Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чаму асуджанага журналіста перавялі са сьледчага ізалятару ў шпіталь, у міліцыі не паведамляюць.


Маці вязьня Ганна Зьдзьвіжкова
У Менскім сьледчым ізалятары праз тэлефон даведак не даюць. З гэтай прычыны Ганна Зьдзьвіжкова, толькі прыехаўшы з Барысава, даведалася, што сына перавялі ў шпіталь.

Нагадаю, дакладна месяц таму Менскі гарадзкі суд прызнаў Аляксандра Зьдзьвіжкова вінаватым у распальваньні рэлігійнай варожасьці і пакараў трыма гадамі зьняволеньня.

Рэспубліканскі турэмны шпіталь знаходзіцца на тэрыторыі менскай калёніі № 1, на вуліцы Кальварыйскай. Калі жанчына сталага веку з торбамі дабралася туды, то высьветліла: прыём перадач толькі ў сераду. Тады ж паабяцалі сказаць і пра здароўе сына. А пакуль што ў канцылярыі заявілі: “Ня ведаем, у ягонай картцы пра гэта нічога не пазначана”.

Што думае Ганна Зьдзьвіжкова пра прысуд сыну?

Ганна Зьдзьвіжкова і Аляксей Кароль
“Для мяне гэта дзікунства. Калі б гэта было раней, я б паехала ў Маскву, дзе ў мяне сваякі, мне б усё патлумачылі, дапамаглі. Але тут іншая дзяржава, куды я паеду? Гэта дзікунства. Але і ён вінаваты. Думаў, што так усё пройдзе, а не прайшло. Зараз іншыя часы, іншыя парадкі”.

Ганне Зьдзьвіжковай я нагадаў пра тое, што днямі ўлады вызвалілі палітвязьня Андрэя Клімава, яшчэ раней выйшлі на волю Артур Фінькевіч, Зьміцер Дашкевіч. Ці не разьлічвае Ганна Зьдзьвіжкова, што наступным вызваленым будзе яе сын?

“Адзінае, што магу сказаць: дай Бог. Калі б толькі яго адпусьцілі, хай і за штраф. Ня ведаю, як павернецца. Вы ж самі бачыце, якая ў нас дзяржава, што ў нас адбываецца”.

У перадачы, якую прывозіла Ганна Зьдзьвіжкова для сына, былі харчы, цыгарэты і цёплыя рэчы. Маці рыхтуе сына для адбыцьця пакараньня ў калёніі, але ня траціць надзеі, што прысуд перагледзяць і дадуць Аляксандру Зьдзьвіжкову меншае пакараньне.

“Я б любую рэч прадала, каб заплаціць любы штраф, толькі б ён выйшаў на волю і ўсё было нармальна”.

Касацыйную скаргу Аляксандра Зьдзьвіжкова Вярхоўны суд разгледзіць 22 лютага.

Што маці вядома пра здароўе сына? Ганна Зьдзьвіжкова губляецца ў здагадках, чаму яго паклалі ў шпіталь. Згадвае, што з турмы ён скардзіўся на дрэнны зрок і слых, а да таго асаблівых скаргаў на здароўе Ганна Анатольеўна ад сына ня чула. Нават згадала, што раней сын ніколі не ляжаў у шпіталі.

У лютым 2006 году ў газэце “Згода”, якой часова кіраваў А.Зьдзьвіжкоў, былі перадрукаваныя карыкатуры на прарока Мухамада. У судзе Аляксандар Зьдзьвіжкоў заявіў пра перасьлед паводле рэлігійных прычын. Шмат хто ў Беларусі і сьвеце дамагаецца вызваленьня А.Зьдзьвіжкова і лічыць яго вязьнем сумленьня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG