Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзеці наўзамен на адмену санкцыяў? Праца на шахтах у Салігорску замест звольненых рабочых? Што вядома пра вываз украінскіх дзяцей у Беларусь


Постэр з антываеннай акцыі ў Лёндане. Ілюстрацыйнае фота.
Постэр з антываеннай акцыі ў Лёндане. Ілюстрацыйнае фота.

Якія наступствы будзе мець рэзалюцыя ПАРЭ аб дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Расею? Што вядома пра дэпартацыю дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны ў Беларусь? Ці паўплываў ордэр Міжнароднага крымінальнага суда на арышт Пуціна на працэс дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей?

Інфармацыю і камэнтары сабраў праект украінскай службы Радыё Свабода «Новини Приазов’я».

  • Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы прызнала дэпартацыю і гвалтоўны перавод украінскіх дзяцей на тэрыторыю Расеі генацыдам. Пра гэта стала вядома 27 красавіка па выніках пленарнага пасяджэньня вясновай сэсіі ПАРЭ. У рэзалюцыі падкрэсьліваецца, што задакумэнтаваныя факты дэпартацыі і гвалтоўнага перамяшчэньня ўкраінскіх дзяцей падпадаюць пад дзеяньне Канвэнцыі аб генацыдзе 1948 года.
  • ПАРЭ вітала рашэньне Міжнароднага крымінальнага суду выдаць ордэры на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна і ўпаўнаважанага па правах дзіцяці ў РФ Марыі Львовай-Бяловай. ПАРЭ заклікала краіны-ўдзельніцы Рымскага статута прыняць меры для выкананьня сваіх абавязацельстваў у сувязі з гэтым рашэньнем. Расея не прызнае юрысдыкцыю Міжнароднага крымінальнага суда і не ўдзельнічае ў яго працы. Масква не зьяўляецца ўдзельнікам Рымскага статута, які вызначае дзеяньні суда, з 2016 года.
  • Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў сваім відэазвароце 27 красавіка павітаў рэзалюцыю ПАРЭ і заявіў, што гэтае рашэньне істотна дапаможа працы па прыцягненьні Расеі да адказнасьці за генацыд украінскага насельніцтва. Зяленскі таксама адзначыў, што вядома пра вываз у розныя рэгіёны Расеі амаль 20 тысяч дзяцей. Але такіх дзяцей можа быць значна больш.
  • У той жа дзень, 27 красавіка, член украінскай дэлегацыі ў ПАСЕ, дэпутат Вярхоўнай Рады Аляксей Ганчарэнка паведаміў, што ПАРЭ падтрымала яго папраўку да рэзалюцыі, якая прызнае Аляксандра Лукашэнку саўдзельнікам гвалтоўнай дэпартацыі дзяцей і дарослых з акупаваных тэрыторый Украіны. «Гэта аўтаматычна робіць Лукашэнку вінаватым у генацыдзе, які Расея праводзіць ва Ўкраіне», — напісаў дэпутат у сваім Telegram-канале.

Прыцягнуць да суду ня толькі Пуціна?

Аляксей Ганчарэнка
Аляксей Ганчарэнка

Народны дэпутат Аляксей Ганчарэнка адзначыў, што прыняты дакумэнт будзе спрыяць міжнароднай ізаляцыі Пуціна і Лукашэнкі.

«Па-другое, мы дамо сыгнал усім, хто мае дачыненьне да выкраданьня нашых дзяцей, што яны рана ці позна будуць знойдзеныя і пакараныя. Я думаю, што шмат у каго зьнікне жаданьне ў гэтым удзельнічаць. Па-трэцяе, для нас прынцыпова важна даказаць, што тое, што робіць Расія ва Ўкраіне, — гэта генацыд», — падкрэсьліў дэпутат.

Палітык мяркуе, што шанцы апынуцца перад судом у Міжнародным крымінальным судзе ў Лукашэнкі большыя, чым у Пуціна.

«Калі гэтая вайна скончыцца крахам пуцінскага рэжыму, то наўрад ці Пуцін перажыве гэтыя падзеі і сядзе на лаву падсудных. Што тычыцца Лукашэнкі, то гэта больш верагодна. Таму што падзеньне Пуціна прывядзе і да падзеньня Лукашэнкі», — мяркуе Ганчарэнка.

Па словах дэпутата, дзейсных мэханізмаў для вяртаньня дзяцей ва Ўкраіну пакуль не існуе. Ён тлумачыць гэта тым, што пакуль Расея не разгромленая і не капітуляваная, для гэтага няма ніякіх рычагоў.

«Аднак гэтае рашэньне прыцягне да працы па ідэнтыфікацыі выкрадзеных дзяцей многія краіны — чальцы Рады Эўропы. Што Расея іх ужо аддае іншым сем’ям, мяняе прозьвішчы, перасяляе на іншыя тэрыторыі, спрабуе іх схаваць. Нам вельмі важна ведаць, дзе яны (дзеці — рэд.), хто яны, адсочваць усіх, хто мае да гэтага дачыненьне», — адзначыў палітык.

Ні Расея, ні Беларусь пакуль не камэнтуюць рэзалюцыю ПАРЭ.

Дзе трымаюць дзяцей у Беларусі

Аляксей Талай
Аляксей Талай

24 красавіка праўладны беларускі «грамадзкі дзеяч» Аляксей Талай паведаміў, што па даручэньні Лукашэнкі больш за тысячу дзяцей і падлеткаў з акупаваных тэрыторый Украіны прымуць у дзіцячы лягер «Дубрава» ў Салігорскім раёне. Менскай вобласці ў красавіку-траўні. У Беларусі ўжо 350 дзяцей з гэтых рэгіёнаў.

У прыватнасьці, 24 красавіка ў Беларусь з акупаванай часткі Запароскай вобласьці прывезьлі 100 дзяцей. Пра гэта ў эфіры беларускага тэлеканалу «СТВ» заявіў прадстаўнік акупацыйнай запароскай адміністрацыі Ўладзімер Рогаў.

Павал Латушка
Павал Латушка

Беларускі апазыцыйны палітык, намесьнік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінэта Павал Латушка распавёў, што, па яго дадзеных, летась у Беларусь вывезьлі больш за тысячу ўкраінскіх дзяцей. У асноўным гэта непаўналетнія ва ўзросьце ад 6 да 15 гадоў. Сярод іх ёсьць сіроты, у іх няма давераных асобаў, якія маглі б прыняць рашэньне аб іх выезьдзе з Украіны. Латушка таксама адзначыў, што лягер «Дубрава» у Беларусі — не адзінае месца, куды звозяць украінцаў.

«У нас ёсьць канкрэтныя назвы мясьцін у Гомельскім раёне Беларусі. Сёньня мы ўстанавілі як мінімум 3 месцы, куды пераводзяць украінскіх дзяцей. Дарэчы, праваабаронцы казалі пра нават большую колькасьць, па іх інфармацыі, такіх месцаў на тэрыторыі Беларусі можа быць 4-5», — сказаў беларускі апазыцыянэр.

У Беларусі ўкраінскіх дзяцей настройваюць супраць Украіны, сьцьвярджае Латушка. Пры гэтым прапаганда ўхіляецца ад абмеркаваньня першапрычыны сытуацыі, а менавіта агрэсіі Расейскай Фэдэрацыі супраць Украіны з 2014 году і ўдзелу ў ёй Лукашэнкі, кажа Латушка.

«Там уводзяцца зусім іншыя наратывы: успрыманьне Украіны як варожай дзяржавы, тэма „руского мира“. Мы таксама бачым, што ў гэтым удзельнічае Расейская праваслаўная царква на тэрыторыі Беларусі. Усё гэта, натуральна, падаецца пад выглядам дапамогі, дапамогі пацярпелым або дзецям, якія пакутуюць на тэрыторыі Украіны», — сказаў палітык.

«Абсалютны саюзьнік Пуціна»

Латушка паведаміў, што валодае дадзенымі аб некаторых беларускіх арганізацыях, якія займаюцца вывазам украінскіх дзяцей. Сярод іншых ён згадаў фонд Аляксея Талая, які «вельмі моцна зьвязаны з Лукашэнкам».

«Ён неаднаразова выяжджаў на тэрыторыю Данбаса і арганізоўваў вываз украінскіх дзяцей. У нас ёсьць візуальныя і гукавыя дадзеныя, якія сьведчаць, што ў гэтым працэсе ўдзельнічае так званая Фэдэрацыя прафсаюзаў горнахімічнай прамысловасьці Беларусі, якой дапамагае прадпрыемства „Беларуськалій“. Менавіта кіраўнік гэтай арганізацыі публічна заяўляе, што ў сувязі з „вызваленьнем“ шэрагу ўкраінскіх гарадоў у нас будзе больш працы, зьвязанай з украінскімі дзецьмі», — сказаў апазыцыянэр.

Латушка называе Лукашэнку «абсалютным саюзьнікам Пуціна». Таму адказваць за ўчыненыя злачынствы павінны абодва, лічыць ён. Ён таксама адзначыў, што ўжо сабрана дастаткова доказаў для прыцягненьня Лукашэнкі да крымінальнай адказнасьці за адабраньне ўкраінскіх дзяцей.

«Ён прыняў рашэньне адкрыць мяжу з Украінай, калі 70 тысяч расейскіх вайскоўцаў перайшлі мяжу і агрэсіўна накіраваліся ў бок Кіева. Бучы, Гастомеля, Ірпеня магло б і не быць, калі б Лукашэнка не адкрыў паўночны кірунак наступу на Украіну», — падкрэсьліў палітык.

«Дзяцей адбіраюць ад бацькоў»

Актывістка беларускай апазыцыі, дырэктарка Міжнароднага цэнтра грамадзянскіх ініцыятыў «Наш дом» Вольга Карач распавяла, што ёсьць і катэгорыя дзяцей, якія зьехалі ў Беларусь разам з бацькамі. Па словах праваабаронцы, такіх непаўналетніх каля 25 тысяч.

Вольга Карач
Вольга Карач

«У Беларусі масава парушаюцца правы дзяцей, гэта адбывалася яшчэ да 2020 года. У нас былі выпадкі, калі ўкраінцы ўцякалі ад акупацыі пасьля 2014 года. Нягледзячы на тое, што яны грамадзяне Ўкраіны, былі сытуацыі, калі беларускія ўлады адбіралі дзяцей і адпраўлялі іх у дзіцячы дом», — сказала Карач.

Яна адзначыла, што ў Беларусі распаўсюджаная практыка, калі дзяцей могуць адбіраць у бацькоў па палітычных ці эканамічных прычынах. Карач дадала, што пад гэтую катэгорыю трапляюць і ўкраінкі.

«Ён чамусьці не плаціць за камунальныя паслугі па 2-3 месяцы, у такой сытуацыі ў Беларусі таксама забіраюць дзіця з сямʼі. І сямʼя „ставіць сябе на лічыльнік“. Там, каб вярнуць дзіця, трэба цалкам пагасіць даўгі дзяржаве, плюс штомесяц за знаходжаньне аднаго дзіцяці ў дзіцячым доме трэба плаціць дзяржаве прыкладна 100 долараў. Адзін з выпадкаў — украінская сям’я апынулася ў калгасе, муж пасварыўся з міліцыянтам, яго дэпартавалі, а дзіця забралі ў дзіцячы дом», — распавяла Вольга Карач.

«Украінскія дзеці наўзамен на адмену санкцыяў?»

Праваабаронца Карач мяркуе, што ўкраінскіх дзяцей у Беларусі могуць рыхтаваць працаваць на шахтах. Пра гэта нібыта паведамілі прадстаўнікі прадпрыемства «Беларуськалій», запэўніла яна.

«Яны распрацоўваюць праграмы, каб дзіця магло атрымаць жыльлё, стыпэндыю. На прадпрыемстве „Беларуськалій“ быў адзін з найбуйнейшых стачкамаў Беларусі, многія шахцёры з прычыны гэтага страйку страцілі працу, сядзяць у турмах і г. д. Варыянт замены — падлеткі або 18-гадовыя ўкраінцы, якія ня маюць сваякоў», — распавяла жанчына.

Карач мяркуе, што з часам Лукашэнка можа прапанаваць абмяняць вывезеных з Украіны дзяцей на зьняцьце санкцый з аднаго з беларускіх прадпрыемстваў.

«Лукашэнка ўжо наняў амэрыканскіх лабістаў, каб зьняць з Беларусі эканамічныя санкцыі. Я думаю, што праз некаторы час Украіна атрымае выгадную прапанову, ад якой немагчыма адмовіцца, — абмяняць украінскіх дэпартаваных дзяцей на зьняцьце санкцый зь «Беларуськалія», — выказала здагадку Карач.

«Дэпартацыя працягваецца»

Украінская праваабаронца, юрыст Кацярына Рашэўская называе вываз дзяцей з Украіны мэтанакіраванай палітыкай РФ. Яна мяркуе, што дэпартаваных у Расейскую Фэдэрацыю можа быць ад 260 да 700 тысяч украінскіх дзяцей. На сёньняшні дзень украінскай дзяржаве ўдалося выявіць толькі 19 393 дзіцяці.

Кацярына Рашэўская
Кацярына Рашэўская

«Гэта вельмі маленькі адсотак, сьпіс з прозьвішчамі і імёнамі. Дзе дзеці? Гэта як мінімум 57 рэгіёнаў РФ, у тым ліку аддаленыя Сахалінская, Мурманская і Омская вобласьці. Гэта культурна вельмі далёкія рэгіёны: Дагестан ці Чачня», — кажа Рашэўская.

Яна паведаміла, што ў Расеі ўжо адпрацаваныя схемы вывазу дзяцей з Украіны. Адзін з іх — прымусовая эвакуацыя. Саміх дзяцей, а то і разам з бацькамі, спачатку вывозяць у іншыя акупаваныя рэгіёны, пасьля чаго дэпартуюць на тэрыторыю Расеі.

Калі тэмпы вяртаньня дзяцей ва Ўкраіну ня зьменяцца, то на вяртаньне тых, хто ідэнтыфікаваны на сёньняшні дзень, спатрэбіцца не менш за 50 гадоў, адзначыла Рашэўская.

«З юрыдычнага пункту гледжаньня адмова вяртаць дзяцей і стварэньне штучных умоў для іх вяртаньня на радзіму зьяўляецца ваенным злачынствам. Праваабаронца распавяла, як РФ цісьне на бацькоў, якія хочуць зьехаць з дзецьмі ва Ўкраіну. Яна дадала, што вядомыя выпадкі, калі людзі заставаліся на тэрыторыі Расеі, бо «баяліся вяртацца».

"У адным выпадку ў бацькі запатрабавалі даведку са школы, у якой будзе пазначана, што дзеці пасьля вяртаньня ва Ўкраіну працягнуць навучаньне па-расейску. То бок яны фактычна хочуць забясьпечыць пэўную русыфікацыю нават на падкантрольнай Ўкраіне тэрыторыі. Былі выпадкі, калі бацькам казалі, што за згоду, якая зьяўляецца выключна прымусам, яны будуць перасьледавацца на тэрыторыі Ўкраіны як калябаранты, — патлумачыла Рашэўская.

Яна дадала, што Расея працягвае дэпартаваць дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны, нягледзячы на ордэр МУС на арышт Пуціна і Львовай-Бяловай.

Улічваючы ваенныя дзеяньні і акупацыю Расеяй часткі паўднёвых тэрыторый Украіны, рэдакцыя не можа атрымаць афіцыйнага пацьверджаньня некаторых зробленых заяваў або незалежна праверыць іх.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG