Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: на Эдуарда Бабарыку завялі ў калёніі новую крымінальную справу


Эдуард Бабарыка, архіўны каляж
Эдуард Бабарыка, архіўны каляж

З крыніцаў «Белсату» стала вядома, што адміністрацыя папраўчай калёніі № 2 у Бабруйску ініцыявала супраць палітзьняволенага Эдуарда Бабарыкі новую крымінальную справу.

Гэтым разам Эдуарда Бабарыку абвінавацілі ў парушэньні арт. 411 Крымінальнага кодэксу Беларусі — у «злосным непадпарадкаваньні патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы».

У раскладзе судоў новай справы палітвязьня пакуль няма.

Згодна з Крымінальным кодэксам да адказнасьці паводле артыкула 411 КК прыцягваюць тых вязьняў, якім цягам году за парушэньне рэжыму адбыцьця пакараньня прызначалі дысцыплінарнае спагнаньне ў выглядзе пераводу ў ПКТ, адзіночную камэру або ў «крытую» турму. Па гэтым артыкуле зьняволеных могуць асудзіць на пазбаўленьне волі тэрмінам да аднаго году, а за «асабліва небясьпечны рэцыдыў» — да 2 гадоў.

  • Экс-старшыню «Белгазпрамбанку» Віктара Бабарыку і ягонага сына Эдуарда Бабарыку, кіраўніка бацькавага перадвыбарнага штабу, затрымалі 18 чэрвеня 2020 году, калі яны накіроўваліся ў ЦВК здаць подпісы, сабраныя за вылучэньне Бабарыкі-старэйшага кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі.
  • Эдуарда абвінавацілі паводле ч. 3 арт. 130 («распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці»), п. 6 арт. 16 і ч. 1 арт. 342 («пасобніцтва ў арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак») і ч. 2 арт. 243 («ухіленьне ад выплаты падаткаў») КК.
  • 5 ліпеня Менскі абласны суд вынес прысуд у справе Эдуарда Бабарыкі — 8 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Пры гэтым у тэрмін не залічылі час утрыманьня ў СІЗА КДБ да 14 сьнежня 2021 году паводле пачатковага абвінавачаньня.
  • Сьледзтва і суд занялі для Эдуарда Бабарыкі амаль 3,5 года. Гэта рэкордны час для палітычных крымінальных справаў у Беларусі.
  • У канцы лістапада ў Вярхоўным судзе разгледзелі апэляцыю на прысуд Эдуарду Бабарыку. Прысуд палітвязьню пакінулі бязь зьменаў.
  • У сьнежні 2023 году КДБ Беларусі ўключыў Эдуарда Бабарыку ў сьпіс «асобаў, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці».

Перасьлед Віктара Бабарыкі. Што важна ведаць

  • Віктара Бабарыку абвінавацілі ў «адмываньні» сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (па частцы 2 арт. 235 КК), і атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры (па частцы 3 арт. 430 КК).
  • У крымінальнай справе «Белгазпрамбанку» 122 тамы. Справу разглядаў Вярхоўны суд у будынку суду Маскоўскага раёну.
  • 22 сакавіка абарона Бабарыкі заявіла пярэчаньні на прад’яўленыя абвінавачаньні, бо апісаньне, якое ёсьць у іх, не дазваляла ў дастатковай ступені зразумець, у якіх менавіта дзеяньнях абвінавачанага Бабарыкі ўгледзілі злачынства, заявіў адвакат Дзьмітры Лаеўскі. Таксама ён адзначыў, што ў абвінавачаньні няма апісаньня інкрымінаваных дзеяньняў з указаньнем часу, месца, спосабу, іншых абставінаў іх учыненьня. Адвакат папрасіў далучыць да матэрыялаў справы дакумэнт, у якім выклаў «дэфэкты абвінавачаньня».
  • Віктар Бабарыка віны не прызнае.​

Хроніка перасьледу

  • 10 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка даручыў заняцца праверкамі прыватных кампаніяў, якія нібыта звальняюць тых, хто адмаўляецца ставіць подпісы за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў. Ён загадаў «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў, каб яны несьлі адказнасьць за людзей».
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній, у знаёмых патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі прайшлі ператрусы. Камітэт дзяржкантролю заявіў аб завядзеньні крымінальных спраў за адмываньне грошай і ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • Віктар Бабарыка назваў гэта атакай на яго асабіста, хоць сам у справе тады не фігураваў, і заявіў пра «палітычны характар» дзеяньняў сьледчых, якія ня маюць прамога кампрамату на яго.
  • 11 чэрвеня арыштавалі каардынатарку выбарчага штабу Бабарыкі Сьвятлану Купрэеву па абвінавачаньні ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • 12 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што Бабарыка таксама датычны да справы, маўляў, «​гэта адна шайка-лейка». Праз 4 гадзіны Дзяржкантроль заявіў, што мае доказы датычнасьці былога банкіра да злачынстваў.
  • Фігурантамі «справы „Белгазпрамбанку“» сталі каля 20 чалавек.
  • 15 чэрвеня Нацыянальны банк прызначыў у «Белгазпрамбанку» часовую адміністрацыю на чале з Надзеяй Ермаковай. Расейскія акцыянэры банку («Газпромбанк» і «Газпром») назвалі гэтае рашэньне незаконным.
  • 17 чэрвеня ўлады арыштавалі без тлумачэньняў выбарчы фонд Віктара Бабарыкі з 100 тысячамі рублёў на рахунку.
  • 18 чэрвеня затрымалі Віктара Бабарыку і яго сына Эдуарда Бабарыку — кіраўніка ініцыятыўнай групы. У дамах сям’і Бабарыкаў прайшлі ператрусы.
  • Кіраўнік КДК Іван Тэртэль назваў Бабарыку «непасрэдным арганізатарам» «махлярскай схемы з адмываньнем грошай» з удзелам былых і дзейных топ-мэнэджараў «Белгазпрамбанку».
  • 19 чэрвеня праваабаронцы прызналі палітвязьнямі Віктара, Эдуарда Бабарыкаў і затрыманых сябраў ініцыятыўнай групы.
  • Штаб Бабарыкі падрыхтаваў да здачы 435 тысяч подпісаў.
  • 20 чэрвеня адвакаты падалі пакет дакумэнтаў для рэгістрацыі Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзыдэнты.
  • 2 ліпеня стала вядома, што Бабарыку вінавацяць па трох фінансавых артыкулах Крымінальнага кодэксу.
  • 14 ліпеня ЦВК адмовіў Віктару Бабарыку ў рэгістрацыі празь неадпаведнасьць прадстаўленай дэклярацыі аб даходах і маёмасьці.
  • 10 кастрычніка Лукашэнка сустрэўся зь Віктарам Бабарыкам і іншымі палітвязьнямі ў СІЗА КДБ.
  • 17 лютага 2021 году пачаўся суд над Віктарам Бабарыкам і былымі супрацоўнікамі «Белгазпрамбанку». На працэс не пусьцілі нікога зь незалежных журналістаў.
  • 6 ліпеня Бабарыку асудзілі на 14 гадоў пазбаўленьня волі. Вырак вынес судзьдзя Ігар Любавіцкі. Бабарыка не прызнаў віны, ягоныя абаронцы яшчэ раз заявілі аб палітычных матывах справы.
  • 12 ліпеня стала вядома, што Бабарыку этапавалі ў ПК №1 у г. Наваполацак.
  • 12 кастрычніка з ізалятараў выйшлі некалькі чалавек, затрыманых у справе «Белгазпрамбанку»​. Ім зьмянілі меру стрыманьня, але іншыя падрабязнасьці справы невядомыя.
  • У кастрычніку 2023 году арганізацыя былых сілавікоў BelPol паведамляла, што Віктар Бабарыка ў калёніі мае праблемы з сэрцам. Паводле інфармацыі арганізацыі, Бабарыку нанесьлі «сур’ёзныя цялесныя пашкоджаньні», прычым зрабілі гэта людзі, якія не адносяцца да пэрсаналу наваполацкай калёніі, дзе той сядзіць.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG