Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

С.Касьцян пра Косава: “Гэты цягнік ужо зьехаў...”


Праваслаўныя манашкі на сэрбскай акцыі пратэсту ў Грачаніцы, Косава

Праваслаўныя манашкі на сэрбскай акцыі пратэсту ў Грачаніцы, Косава

Ці паўплываюць косаўскія падзеі на становішча ў Беларусі? З гэтым пытаньнем наш менскі карэспандэнт зьвярнуўся да беларускіх палітыкаў і палітолягаў.


Пятро Садоўскі, былы амбасадар Беларусі ў Нямеччыне, кажа, што асабіста ён адмоўна ставіцца да самаабвяшчэньня Косава незалежнай дзяржавай:

“Як бы там у свой час гісторыя ні падзяліла межы — справядліва ці несправядліва — усіх меншасьцяў ніколі не задаволіш. Фармаваньне нацыяў, дзяржаваў, геапалітычнай мапы сьвету для некага можа быць і несправядлівым. Як, скажам, гістарычна склаўся лёс і нашай Беларусі.

У кожнай нацыі ёсьць свае міты і пакуты. Я як беларус недзе ў глыбіні душы спачуваю альбанцам. Але калі глядзець з пункту гледжаньня сучаснай палітычнай мапы сьвету, дык, канечне, нічога добрага ў гэтым няма”.

Спадар Садоўскі не выключае цяпер дзеяньняў у адказ з боку Расеі:

“Магчыма, Расея, маючы цяпер пэўныя рэсурсы, так бы мовіць, на самагіпнозе і ўздыме, паспрабуе стварыць нейкія рэгіянальныя аб’яднаньні. Але ж гэты пляменны прынцып настолькі састарэлы і архаічны, што наўрад ці што з гэтага атрымаецца. Калісьці прыяжджаў Шэшаль, езьдзіў у Бялград Касьцян, але гэта былі ня больш як гутаркі. Пустыя гутаркі, я б сказаў”.

Сам Сяргей Касьцян — намесьнік старшыні міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў — сёньня, адказваючы на маё пытаньне пра магчымыя пэрспэктывы далучэньня Сэрбіі да саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі, сказаў, што “гэты цягнік ужо зьехаў”:

“Гэтая ідэя да жыцьця ўжо ніяк ня вернецца. Бо калі сэрбы здавалі Мілошавіча Гаагскаму суду, яны таксама здалі і Косава. Вось калі б яны тады не здалі Мілошавіча, не здалі Косава, дык гэтая ідэя ажыцьцявілася б сёньня як ніколі. Яна б была, як кажуць, да стала. А так — ужо ўсё. Цягнік рушыў...”

Палітоляг, выкладчык Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Дзяніс Мельянцоў лічыць, што незалежнасьць Косава паказала і слабасьць Расеі, з чыёй пазыцыяй не палічыліся. І гэта можа падштурхнуць Маскву да нейкіх дзеяньняў, у якія яна можа ўцягнуць і Менск:

“Косава да Беларусі ня мае ў прынцыпе ніякага дачыненьня. І тут вельмі цяжка прасачыць паміж імі сувязі. Таму, я думаю, непасрэдных наступстваў для Беларусі ня будзе. Мабыць, будуць толькі ўскосныя, якія тычацца беларуска-расейскіх дачыненьняў. Ня больш за тое”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG