Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Калі не пратэставаць, то ўзьнікнуць новыя праблемы…”


Як вы ставіцеся да пратэстаў прадпрымальнікаў? На гэтае пытаньне адказвалі гарадзенцы.


Спадарыня: “Я падтрымліваю пратэсты прадпрымальнікаў. І проста дзіўлюся, што ў нашай дзяржаве прыватны бізнэс не падтрымліваецца. Усё робіцца дзеля таго, каб ён папросту зжыў сябе. Выжываюць толькі самыя буйныя магнаты, якія могуць гандляваць дыямэнтамі, нафтай. А тыя людзі, якія толькі кормяць сваю сям’ю, зарабляюць сабе на хлеб, нічога ня просячы ў дзяржавы, яны ў гэтых умовах ня могуць працаваць”.

Малады спадар: “Праблемы праз гэты ўказ шмат у каго ўзьніклі. Людзі мусяць штосьці рабіць, пераафармляюць свае дакумэнты, бяруць іншых людзей на працу. А пратэставаць заўсёды трэба, бо калі не пратэставаць, то ўзьнікнуць новыя праблемы”.

Маладая спадарыня: “Мне ўсё ж здаецца, што пратэставаць супраць гэтага ўказу трэба, інакш далей будзе горш і горш”.

Спадарыня: “Яны робяць абсалютна правільна. Хоць мяне асабіста гэта не датычыць, мне працаўнікі найманыя не патрэбныя, я працую як індывідуальны прадпрымальнік. Але я лічу, што не павінна быць так, каб працавалі толькі родныя ў прадпрымальніка. Вельмі шмат людзей засталіся праз гэта бяз працы”.

Спадар: “Я падтрымліваю прадпрымальнікаў, хаця думаю, што яны наўрад ці чаго дамогуцца. Але ўсё роўна іх падтрымліваю, таму што яны працуюць самі, у дзяржавы для іх працы няма”.

Сталы спадар: “Многае мне не падабаецца ў гэтых прадпрымальнікаў. Трэба плаціць дзяржаве, карацей, пэнсіянэрам трэба за нешта жыць, я так думаю”.

Спадар: “Мы ўжо працуем паводле ўказу, таму нам усё роўна цяпер”.

Ягоны калега: “Мы паўгода таму ведалі ўжо, што няма сэнсу супраціўляцца. Ніякага індывідуальнага прадпрымальніцтва не захаваеш, вырашылі падпарадкавацца ўказу, стварылі фірму. Пратэсты нічога не дадуць”.

Спадар: “Выказваньне такіх пратэстаў нічога ня дасьць, думаю, што гэта —марны лямант. Няма сэнсу ў гэтай валтузьні, няхай людзі згуртуюцца, ім у гэтым становішчы трэба папросту адаптавацца”.

Карэспандэнт: “Атрымліваецца, што беларусы ўвесь час адаптуюцца, прыстасоўваюцца…”

Спадар: “Ведаеце, калісьці палітыкі ў гандляроў прасілі грошай. Гандляры сказалі: мы палітыкай не займаемся, нас цікавіць толькі гандаль і грошы. Але калі ты не цікавісься палітыкай, дык палітыка будзе цікавіцца табой. Ну вось і вынік. Уладзе патрэбны грошы, толькі й усяго”.

XS
SM
MD
LG