Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дом літаратара: Вольга Іпатава, Фэлікс Баторын, Міхась Тычына


Эфір 2 лютага, субота


IN MEMORIAM

ВОЛЬГА ІПАТАВА: “ТВОРЫ КАСТУСЯ АКУЛЫ МЯНЕ АШАЛАМІЛІ”


2 лютага беларуская грамада Канады праводзіла ў апошні шлях аднаго з самых яркіх пісьменьнікаў беларускай паваеннай эміграцыі Кастуся Акулу. Пра ягоную творчасьць і месца ў гісторыі нацыянальнай літаратуры другой паловы XX стагодзьдзя гаворыць вядомая пісьменьніца Вольга Іпатава. Пытаньні ёй задавала Валянціна Аксак.

Валянціна Аксак: “Спадарыня Вольга, калі ўпершыню вы пачулі імя пісьменьніка Кастуся Акулы?”

Вольга Іпатава: “Гэтае імя я прачытала ў падпольнай эмігранцкай літаратуры, якую ў Горадні ў 70-я гады таемна даваў нам, маладым пісьменьнікам і сваім калегам, незабыўны Аляксей Карпюк. Вось тады ў альманаху “Конадні” я і ўбачыла гэтае імя”.

Аксак: “Якое было ваша ўражаньне ад прачытаных твораў Акулы?”

Іпатава: “Гэта была вельмі незвычайная проза. Асабліва ўразілі “Змагарныя дарогі” – урыўкі з раману тады ўжо друкаваліся ў часопісе. Погляд беларуса абсалютна зь іншага боку – ён ашаламляў. Тады я ўпершыню даведалася пра “Пагоню”, пра значэньне гэтага гербу ў нашым жыцьці, і ў мяне ўзьнікла цікавасьць да нашай сапраўднай гісторыі. Таму што ўсё тое, што расказвалася ў нашых падручніках, было ня нашай гісторыяй. І вось гэтае адчуваньне, што ж тады наша, яно нарадзілася якраз у 70-я, калі я чытала эмігранцкую літаратуру”.

Аксак: “А калі і пры якіх абставінах вы асабіста пазнаёміліся з Кастусём Акулам?”

Іпатава: “Я ўбачыла яго ўпершыню на прыступках Опэрнага тэатру, калі ён выступаў на мітынгу. Гэта быў 1992 год, калі ён прыехаў у Беларусь першы раз пасьля вайны. Я, прызнацца, нават і ня думала, што ён жывы, і што ён тут. Я доўга на яго глядзела і не асьмельвалася падысьці, але ўсё ж падышла, і мы пазнаёміліся. І што было мне вельмі дорага, ён, аказваецца, ведаў маё імя, гэта значыць, ён сачыў за беларускай літаратурай на Бацькаўшчыне”.

Аксак: “Потым у вас былі сустрэчы з Кастусём Акулам у Канадзе, у Таронта, дзе ён жыў...”

Іпатава: “Я ўбачыла яго там у 2003 годзе і ў 2005-м яшчэ раз , і скажу вам, што ён мяне прыняў як дарагога чалавека. Гэта проста незабыўныя літаратурныя сустрэчы ў маім жыцьці”.

Аксак: “Падчас першага яго прыезду ў Беларусь у 1992 годзе творчасьцю Кастуся Акулы фактычна ўпершыню зацікавіліся выдаўцы ў Беларусі, была падпісаная дамова з “Мастацкай літаратурай” на выданьне ягонага ці ня самага знакамітага раману “Змагарныя дарогі”. Гэты раман праз два гады выйшаў, і за яго Кастусь Акула атрымаў прэмію імя Францішка Багушэвіча, якую штогод прысуджае Беларускі ПЭН-цэнтар да Дня Волі. Потым гэтая кніга была названая ў ліку лепшых ста кнігаў ХХ стагодзьдзя. Дзяржава таксама выказала сваё стаўленьне да творчасьці Кастуся Акулы. Вось што дакладаў 14 ліпеня 1995 году Аляксандру Лукашэнку тагачасны намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта спадар Даўгалёў: “Установлено, что в прошлом году в соответствии с уточнённым планом выпуска издательской продукции… издательство «Мастацкая літаратура» выпустило книгу бывшего члена Белорусской краёвой обороны Кастуся Акулы «Змагарныя дарогі». В книге фальсифицированы события второй мировой войны, принижена роль белорусских партизан в борьбе с немецко-фашистскими захватчиками…»

Супрацьлеглыя ацэнкі творчасьці спадара Акулы існуюць у Беларусі і да сёньня. Якое месца ён насамрэч, на вашу думку, займае ў беларускай літаратуры ХХ стагодзьдзя?”

80-годзьдзе Кастуся Акулы

Іпатава
: “Я ацэньваю творчасьць Кастуся Акулы вельмі высока. Яго “Змагарныя дарогі” – самая знакамітая кніжка. Але, на мой погляд, яшчэ больш значная трылёгія “Гараватка”. Я б яе параўнала з прозай Івана Мележа, толькі ў Кастуся Акулы не было цэнзуры, якая непазьбежна вісела над Мележам. Кастусь Акула – гэта, па-сутнасьці, адзіны ў беларускай літаратуры пісьменьнік, які вобразна, ярка, эмацыйна і на высокім мастацкім узроўні паказаў многія пласты беларускага грамадзтва ў пераломныя часы ХХ стагодзьдзя”.

Аксак: “Калі “Змагарныя дарогі” ўжо двойчы выдадзеныя ў Беларусі, то “Гараватку”, здаецца, ніхто ў нас так і не зьбіраецца выдаваць”.

Іпатава: “Не, безумоўна. І трылёгія гэтая мала вядомая ў Беларусі. Я сама атрымала гэты твор ужо ад яго самога. Я спадзяюся, я не правярала, праўда, што «Гараватка» ёсьць у галоўных нашых бібліятэках. Я глыбока веру, што Кастусь Акула застанецца ў беларускай літаратуры, нягледзячы на вельмі неспрыяльныя для яго абставіны”.

Аксак: “Ці вядома вам нешта пра лёс архіву Кастуся Акулы?”

Іпатава: “Усім будзе распараджацца яго спадкаемца сын Юрка. Вельмі спадзяюся, што спадар Юрка перадасьць архіў бацькі калі не ў Беларусь, дык, прынамсі, у таронтаўскую царкву Кірылы Тураўскага, дзе зьберагаецца падшыўка газэты “Беларускі эмігрант”, якую Кастусь Акула выдаваў. І я думаю, што нават тут, у Беларусі, мы зможам сабраць усю поўную падшыўку яго часопіса “Зважай!” (у мяне ёсьць чатырнаццаць нумароў). Але ж сёньня я проста па шчырасьці ня ведаю, ці аддаваць гэта ў Беларускі дзяржаўны архіў-музэй, ці не аддаваць, таму што мы ўжо ведаем, што бывае з архівамі, з арыштаванымі архівамі”.

Аксак: “Апрача згаданых друкаваных выданьняў у вас ёсьць яшчэ і відэастужка з запісам сустрэчы з Кастусём Акулам?”

Іпатава: “Сапраўды, ёсьць гэты запіс, і я спадзяюся, што ён будзе ў нашых музэях”.

Аксак: “І спадзяемся, што гэтая стужка да нейкага юбілею Кастуся Акулы будзе паказана па нацыянальных беларускіх тэлеканалах”.

АЎТАР І ТВОР

ФЭЛІКС БАТОРЫН: “ЦІ ВІНАВАТАЯ ТУРМА, ШТО ХТОСЬЦІ Ў ЁЙ МАРНЕЎ ДАРМА”


5 лютага споўнілася 60 гадоў паэту Фэліксу Баторыну, які працуе хірургам у Другім менскім шпіталі. Да юбілею ў выдавецтве “Мэдысонт” выйшла ягоная паэтычная кніга пад назвай “На вуліцы Максіма Багдановіча”. Біблейскія сюжэты ў ёй чаргуюцца з народнымі балядамі, фізыялёгія з філязофіяй, лірыка – з эпіграмамі. Пра жыцьцё і сьмерць з паэтам і лекарам гутарыць Міхась Скобла.

Міхась Скобла: “Спадар Фэлікс, звычайна, кнігі складаюцца з апублікаваных ужо вершаў. А вы выдалі таміну на 400 старонак, якая амаль цалкам складаецца з новых вершаў. Гэта ж колькі гадоў вы пісалі ў шуфляду?”

Фэлікс Баторын: “Я не пішу ў шуфляду, такой звычкі ня маю. У кнігу “На вуліцы Максіма Багдановіча” ўвайшлі вершы, напісаныя цягам апошніх пяці гадоў. Усе яны – з ХХІ стагодзьдзя. Але вось дзіўная рэч: milenium неяк і мяне падзяліў на дзьве часткі. Вось перачытваю свае ранейшыя вершы і цяперашнія, – і такое адчуваньне, што іх пісалі два розныя паэты”.

Скобла: “Як успрымаюць пацыенты вашую беларускую мову? Ці пішаце і лечыце вы на розных мовах?”

Баторын: “З хворымі я размаўляю на той мове, якая ім бліжэй. Хворы чалавек, яму трэба адказваць на нейкія пытаньні, яму не да моўных праблемаў. У яго галоўная праблема – здароўе. Гэта справа інтымная, і нешта навязваць чалавеку тут немагчыма. А калі бачу, што чалавеку бліжэй беларуская мова, то гавару зь ім па-беларуску. І гэта не выклікае лішніх эмоцый, успрымаецца як натуральная зьява. Людзі гэта нармальна ўспрымаюць. Беларускую мову нармальна ўспрымае і мае начальнікі, гэта нармальныя людзі”.

Скобла: “Мне запомніўся адзін ваш верш: “Я сяджу над санскрыцкаю “Ведаю”, / галаву кулакамі падпёр. / Ці баюся я сьмерці? Ня ведаю, / бо ні разу яшчэ не памёр!” За даўгія гады працы ў хірургічнай ці прывыклі вы да чужой сьмерці?”

Баторын: “Да сьмерці прывыкнуць немагчыма. І нават калі твой пацыент памірае, і ты разумееш, што ён памёр, і канстатаваў ягоную сьмерць, усё роўна глядзіш, і табе здаецца, а можа ён дыхае, а можа ён варушыцца... Некалькі разоў падыдзеш... Не, да сьмерці нельга прывыкнуць. Вось толькі чалавек жыў, дыхаў, гаварыў, а цяпер яго няма. З гэтым цяжка зьмірыцца”.

Скобла: “Ці верыце вы ў існаваньне душы?”

Баторын: “Усе размовы пра душу я лічу спэкуляцыямі. Я – матэрыяліст, і зьбіць мяне з гэтага шляху немагчыма. Гэта самападман. Чалавеку цяжка зьмірыцца, што вось ён памрэ, і нічога ня будзе. І чалавек пачынае прыдумваць нешта, што дапаможа яму выжыць у гэтым жыцьці. Выжыць і не звар’яцець. Калі яму гэта дапаможа – калі ласка, хай верыць у душу”.

Скобла: “У прадмове да вашай кнігі Леанід Дранько-Майсюк напісаў: “Творчасьць Баторына – гэта сустрэча ўстойлівага сьветагляду і маралі, сьвятла Давідавай зоркі і купальскага агню”. Ідзецца пра мараль, а вы часам у сваіх творах выкарыстоўваеце ненарматыўную лексыку. Дзеля чаго?”

Баторын: “Ва ўсёй кнізе вы знойдзеце ўсяго тры-чатыры выпадкі яе ўжываньня. У мяне на гэтую тэму нават верш ёсьць: “У мове няма забароненых словаў”. Кожнаму слову павінна быць сваё месца. Як пра нейкую брыду гаварыць ласкавымі словамі? Калі вы гаворыце пра нармальныя рэчы, то гаварыць пра іх ненарматыўнымі словамі няварта, нават супрацьпаказана. Ненарматыўную лексыку я ўжываю толькі там, дзе гаворка ідзе пра ненарматыўныя зьявы. А што маральна, што немаральна, гэта цяжка вызначыць. Цяжка прайсьці па жыцьці і нікому не наступіць на нагу. Але калі такое здараецца, то ты мусіш зрабіць палёгку таму, каму нанесеная рана. І гэта будзе маральна”.

ФЭЛІКС БАТОРЫН. З НОВЫХ ВЕРШАЎ

РАЗДАРОЖЖЫ


Скрыжаваньні, раздарожжы,
Павароты, ростані...
Ну, чаму ня даў ты, Божа,
Нам дарогі простае?

І прасёлкамі блукаем
Мы з жыцьцёвай ношаю,
Шлях галоўны свой шукаем
Ды падэшвы зношваем.

Ах вы, боты-чаравікі!
Ах вы, сьцежкі дзікія!
Я знайшоў бы шлях вялікі,
Каб ня вы, шматлікія!..

* * *
Я – выпадковы зьбег малекул.
Я – вынік броўнаўскага руху.
Ну, трэба ж так, што чалавека
Ўтварыла тая завіруха.

Мне ў гэтым сьвеце каламутна
У калаўроце мітусеньня.
Дык што ж, бязвольна і пакутна
Жыць і чакаць свайго зьнікненьня?

Не, калі гэтак адбылося,
Што цела злучанае з духам,
Ня буду забаўкаю лёсу,
Часьцінкай броўнаўскага руху.

І хай канца не абміну я,
Уціснуты ў лажніцу веку, –
Ды павірую, пабунтую
Мільярдамі сваіх малекул!

* * *
Ці вінаватая турма,
Што хтосьці ў ёй марнеў дарма?
А той, хто сьцены мураваў, –
Ён проста рупна працаваў.
А хто ахоўвае муры, –
То ж служба, што ні гавары.
А хто выносіў той прысуд,
Другому не жадаў пакут.
Законам кіраваўся ён.
І меркай усяго – закон.
Закон – ня проста сотня слоў,
Яго стваралі сто галоў.
Сто мудрацоў складалі Звод,
А мудрацоў абраў народ.
А той народ – і ты, і я,
Твая сям’я, мая сям’я.
Між нас жадаючых няма,
Каб чалавек сядзеў дарма.
Тут акалічнасьці віні...
Жыцьцё ж мінала дзень пры дні.
Жыцьцё мінала. А чыё?
Ну, дзякуй Богу, не маё.
Стаіць надзейная турма.
Мы не сядзелі. А дарма.

САЮЗЬНІКАМ
(Эпіграма)

Пабіліся – і квіты,
Бо выйшла: гуз на гуз.
Сэміт з антысэмітам,
Прыўкрасны ваш саюз!

КРЫТЫКА

МІХАСЬ ТЫЧЫНА. КОЛАС – МЕЛЕЖ – КУПРЭЕЎ


Мікола Купрэеў. Палеская элегія: Аповесьці. – Менск, “Литература и Искусство”, сэрыя «Лімаўскі фальварак». 2007, 312 с.

Міхась Тычына
“Палескія аповесьці” Якуба Коласа, “Палеская хроніка” Івана Мележа – такія назвы ў свой час мелі клясычныя шэдэўры. “Палеская элегія” Міколы Купрэева – натуральны іх працяг. Колас, жыхар сярэдзіннай Беларусі, у свой час адкрываў палескую экзотыку. Мележ, нараджэнец Мазырскага Палесься, палемізаваў са сваім вялікім папярэднікам, аспрэчваў ягонае бачаньне і разуменьне.

Купрэеў не палемізуе. Ён упэўнены: “Ніхто з Паэтаў... ня помніць, з чаго і з каго пачаўся: ...можа – у лесе, можа – ля ракі... а можа крыху пазьней – ля сьлядоў дзяўчынкі, калі цікаваў за ёю з-за дрэва, з-за куста, ці ля яе блізкага дыханьня за пярэдняй партай; а можа – калі вучыў і ніяк ня мог вывучыць на памяць “Мой родны кут! Як ты мне мілы!..” Ня мог вывучыць на памяць таму, што побач з коласаўскім словам раптам страпянулася апантанымі крылцамі і сваё слова... то быў проста працяг жыцьця, але жыцьця ўжо нейкага нетутэйшага...”.

Так, гэта быў працяг жыцьця. Свайго асабіста непаўторнага і агульналітаратурнага. Бо ніхто з папярэднікаў (а былі яшчэ, акрамя Коласа і Мележа, Іван Тургенеў зь ягонай “Паездкай на Палесьсе”, Аляксандар Купрын са славутай “Алесяй”) і ніхто з сучасьнікаў (а гэта, бадай, усё “філялягічнае пакаленьне”), колькі ні чакаў М. Купрэеў, не выказаў таго, што ён, да часу ўтойваючы, ведаў лепш за ўсіх на сьвеце. Як тут не прыгадаць Аляксандра Твардоўскага: “Сказаць бо тое слова анікому / Я б аніколі ні за што не змог / Перадаверыць. Нават Льву Талстому – / Бо нельга. Бо ня скажа – хай сабе ён Бог”.

Але і самому Купрэеву тое слова вельмі доўга – без малога тры дзесяцігодзьдзі – не давалася. Хоць спробы былі: яшчэ ў студэнцкія гады малады паэт напісаў аповесьць “Бродят на рассвете юные”. Па-расейску. Аповесьць закінуў на гарышча ў знаёмага, а той ёю распальваў у печы.

Здолеў Купрэева разгаварыць, разварушыць, натхніць на лірычна-драматычны жыцьцяпіс – хвала яму! – паэт Леанід Галубовіч, які сам у гэты ж час – вось парадоксы жыцьця! – абвясьціў, што кінуў пісаць вершы. У выніку беларускі чытач мае яшчэ адно – чыстае, як крынічка, як мова на беразе рамантычна-прыгожай рэчкі Нача ў Клецкім раёне, дзе Купрэеў, паводле ягонага тлумачэньня, “лёгка і назаўжды вярнуўся толькі ў роднае”, – мастацкае сьведчаньне “пра час і пра сябе”.

Па сутнасьці, пяць напісаных М. Купрэевым аповесьцяў успрымаюцца як асобныя разьдзелы лірычнага раману. Зьвязвае іх сюжэт: дзяцінства, юнацтва, сталасьць, старасьць. Пераходзяць з адной аповесьці ў наступную вобразы людзей, без якіх аўтар і яго лірычны герой-наратар не ўяўляе сябе. І найперш – вобраз маці, якую забілі фашысты, калі хлопчыку было толькі пяць гадкоў.

Да гэтага лёсаноснага моманту сваёй біяграфіі наратар, робячы ў аповесьці “Дзіцячыя гульні пасьля вайны” кругі, сьпіралі, зноў і зноў вяртаецца, як спрактыкаваны псыхааналітык, які разумее, што менавіта тады адбыўся надлом ў яго сьвядомасьці, пачаліся яго злыбеды, і не толькі яго аднаго, што, не асэнсаваўшы тагачаснага сябе, не ацаніўшы стан пасьляваеннага сьвету, ня варта будаваць пляны на будучыню. Па-дзіцячы ён думае пра помсту і бачыць свайго ворага ў вобразе ваеннапалоннага Эрыка. Думае пра найвялікшую несправядлівасьць: “Як нядобра, як жа нядобра на сьвеце. Во я плыву ў лодцы, чую вяслом ваду, з яго падаюць мне на твар, блішчаць на сонцы пырскі, возера пахне брагай і рыбай, праляцела качка, кружаць у небе над Жыгулянкай буслы... І пра ўсё гэта нічога ня ведае, нічога гэтага ня бачыць і не чуе мама, яна ляжыць нямая, глухая і сьляпая далёка-далёка ў зямлі. Як жа нядобра на сьвеце”.

У кожнага з сяброў хлопчыка свая бяда. Суседзкая дзяўчынка “з сонечным імем Сонечка”, пра якую Купрэеў згадваў некалі ў сваім вершы, памерла з голаду. Ён жа хаваўся за вёскай, калі яе хавалі, а, калі прыяжджаў пазьней у родныя мясьціны, думаў, што трэба наведаць магілку, і рабілася страшна, уявіўшы: “Я стаю ля магілкі, а магілка – такая маленечкая, а мне ж – дваццаць шэсьць”. Але і ў “фашыста” Эрыха ёсьць свая прычына ненавідзець усіх: яго жонку і дваіх дзяцей, зачыніўшы ў будцы, спаліў звар’яцелы ад гора савецкі салдат, у якога немцы спалілі ўсю сям’ю і якога пасьля ўсяго яго камандзер там жа расстраляў. Крывавая вендэта можа працягвацца бясконца, разрастаючыся ў кашмар.

Вось чаму лірычны герой Купрэева, у якога шмат агульнага з аўтарам, уцякае ад сьвету, з ягонымі таталітарнымі сыстэмамі, тэхнагеннымі катастрофамі, глябальнымі плянамі меліярацыі, экалягічнымі і дэмаграфічнымі праблемамі, хаваецца ў лясны гушчар, робіць сабе будан, засьцілае дол папарацьцю і сядзіць там доўга-доўга (“там я нічога ня буду чуць і бачыць, толькі – лес, трава, мурашкі, птушкі, вавёркі, ну, можа, зайка праскочыць міма...”). Філязофіі нянавісьці ён супрацьстаўляе філязофію любові да ўсяго жывога, сьветлага, чыстага, што шукае і, як яму здаецца, знаходзіць “у глыбі Палесься”.

У аповесьці “Імгненьне сьветлае”, адной з самых “літаратурных” у кнізе, згадваецца вандроўка ў самую “глуш” пінска-валынскага Палесься, сустрэча зь “дзікай кветкай Палесься” Арынай. Радкі з купрынскай “Алесі” ўвесь час падвёрстваюцца пад рэальныя падзеі, і ўжо цяжка адрозьніць жыцьцё ад літаратуры, у якой яшчэ панавалі гармонія і сонечнае сьвятло.

Як гэтая душэўная раўнавага руйнуецца пад ударамі жорсткіх падзей, як гіне і бязьлітасна топчацца кволае шчасьце чулай чалавечай істоты, для якой пагібель шчаняці роўная пагібелі лепшага ў самім сабе, апавядаецца ў аповесьці “На вуліцы Карла Маркса з Паэтам”. Як жорсткая ідэалёгія калечыць людзкія душы, выветрывае з чалавека ўсё чалавечае, ператварае звычайных людзей у нелюдзяў, апавядаецца ў аповесьці “Палеская элегія”, якая стала назвай кнігі. Жанр элегіі наогул вельмі блізкі паэтычнаму складу таленту М. Купрэева: “О ноч маіх вершаў! Гімнаў ня будзе. Шэптам грымне элегія. Нікога яна – не хвалюйцеся – не разбудзіць: на тое – элегія”.

Завяршаецца кніга аповесьцю “Рэчкаю плывём, плывём”, па сутнасьці, літаратурнай казкай, паданьнем пра сучасны Ноеў каўчэг, у якім плывуць у пошуках праўды пра сьвет і людзей двое дарослых, адзін падлетак, народжаны ў ноч на 26 красавіка 1986 году, белы казёл, чорная каза, рыжы сабака, а на сьпіне казла сядзіць чырвона-жоўты певень. Плывуць “у бок вялікай ракі, якая ўпадае ў яшчэ большую раку, а тая рака ўпадае недзе далёка-далёка ў мора...”












Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG