Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

”Царква мусіць выступіць у абарону правоў чалавека”


Пётра Рудкоўскі (фота "Нашай нівы")

Пётра Рудкоўскі (фота "Нашай нівы")

Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – Пётра Рудкоўскі. Яму трыццаць гадоў. Нарадзіўся ў Канвелішках Воранаўскага раёну. Закончыў Ягелёнскі ўнівэрсытэт у Польшчы. Тэоляг, філёзаф, каталіцкі дыякан, сябра Дамініканскага ордэну. Сталы аўтар часопісу “Архэ”, тыднёвіку “Наша ніва”, шэрагу папулярных інтэрнэт-рэсурсаў.


Уліцёнак: “Чым адгукнуліся Вашыя вострыя выступы пра апалячваньне і антыбеларускую пазыцыю касьцёлу на Гарадзеншчыне?”

Рудкоўскі
: “Некаторыя сьвятары і вернікі выказалі тут пэўную салідарнасьць. Аднак многія лічаць гэта неапраўданым крокам у тым сэнсе, што, маўляў, навошта было выказваць у публічнай форме.

Мой адказ такі: ня варта баяцца публічнасьці. Калі праблема публічная, то яна мае больш шанцаў на вырашэньне. Пераадолець пэўныя праблемы нам лягчэй супольна, чым калі яна замкнёная, табуізаваная”.

Уліцёнак: “Якія стан ды пэрспэктывы шматканфэсійнасьці на Беларусі – часам цьвердзяць, напрыклад, што неўзабаве набяруць вагу эвангелісты?”

Рудкоўскі:
“Спэцыфіка эвангельскай царквы, сапраўды, у тым, што яна даволі такі прымальная для пэўнай катэгорыі людзей – можа, больш схільных да эмацыйнай духоўнасьці. Аднак – не для ўсіх, хто шукае веры. Зусім не для кожнага такая форма рэлігійнасьці прымальная. Розным людзям патрэбныя розныя формы духоўнасьці. Таму ня думаю, што Эвангельле рашуча распаўсюдзіцца заўтра за кошт праваслаўя ці каталіцтва”.

Уліцёнак: “Чым небясьпечнае гэтак званае адзяржаўленьне праваслаўнай царквы?”

У выпадку відавочнага парушэньня правоў чалавека царква і касьцёл павінны гучна выступіць у іх абарону...
Рудкоўскі:
“Празьмернае збліжэньне альбо разьлічваньне на дзяржаву больш, чым на Бога – ну, гэта пагражае папросту дэвальвацыяй дадзенай канфэсіі як такой. Але ня думаю, што такое суцэльнае адзяржаўленьне сапраўды пагражае беларускаму праваслаўю”.

Уліцёнак:
“Чаму на афіцыйным узроўні царква не рэагуе на масавыя парушэньні правоў чалавека? ”

Рудкоўскі:
”Недастаткова яшчэ разьвітая інтэлектуальная рэфлексія на ролю касьцёлаў, цэркваў у грамадзкім жыцьці. Патрабуюцца моцныя інтэлектуальныя сілы для ўсьведамленьня, дзе сфэра дазволенага для Царквы – ці зьяўляецца публічны выступ у абарону правоў чалавека парушэньнем прынцыпу яе падзелу зь дзяржавай або не зьяўляецца такім?

На маю асабістую думку: так, у выпадку відавочнага парушэньня правоў чалавека царква і касьцёл павінны гучна выступіць у іх абарону – гэта адзін з прынцыпаў вернасьці чалавеку, вернасьці пакліканьню быць абаронцам годнасьці чалавека. Тым ня менш гэта не зьяўляецца відавочнасьцю для гіерархаў”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG