў), малады спэцыяліст абавязаны зьвярнуцца зноў у камісію па разьмеркаваньні, каб яго пераразьмеркавалі ў іншае месца.

Палажэньне аб разьмеркаваньні дэ-юрэ дае маладым спэцыялістам пэўныя сацыяльныя гарантыі. У тым ліку – жытло, калі спэцыяліст прыяжджае зь іншага гораду. Дэ-факта, за жытло часам даводзіцца плаціць самому – з малога заробку школьнай настаўніцы ці лекара.

Сябра Беларускага Хэльсынскага камітэту, правабаронца Алег Гулак:

Гулак: “Там гаворыцца аб тым, што могуць даваць жытло і ў выпадку, калі няма жытла, мясцовыя органы могуць кампэнсаваць выдаткі на арэнду гэтага жытла. Тое, што абавязкова павінны даць такое і такое жытло маладому спэцыялісту – гэтага няма”.

Пазьбегнуць разьмеркаваньня немагчыма нават тады, калі працадаўца звольніў маладога спэцыяліста за прагул – усё адно маладога чалавека накіруюць працаваць у іншае месца. Альбо прымусяць плаціць за адмацаванье, як гэта адбылося з журналісткай Ксеніяй Авімавай, леташняй выпускніцай журфаку.

“Абмяркоўваць плюсы і мінусы гэтага амаральнага заканадаўства – я лічу, што гэта бязглузьдзіца”

Дзяўчыну прымусілі заплаціць дзяржаве за тое, што яна адмовілася працаваць паводле разьмеркаваньня ў валожынскай раённай газэце «Працоўная слава». У 2007 годзе Авімава перамагла ў намінацыі «Найлепшы блог» на міжнародным спаборніцтве The BOBs-2007.

Ксенія пакуль яшчэ не сабрала патрэбных 10 тысячаў даляраў.

Я асабіста супраць любога прымусовага разьмеркаваньня маладога спэцыяліста, калі яму не даюць выбіраць месца самому
Авімава:
“На маю думку, абмяркоўваць палажэньне аб разьмеркаваньні наіўна, бо я асабіста супраць любога прымусовага разьмеркаваньня маладога спэцыяліста, калі яму не даюць выбіраць месца самому, а прапаноўвае нейкі сьпіс, зь якога ён павінен выбраць. І абмяркоўваць плюсы і мінусы гэтага амаральнага заканадаўства – я лічу, што гэта бязглузьдзіца”.

“Нягледзячы на крытычнае стаўленьне моладзі да сыстэмы абавязкова разьмеркаваньня, яна зьяўляецца рэальнай абаронай тых, хто пакуль недастаткова канкурэнтаздольны на рынку працы”, - заявіў намесьнік кіраўніка ўраду Беларусі Аляксандар Касінец. Чыноўнік падкрэсьліў, што абавязковае разьмеркаваньне – адна зь мераў сацыяльнай падтрымкі і абароны моладзі.

Ксенія Авімава лічыць, што цяпер выпускнікі ВНУ, каб не зьяжджаць па разьмеркаваньні ў рэгіёны, будуць залучаць фіктыўныя шлюбы.

А Міхаіл Пастухоў прадбачыць таксама, што студэнты старэйшых курсаў будуць пераводзіцца на платную форму навучаньня, альбо ў недзяржаўныя ВНУ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG