Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці адчыніць незалежнасьць Косава “скрыню Пандоры”?


Ці можа абвяшчэньне незалежнасьці Косава стаць каталізатарам для іншых народаў і дзяржаўных утварэньняў, якія жадаюць незалежнасьці? Як можа існаваць новая дзяржава ва ўмовах непрызнаньня з боку многіх краінаў сьвету? Як беларускія ўлады і дзяржаўная прапаганда будуць рэагаваць на косаўскія падзеі? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы Экспэртыза Свабоды адказваюць палітоляг Віталь Сіліцкі і экспэрт у замежнай палітыцы Андрэй Фёдараў.


Цыганкоў: “Некаторыя аглядальнікі і палітыкі цяпер пагражаюць тым, што сытуацыя з абвяшчэньнем незалежнасьці Косава можа адчыніць гэтак званую скрынку Пандоры. ЗША і краіны Эўразьвязу сьцьвярджаюць, што сытуацыя ў Косаве дастаткова ўнікальная, Расея наадварот праводзіць паралелі з Паўночнай Асэтыяй і Абхазіяй. Ваша меркаваньне, ці стане сытуацыя з Косава каталізатарам для барацьбы іншых народаў і дзяржаўных утварэньняў, якія жадаюць незалежнасьці?”

“Косава рэальна -- міжнародны пратэктарат”


Сіліцкі:
“Ці становіцца Косава рэальна незалежнай дзяржавай? Размова ідзе пра стварэньне міжнароднага пратэктарату, якім Косава дасюль дэ-факта і зьяўлялася, і замацаваньні гэтага юрыдычным чынам. Бо без падтрымкі ЗША і Эўразьвязу я ня пэўны, што незалежная дзяржава Косава можа існаваць.

Так, гэта гамагенная тэрыторыя, монаэтнічная сытуацыя, але без уласнай нацыянальнай ідэнтычнасьці – там існуе альбанская. Калі адпускаецца Косава, то ўвесь час будзе вісець пытаньне пра “Вялікую Альбанію”, але гэта міжнароднай супольнасьці будзе вельмі страшна дапусьціць, бо тады сапраўды ланцуговая рэакцыя можа пайсьці. Таму Косава на найбліжэйшае дзесяцігодзьдзе застанецца ў тым статусе, у якім яно перабывае. І як не дзіўна гэта гучыць, абвяшчэньне незалежнасьці мала што мяняе для самога Косава”.

Цыганкоў: “Віталь, але ёсьць меркаваньне, што за гады існаваньне касавараў у Югаславіі яны даволі далёка адышлі ад жыхароў Альбаніі, якія былі пад ізаляцыяналізмам Энвэра Хаджы”.

Сіліцкі: “Гэта так, Косава больш мадэрнізаваная грамадзтва, чым Альбанія. Але мы бачылі, як пасьля абвяшчэньня незалежнасьці яны махалі альбанскімі сьцягамі...”

Цыганкоў: “Ну, у іх проста да нядзелі свайго сьцягу не было.. Андрэй, ці можа абвяшчэньне незалежнасьці Косава стаць каталізатарам для іншых народаў і дзяржаўных утварэньняў, якія жадаюць незалежнасьці?”

Фёдараў
: “Па-першае, трэба падзяліць фармальны і фактычна бок справы. Адны сьцьвярджаюць, што гэта ўнікальная сытуацыя, іншыя – што гэта стварае прэцэдэнт. Як слушна сказаў Віталь, краіна амаль 10 гадоў знаходзіцца пад пратэктаратам ААН, пад матэрыяльным забесьпячэньнем ЗША і Эўразьвязу, -- у гэтым унікальнасьць сытуацыі.

Косава – гэта цяпер монаэтнічная краіна, там звыш 90 працэнтаў альбанцаў. Нават калі б удалося вярнуць тых 100 тысяч сэрбаў, якія пакінулі Косава пасьля НАТОўскіх бамбаваньняў у 1999 годзе, -- усё роўна гэта радыкальна не зьмяніла сытуацыю. Бо калі б адбыўся рэфэрэндум, то ў любым выпадку пераважная большасьць прагаласавала б за незалежнасьць.

У гэтым сэнсе ёсьць вялікае адрозьненьне ад Абхазіі, дзе грузін было палова насельніцтва, і яны былі выгнаныя, і цяпер жывуць у Грузіі. Калі б там быў рэфэрэндум пасьля іх вяртаньня, становішча было б зусім іншым.

Так што ў Косава ёсьць дастаткова ўнікальныя акалічнасьці, але ў гэтыя дэталі не зьбіраюцца ўнікаць на тых тэрыторыях, якія жадаюць незалежнасьці – баскская, Корсыка, Паўночная Асэтыя, Абхазія, Прыднястроўе. Пра гэтыя дэталі “забудуцца”, альбо будуць іх ігнараваць.

Таму наступствы могуць быць. Наколькі я ведаю, у краіне баскаў ужо адбыліся хваляваньні з нагоды Косава. І можна чакаць, што іншыя тэрыторыя будуць імкнуцца гэта выкарыстаць на сваю карысьць. Але я думаю, гэта не набудзе шырокі маштаб і значна паўплывае на стабільнасьць Эўропы ў цэлым.”

Для многіх сэрбаў важнейшае пытаньне інтэграцыі Сэрбіі ў Эўразьвяз

Цыганкоў: “Ужо цяпер відавочна, што сярод сталых сябраў Рады Бясьпекі ААН Расея, а хутчэй і Кітай, не прызнаюць незалежнасьць Косава. Як можа існаваць новая дзяржава ва ўмовах непрызнаньня з боку многіх краінаў сьвету?”

Косава будзе працягваць існаваць як фактычна пратэктарат Эўразьвязу і ЗША, і пакуль гэта так, Косава будзе стабільным.
Сіліцкі:
“Косава будзе працягваць існаваць як фактычна пратэктарат Эўразьвязу і ЗША, і пакуль гэта так, Косава будзе стабільным. Зьнешнепалітычная падтрымка, фінансавае забесьпячэньне – гэта ўсё справа зьнешніх актораў. Валюта, якая выкарыстоўваецца ў Косаве – гэта эўра, і гэта таксама паказьнік. Так што хоча гэтага Расея і Сэрбія альбо не – але што яны зробяць?

Ня варта чакаць, што самі сэрбы будуць радыкальна абвастраць сытуацыю. Значная частка насельніцтва стамілася ад усіх канфліктаў і да праблемы Косава ставяцца абыякава. Нашмат больш для гэтых сэрбаў важнейшае пытаньне інтэграцыі Сэрбіі ў Эўразьвяз, якое зараз можа зьнікнуць менавіта з-за ўпартасьці сэрбскай палітычнай эліты ў праблеме Косава.

Увогуле, можа так здарыцца, што ад гэтага канфлікту выйграюць усе тры бакі – касавары, альбанцы і сэрбы – бо дзеля таго, каб іх памірыць, прыйдзецца усіх прыняць у Эўразьвяз”.

“Не прызнаюць Косава не так шмат краінаў”

Цыганкоў: “Дзякуй Віталю, які прапанаваў вельмі простае рашэньне косаўскай праблемы...Пакуль, аднак, Косава будзе існаваць без прызнаньня з боку многіх краінаў. Наколькі доўга прытрымаецца гэта сытуацыя, ці будзе яна моцна “напружваць” сусьветную супольнасьць?”

У Сэрбіі ёсьць нейкі сакрэтны плян з нагоды незалежнасьці Косава...
Фёдараў:
“Вядома, што ў Сэрбіі ёсьць нейкі сакрэтны плян з нагоды незалежнасьці Косава. Вядома, аднак, што ён не ўтрымлівае ваенных акцыяў.

У адрозьненьні ад Паўночнага Кіпру, куды ніхто нават адпачываць ня езьдзіць, які не прызнаны нікім, акрамя Турэччыны -- я лічу, што не прызнаюць Косава не так шмат краінаў. Зразумела, Расея, нейкія яе сатэліты (напрыклад, Беларусь відавочна не прызнае) – але астатнім гэта зусім ня там цікава. Што там Бразыліі ці афрыканскім краінам да праблемы Косава?

Блякаду там арганізаваць не магчыма. Я думаю, аднак, што працягнецца гэта даволі доўга. Добра. Вядома ж, як казаў Віталь, каб іх усіх прынялі ў Эўразьвяз, але цяпер у Эўразьвязе пануе настрой, што яны нават пасьпяшаліся з прыняцьцем Баўгарыі і Румыніі. Калі яшчэ новыя не падрыхтаваныя краіны ўступяць, то для самога Зьвязу гэта створыць праблемы. Ды ня так ужо яна баяцца таго, што там адбудзецца – хаця гэта сапраўды, унутраны двор Эўразьвязу, які з усіх бакоў атачае гэтую тэрыторыю.”
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG