Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Роля «кішэннага» парлямэнту пасьля фармаваньня УНС яшчэ больш занепадзе — палітоляг Рудкоўскі


Ігар Сергеенка
Ігар Сергеенка

Што азначае абраньне старшынём Палаты прадстаўнікоў Ігара Сергеенкі — былога кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі? Якая функцыя Палаты прадстаўнікоў у сыстэме ўлады ў Беларусі? Як зьменіцца гэтая роля пасьля фармаваньня Ўсебеларускага народнага сходу ў новым канстытуцыйным статусе?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста адказвае доктар філязофіі, палітоляг Пётра Рудкоўскі.

Сьцісла

  • Сергеенку паставілі на чале Палаты прадстаўнікоў для большага кантролю напярэдадні важных кампаніяў фармаваньня УНС і прэзыдэнцкіх выбараў 2025 году
  • Ня выключана, што вялікая група дэпутатаў палаты ад «Белай Русі» выканае ролю інструмэнту ўплыву Крамля на беларускую палітыку
  • «Кішэнныя» інстытуты, кшталту цяперашняй Палаты прадстаўнікоў, у крызісны момант могуць адыграць важную ролю
  • Лукашэнка больш аптымістычна ацэньвае пратэставы патэнцыял беларускага грамадзтва, чым некаторыя аналітыкі і апазыцыйныя дзеячы
  • Роля Нацыянальнага сходу яшчэ больш занепадзе пры зьяўленьні УНС у новым канстытуцыйным статусе

— Сёньня адбылося першае пасяджэньне Палаты прадстаўнікоў у новым складзе. На ім чакана старшынём Палаты быў абраны кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі (цяпер ужо былы) Ігар Сергеенка. За яго прагаласавалі ўсе дэпутаты пагалоўна. Для яго гэта падвышэньне ці апала?

Пётра Рудкоўскі
Пётра Рудкоўскі

— Складана сказаць. Але адметна, што на пасаду сьпікера Палаты прызначылі выхадца з КДБ. І гэта было зроблена незадоўга да фармаваньня Ўсебеларускага народнага сходу і ў пэрспэктыве прэзыдэнцкіх выбараў налета. Навіна гэтага складу Палаты — тое, што большасьць у ім (70 з 110) — партыйныя, прадстаўнікі праўладных партыяў. Ролю такіх «кішэнных» парлямэнтаў я б не недаацэньваў у крызісныя моманты.

— Вы ўжо адзначылі, што ў цяперашнім складзе Палаты са 110 дэпутатаў — 70 прадстаўнікоў праўладных партыяў, у тым ліку 51 дэпутат — сябра партыі «Белая Русь». Польскі дасьледчык Беларусі Каміль Клысіньскі выказаў меркаваньне, што дэпутаты «Белай Русі» могуць аказацца той самай «пятай калёнай» Крамля, зьяўленьне якой прадказвалі некаторыя назіральнікі. Ці згодны вы з такой ацэнкай? «Белая Русь» прарасейская. А ЛДБ і КПБ — хіба не? А чыноўнікі і дырэктары заводаў, якія сталі дэпутатамі — хіба не? А сам Лукашэнка — хіба не прарасейскі?

— Такая думка наведвала і мяне. Было вельмі выразна бачна, што Лукашэнка доўга не хацеў, каб «Белая Русь» ператваралася ў партыю. Яшчэ ў жніўні летась ён выказваўся супраць гэтага. Але ў яго прамільгнула фраза: «Абяцалі — трэба выконваць». Каму абяцалі? Некаму моцнаму, відаць, паабяцалі, калі давялося выконваць абяцанае.

Гэтая фраза ўпісваецца ў дапушчэньне, што «Белая Русь» — прынамсі патэнцыйны інструмэнт расейскага ўплыву на беларускую палітыку. І ператварэньне яе ў партыю магло быць пажаданьнем Крамля, якое немагчыма было не задаволіць. І гэтая партыя атрымала даволі шырокае прадстаўніцтва ў Палаце. Магчыма, прызначэньне старшынём Палаты чалавека даверанага і праверанага, такога як Сергеенка — гэта пэўная супрацьвага гэтаму патэнцыйнаму расейскаму ўплыву празь «Белую Русь». Сергеенка выглядае ўсё ж больш ляяльным Лукашэнку, чым Крамлю.

— Казаць, што і Палата, і Нацыянальны сход у цэлым — гэта не паўнавартасны парлямэнт, гэта грукацца ў расчыненыя дзьверы. У Беларусі аўтарытарны лад , у якім паўнавартасных парлямэнтаў не бывае паводле вызначэньня. Але гэта проста пятае кола ў вазку ўлады? Ці ўсё ж нейкае функцыянальнае прызначэньне гэты інстытут мае?

— Прызначэньне гэтага інстытуту ў сыстэме ўлады даволі дэкаратыўнае. Але ў крызісныя моманты нават такія інстытуты могуць адыграць істотную ролю. Я нагадаю, што ў 2020 годзе тры праўладныя партыі, у тым ліку і існая дагэтуль Рэспубліканская партыя працы і справядлівасьці (РППС), падпісалі зварот супраць гвалту сілавікоў. Тады кіраўніцтва РППС пасьля такога звароту хуценька памянялі. Але такі зварот ад «кішэнных» партыяў тады зьявіўся.

Паводле сваіх фармальных паўнамоцтваў Нацыянальны сход можа адхіліць прэзыдэнта ад пасады. Цяпер немагчыма ўявіць, каб Нацыянальны сход скарыстаўся гэтымі паўнамоцтвамі. Але ў крызісны момант ён можа гэта зрабіць. І парлямэнт можа набыць суб’ектнасьць. Мо не з сваёй ініцыятывы, а пад ціскам вонкавых сілаў — ці Крамля, ці намэнклятурнай змовы ў беларускай уладзе.

— Учора Аляксандар Лукашэнка зладзіў урачыстае разьвітаньне з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў мінулага скліканьня. Што зь ягоных заяваў на гэтай цырымоніі вам падалося важным?

— У прамове Лукашэнкі вельмі выразна заўважаўся цень 2020 году. Не адпускае яго гэтая тэма. Ён дзякаваў дэпутатам за тое, што яны праявілі стойкасьць, нягледзячы на прэсінг. Дарэчы, можна прыгадаць, што і ўнутры парлямэнту папярэдняга скліканьня ў 2020 годзе былі пэўныя хістаньні. Але ў цэлым уладзе ўдалося тады выстаяць, і гэта было ці не галоўнай тэмай ягонай прамовы на разьвітаньне з папярэдняй Палатай. І гэта ня толькі балючыя ўспаміны. Гэта і прадчуваньне таго, што нешта падобнае можа паўтарыцца.

Я мяркую, што Лукашэнка і ягонае атачэньне больш аптымістычна ацэньваюць пратэставы патэнцыял беларускага грамадзтва, чым многія апазыцыйныя колы і чым мы з вамі.

— Сярод папярэднікаў Сергеенкі на пасадзе кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі былі і «цяжкавагавікі» рэжыму, такія як Шэйман, Латыпаў, Мясьніковіч, Макей, Качанава, і такія малавыразныя асобы, як Нявыглас і Косінец. Сергеенка паводле сваёй апаратнай «вагі» быў бліжэйшы да Шэймана, чым да Нявыгласа?

— Вонкава гэта складана ацаніць. Качанава і Макей былі ў значна большай ступені публічнымі асобамі, чым той жа Нявыглас. Ад Сергеенкі гэтага не чакалася, ня ў тым павінна была палягаць яго місія, ён павінен быў быць шэрым і непрыкметным. Але гэта не азначае, што ён адыгрываў на гэтай пасадзе другарадную ролю ў сыстэме. Сваю ролю на чале адміністрацыйнага апарату ён выканаў, у 2020 годзе ў тым ліку. Яго прызначылі кіраўніком адміністрацыі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, быў спадзеў і на ягоныя асабістыя якасьці, і на досьвед афіцэра спэцслужбаў.

— У прамове ў Палаце Сергеенка заявіў : «Складу парлямэнту ўпершыню трэба будзе працаваць у складзе Ўсебеларускага народнага сходу ўжо ў канстытуцыйным статусе, і нам будзе неабходна выпрацаваць свой мэханізм удзелу ў працы гэтага органа». Што можна сказаць пра ролю Палаты, Нацыянальнага Сходу, пасьля зьяўленьня новага канстытуцыйнага органу? Ці не вынікае са словаў Сергеенкі, што парлямэнт стане толькі часткай больш важнага і ўплывовага дзяржаўнага інстытуту?

— Шмат што сьведчыць пра тое, што так і будзе. Пры ўсёй марыянэткавасьці лукашэнкаўскага парлямэнту ягоная роля яшчэ больш занепадзе пры зьяўленьні УНС у новым канстытуцыйным статусе. З заяваў і Лукашэнкі, і іншых прадстаўнікоў улады вынікае, што УНС ня будзе чыста фармальным інстытутам. Навошта ён патрэбны? Маё тлумачэньне — гэта запасны варыянт для Лукашэнкі, калі ён вырашыць сысьці з пасады кіраўніка дзяржавы: альбо ў 2025-м, альбо ў 2030-м, альбо ў міжчасе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG