Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шыболет — спрадвечная моўная зброя. Ці маем сваю?


Беларускія шыболеты. Каляж
Беларускія шыболеты. Каляж

Сьцісла:

  • Усе чулі пра ўкраінскі моўны пароль: „Скажи «паляниця»“. А ці ёсьць беларускі?
  • Яшчэ ў старажытнай Юдэі ваяры аднаго племя патрабавалі ад іншапляменьнікаў сказаць „шыболет“, а тыя вымаўлялі „сіболет“. Так вызначалі чужых.
  • У беларускую прастору слова вярнуў Пётра Садоўскі кнігай „Мой шыболет“. Для яго гэта беларушчына ў шырокім сэнсе.
  • На практыцы беларусы спрабуюць вызначаць чужых, асабліва з усходу, праз вымаўленьне слова Шчучыншчына.
  • Гэта не ўнівэрсальны шыболет: цьвёрдыя шыпячыя сярод нашых суседзяў цяжка вымаўляць толькі расейцам. І само слова штучнае, яно зь песьні — пародыі на афіцыйную прапаганду.
  • Самыя адметныя беларускія гукі — „асабліва мяккія“ [с’], [з’], [ц’], [дз’]. Асабліва перад мяккім [в’]: дзьверы, дзьвюма.
  • Форма дзьвюма і граматычна непадобная да суседзкіх. Гэта творны склон лічэбніка дзьве, толькі ў жаночым родзе: зь дзьвюмá сёстрамі, але з двумá братамі.
  • Спаборніцтва за найлепшы беларускі шыболет працягваецца. Спадзяваймася, што ён нам не спатрэбіцца ў сытуацыі выбару паміж жыцьцём і сьмерцю.
Беларускі шыболет
Беларускі шыболет

Сярод навінаў пра напад Расеі на Ўкраіну рэгулярна бываюць зьвязаныя з мовай. Агрэсары „паляцца“, ня ведаючы націску ва ўкраінскіх геаграфічных назвах накшталт Гостóмель (аэрапорт пад Кіевам), няправільна перакладаючы расейскі выраз „бабье лето“ як „баб’є лєто“ (трэба бабине літо), урэшце, традыцыйна ня ўмеючы вымавіць назву ўкраінскага пшанічнага хлеба паляниця.

Усё гэта прыклады моўнай зброі пад назвай шыболет (або шыбалет). Сучаснае значэньне слова — моўны пароль, ідэнтыфікатар „свой — чужы“. А стаіць за ім біблійная гісторыя часоў вайны юдэйскіх плямёнаў.

Рака Ярдан каля Азраку
Рака Ярдан каля Азраку

Па-габрэйску שִׁבֹּלֶת‎ [шібболет] азначае ‘колас’ ці ‘плынь’. Першы гук, абазначаны літарай „шын“, эфраіміты вымаўлялі не як [ш], а блізка да [с] — [сібболет], што і дазволіла гілеадытам, якія выставілі блёк-пост каля броду церазь Ярдан, лёгка ідэнтыфікаваць ворагаў:

— Скажы „шыболет“!

Тыя не маглі — і гінулі.

Слова прарвалася зь біблеістыкі ў беларускую культурную прастору дзякуючы мовазнаўцу, дыплямату, эсэісту Пётру Садоўскаму, чыя кніга „Мой шыбалет: Аўтабіяграфічныя арабэскі“ выйшла ў 2008 годзе ў „Бібліятэцы Свабоды“. Перайсьці свой Ярдан, не забыўшыся на родныя словы і жыцьцёвыя праявы, каб вярнуцца да сябе, — вось шыболет Садоўскага.

У назьве аўтар ужыў слова з францускім націскам на апошні склад, да якога звыклі чытачы расейскай літаратуры XIX ст. Але, нагаварыўшы ўласным голасам аўдыёкнігу, назваў яе ўжо па-мовазнаўчаму — „Мой шыболет“ , з націскам арыгіналу.

(Дарэчы, яшчэ Скарына ў сваім перакладзе перадаў гілеадыцка-эфраіміцкі моўны кантраст варыянтамі слова Цевволех / Теволех, гл. Кнігу Судзьдзяў XII, 5–6. Відавочна, Скарына карыстаўся мовамі-пасярэднікамі, дзе не было гука [ш].)

Шаснаццаць судзьдзяў ад страху праглынулі языкі

У гісторыі Эўропы поўна прыкладаў шыболетаў, якія ў нейкі момант вызначалі лёсы людзей і народаў.

„Сыцылійскі нешпар“ — нацыянальна-вызвольнае паўстаньне сыцылійцаў супраць Карла Анжуйскага у XIII ст. Яны вызначалі французаў па вымаўленьні сыцылійскага дыялектызму ciceri ‘гарох нут’ — з гукамі [č], раскацістым [r] і націскам на першым складзе. Усяго гэтага ня ўмелі вымавіць французы — і некалькі тысячаў зь іх былі забітыя.

Асабліва калярытны каталёнскі шыболет з часу Паўстаньня жанцоў, нацыянальна-незалежніцкай вайны каталёнцаў (у тым ліку сялян зь сярпамі — адсюль назва) супраць Гішпаніі ў XVII стагодзьдзі:

Setze jutges d'un jutjat mengen fetge d'un penjat.

Вымаўляецца [ˈsɛd͡zə ˈʒud͡ʒəz ðuɲ ʒuˈd͡ʒad ˈmeɲʒəɱ ˈfed͡ʒə ðum pəɲˈʒat], паслухаць можна тут:

Тут цэлы сюжэт фільму жахаў: „Шаснаццаць судзьдзяў суду ядуць пячонку павешанага“. Прычым ёсьць і аптымістычны працяг: „Калі павешаны зьлезе, ён зьесьць усе шаснаццаць пячонак судзьдзяў суду, якія яго павесілі“.

У языкаломцы поўна афрыкатаў [дз], [дж], а побач яшчэ і [ж] — нават беларусу цяжка вымавіць зь лёту, а што ўжо казаць пра няшчасных кастыльцаў, у чыёй мове падобных гукаў зусім няма (і ў іншых суседзяў каталёнцаў таксама). Таму шыболет быў эфэктыўны. Гэта цяпер проста языкаломка, але яе зь дзяцінства ведаюць і вымаўляюць надзвычай хутка ўсе каталёнцы.

У кожнага чмяля свой зык

Ня ўсе шыболеты канечне зьвязаныя з вайной, але практычна ўсе грунтуюцца на міжмоўных гукавых адрозьненьнях. Гукаў, іх спалучэньняў не павінна быць у чужой мове.

Традыцыйны ўкраінскі моўны пароль паляниця мае галосны гук [и]. Яго звычайна перадаюць у беларускай ці расейскай мовах літарай Ы, але ўкраінскі гук не падобны да беларускага, расейскага ці польскага. Ён сярэдне-верхняга пад’ёму (паміж [і] і [е]), вымаўляецца пярэдняй часткай языка. А яшчэ і кантраст паміж цьвёрдым [н] і мяккім [ц’] (якога зусім няма ў расейскай мове) невымоўны для многіх расейцаў.

Помнік пекару. Эўпаторыя, Крым, Украіна. 9 ліпеня 2016 г.
Помнік пекару. Эўпаторыя, Крым, Украіна. 9 ліпеня 2016 г.

Шуфляда? Зьдзівяцца, але запомняць

Беларуская мова сама па сабе — добры спосаб распазнаваньня „свой — чужы“, бо нават тыя беларусы, якія не карыстаюцца беларускаю моваю штодня, пасіўна ёю валодаюць. Добра вядомыя ўсім у нас шуфляда і буська, жменя і цэтлік, дзюбка і юшка часта зусім незразумелыя гасьцям з-за ўсходняй мяжы. Як і загадкавая для іх фраза „Цягнік адыходзіць з другога пэрону“. Але некалькі словаў можна хутка запомніць. А вось засвоіць вымаўленьне нязвыклых гукаў значна цяжэй.

— Скажы пароль! — Пароль!

У дыскусіі ў сеткавых моўных каналах і суполках прапаноўвалі даць сумнеўнаму чалавеку прачытаць беларускае слова ці выраз. Чужак ня толькі няправільна вымавіць гукі, але і памыліцца ў націсках. Пацьвярджаю: калісьці на маіх вачах дзяўчына з Расеі прачытала простыя словы „На беразе ракі“ ў школьнай чытанцы як „На берёзе рáки“ (і што ж яна падумала пра апісаную ў падручніку беларускую рэальнасьць?).

Але ў экстрэмальнай сытуацыі, калі трэба хутка праверыць ідэнтычнасьць чалавека, не заўсёды будзе змога даць яму нешта прачытаць. Прасьцей загадаць паўтарыць пачутае.

Нашыя шыболеты ўжо праходзяць выпрабаваньне практыкай. Прыежджыя расейцы сьведчаць, што гасьцінныя беларусы ўчыняюць над імі такія досьледы:

З форумаў расейскіх грамадзянаў, якія прыехалі ў Беларусь падчас вайсковага прызыву
З форумаў расейскіх грамадзянаў, якія прыехалі ў Беларусь падчас вайсковага прызыву

Слова Шчучыншчына, відавочна, прыходзіць многім у галаву дзякуючы парадыйнай песьні Алены Жалудок (Зуй-Вайцяхоўскай). Але ўсё ж гэты пароль не ўнівэрсальны.

Па-першае, ён толькі на цьвёрдыя шыпячыя. Такіх няма ў расейскай, але практычна такія самыя гукі ёсьць у польскай мове, у літоўскай, дый заходнія ўкраінцы іх вымаўляюць цьвёрда. Значыць, шыболет гэты служыць фільтрам толькі на ўсходнім кірунку. (Вядома, гэта не пазбаўлена сэнсу ў канкрэтных умовах. Яшчэ проста на менскім вакзале можна паказаць рукой на словы „Чыгуначны вакзал“ і папрасіць гасьцей прачытаць.)

Па-другое, у беларускай тапаніміі няма традыцыі ўтвараць словы на -шчына ад назвы кожнага раённага цэнтру ці мястэчка. Згаданая песьня — гэта ж пародыя на савецкія штампы тыпу „Хлебаробы N-шчыны доблесна выйгралі бітву за ўраджай“. Часам і сама беларуская мова пярэчыць такім утварэньням: прапанаваныя ўдзельнікамі мазгавога штурму ў сетках Шышчыччына і Шапчыччына (ад Шышчыцаў і Шапчыцаў) хоць і сакавітыя, але таксама іранічныя наватворы.

Языкаломкі

Сярод прапановаў — цэлыя сказы зь беларускімі моўнымі зьявамі, напрыклад:

У Іўі ў яе ё я.

Умоўная транскрыпцыя [у йíўі ў йайэ́ йо йа] паказвае, чаму сказ цяжка прамовіць. Цяжка ня толькі чужынцу, але і прыроднаму носьбіту беларускае мовы, бо гэта тыповая языкаломка — яна не заўсёды выканае ролю шыболета.

Увага! Перад пачатным націсьненым í правілы беларускага вымаўленьня патрабуюць прыстаўнога й-: [йіншы], [йіўе].

Якія гукі ўнікальна беларускія?

Пімен Панчанка ў двух паэтычных радках зафіксаваў адразу тры беларускія фанэтычныя зьявы:

І ўсё мілагучна для слыху майго:
І звонкае „дзе
, і густое „чаго.

Тут і дзеканьне („асабліва мяккі“ гук [дз’]), і цьвёрды шыпячы [ч], і шчылінны [г]. Дарэчы, на апошні ёсьць традыцыйныя беларускія народныя кпіны з тых, хто пераняў расейскае вымаўленьне гэтага гуку: ґніды ґолову ґрызут“. Прытым што ў некаторых беларускіх словах (ґанак, ґ узік) змычны ґ вымаўляецца. Але звычайны шчылінны беларускі г розьніцца і ад украінскага шчыліннага.

Піша ўдзельніца сеткавага абмеркаваньня: Словы зь літарай Г. Ні ва ўкраінцаў, ні, тым больш, у расейцаў яна гучыць ня так, як у нас. Па адной гэтай літары я чую, што ня наш чалавек“. Сапраўды, украінскі [г], хоць і ня змычны, але вымаўляецца фарынгальна (глоткай). А беларускі — задняй часткай языка.

Шукайма за дзьвюма дзьвярыма!

Сярод соцень рэплік у дыскусіі пра беларускі шыболет моцна прагучаў наступны дыялёг:

— Праверыла на мужу-ўкраінцу. Ні за што не здагадаецеся. Самае цяжкае слова — дзьверы!
— Не поверите. Попросила мужа, русского по происхождению, но бел
аруса по убеждению, сказать дзьверы. Не смог! (Хотя мы дома пытаемся размаўляць па-беларуску).

Так нескладаны хатні экспэрымэнт пацьвердзіў, што нашыя „асабліва мяккія“, „прыцемненага“ тэмбру з адценьнем шыпячасьці гукі — [с’], [з’], [ц’], [дз’] — адрозьніваюць беларускую мову ня толькі ад расейскай. Іх няма ва ўкраінскай, літоўскай, латыскай. Польскія ś, ź, ć, dź— сярэднеязычныя, „мякчэйшыя“.

А ў словах дзьверы, дзьвюма, цьвік і падобных яшчэ ёсьць і прыпадабненьне па мяккасьці — перад мяккім гукам [в’] папярэдні памякчаецца (і гэтай зьявы не паказвае так званы „афіцыйны“ правапіс наркамаўскай традыцыі: дзверы, дзвюма).

Уважлівыя назіральнікі заўважылі, што расейцам цяжка паўтарыць словы і фразы, дзе ёсьць і „асабліва мяккія“, і цьвёрды [ч], напрыклад, „цячэ ці не цячэ“ або наша будзённае Асьцярожна, дзверы зачыняюцца“.

Скажы „дзьвюма“!

Але ўсё ж лепей адно кароткае слова. На маю думку, у ім канечне мусяць быць „асабліва мяккія“ гукі.

Асабіста я за форму дзьвюмá як унівэрсальны беларускі шыболет. Важна, што яна яшчэ і граматычна непадобная да расейскай і ўкраінскай (і ў польскай канчатак іншы). Гэта творны склон лічэбніка дзьве — і толькі жаночага роду:

Зь дзьвюмá сёстрамі і двумá братамі.

Адрозьненьне мужчынскага і жаночага скланеньня (два, двух, двумадзьве, дзьвюх, дзьвюма) камусьці муляла, яго выкасавалі зь беларускай літаратурнай мовы БССР у 1933 годзе, але ўсё ж вярнулі ў 1957-м.

Праўда, мая выкладчыцкая практыка паказвае, што з гэтым правілам маюць праблемы ня толькі іншаземцы, але самыя сучасныя „гарадзкія“ беларусы. То калі папулярызаваць слова ДЗЬВЮМА як беларускі шыболет — ёсьць шанец замацаваць важнае беларускае моўнае правіла ў сьвядомасьці людзей. Праз простую кароткую просьбу:

— Скажы „дзьвюмá“!

На сёньня гэта адзіны шыболет, які паслужыў застаўкаю праграмы ў мэдыя:

Але спаборніцтва за найлепшы беларускі шыболет працягваецца. Спадзяваймася, што ён нам не спатрэбіцца ў сытуацыі выбару паміж жыцьцём і сьмерцю.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG