Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Чаму дзяржава не беражэ сумленных, прыстойных, справядлівых, разумных?!”


Агляд тэлефанаваньняў на Свабоду за 18 лютага, панядзелак.


Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні й прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым.

Мы ўводзім прыз — падзяку за ваш найлепшы званок, паведамленьне, падказку. Пераможцы будуць абвяшчацца кожную нядзелю ў тыднёвым аглядзе “Званкоў на Свабоду”.

Вас чакаюць кнігі Бібліятэкі Свабоды з подпісамі аўтараў. Тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.



З калёніі ў Мазыры вызвалены Андрэй Клімаў, які быў асуджаны на два гады турмы за выказваньні ў інтэрнэце на адрас Аляксандра Лукашэнкі. Камэнтар на гэтую тэму, а таксама меркаваньні пра выключэньне з унівэрсытэту Франка Вячоркі, адмову Зьмітра Жалезьнічэнкі прыняць прысягу — у наступных тэлефанаваньнях:

Спадарыня: “Я хачу павіншаваць Андрэя Клімава, што ён выйшаў, хоць і невінаваты праседзеў у турме. Мы ўсе шкадуем яго і іншых палітзьняволеных. Самага лепшага яму здароўя”.

Спадар: “Шаноўныя маладафронтаўцы! Вы несяце цяжкі, пакутніцкі крыж у імя нашай шматпакутнай Бацькаўшчыны! Вас кідаюць з турмы ў турму! Але вашы пакуты дарма ня пройдуць! За вамі ідзе новая, маладая Беларусь! Трымайцеся! Жыве Беларусь!”

Спадарыня: “Учора ў этэры вы паведамілі дзьве навіны: адну добрую і другую дрэнную. Добрая — гэта вызваленьне Андрэя Клімава, дрэнная — гэта выключэньне Франка Вячоркі і Барыса Гарэцкага з навучальных установаў. Я пра дрэнную. Што ж такога зрабілі гэтыя таленавітыя хлопцы, каб іх лёс вырашалі Віктары Іванавічы Стражавы і іншыя выкладчыкі? Чаму дзяржава не беражэ сумленных, прыстойных, справядлівых, разумных?! Я ўпэўнена, што гэтыя хлопцы хутка стануць сымбалямі свабоднай Беларусі, а тым, хто вяршыў над імі суд, будзе сорамна глядзець у вочы сваім дзецям”.

Уладзімер, Мазыр: “Жалезьнічэнка — добры хлопец, выдатнік, але надта разумны. Дзесяць тысяч навабранцаў прынялі прысягу, а ён палічыў, што Рэспубліка Беларусь са сваімі законамі не для яго”.

Выказваньні камэнтуе палітык і праваабаронца Ўладзімер Лабковіч:

“Зьміцер Жалезьнічэнка не таму не прыняў прысягу, што ён грэбліва ставіцца да Рэспублікі Беларусь, а зусім наадварот. Ён настойвае на тым, каб сапраўды служыць у сапраўдным беларускім войску. Па-другое, і самае галоўнае — ён знаходзіцца ў войску незаконна. Шкада, што навучальныя ўстановы становяцца зброяй улады супраць моладзі, супраць студэнтаў. На жаль, і войска ўжо ўцягваецца ў мэханізм рэпрэсіяў супраць моладзі. Таму што выключэньне і Франка Вячоркі, і Зьмітра Жалезьнічэнкі абсалютна не кладзецца нават у тыя нормы права, якія ёсьць у Беларусі”.

“20 лютага — усясьветны Дзень сацыяльнай справядлівасьці — распавядзіце пра гэта”. “21 лютага — Міжнародны дзень роднае мовы. Віншую”. “Заклікаю на пэрсанальную выставу. Адкрыцьцё 20 лютага а 18 гадзіне ў Палацы мастацтваў. Алесь Цыркуноў”. Гэтыя допісы мы атрымалі праз СМС-паведамленьні. Далей слухач задае пытаньне:

Памрэмскі Юліян Уладзімеравіч, Горадня: “Добры дзень, Радыё Свабода. Я ахвяра камуністычнага тэрору з двухгадовага ўзросту і да сёньня. На вашых хвалях я чуў, што ў Менску ствараецца “Інстытут нацыянальнай памяці”. У мяне да вас вялікая просьба. Вельмі патрэбныя тэлефоны для сувязі зь людзьмі, якія робяць гэтую добрую справу. Я б таксама хацеў прыняць у гэтым удзел і зрабіць свой пасільны ўнёсак, бо маю зьвесткі пра многіх ахвяраў таталітарызму ў Горадні і вобласьці. Мой тэлефон у Горадні: 70 32 62. Дзякую вам”.

Адказвае адзін з заснавальнікаў Інстытуту нацыянальнай памяці, пісьменьнік Васіль Якавенка:

“Дзякуй, што вы зьвяртаецеся з такім пытаньнем. Уладзімер Іванавіч Раманоўскі — адказны сакратар сэкцыі “Мартыралёг”. Ягоны тэлефон 294-17-95 — калі ласка, зьвяртайцеся”.

Працягваем праграму выказваньнямі на адрас беларускай улады:

Спадар: “Ні адзін кіраўнік дзяржавы не заяўляў, што “ня ўсё было так дрэнна пры Гітлеру”, як гэта абгрунтаваў наш гісторык”.

Валеры Курневіч, Барысаў, інвалід-калясачнік: “На сустрэчы са студэнтамі БДУ Лукашэнка казаў, што ў яго ёсьць яшчэ дзьве мары: збудаваць АЭС і залезьці ў космас, зрабіць там спадарожнік. Ранейшыя мары ён ужо ажыцьцявіў: адабраў ільготы, нават у старых і зьнямоглых, будуе шыкоўны лядовы палац “Мінск-арэна” аж за 110 мільярдаў рублёў. У мяне і такіх інвалідаў, як я, свае мары: каб ён, галава дзяржавы, спусьціўся з космасу на зямлю. У нашай Беларусі няма ніводнага віду грамадзкага транспарту, каб вазіць інвалідаў, якія перасоўваюцца на вазку. Нават няма пандусаў каля крамы, паліклінікі ці па месцы жыхарства. Кажуць, надзея памірае апошняй. Сёньня мы, інваліды, яе губляем”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG