Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая пагроза чалавецтву: варыянт каранавірусу Centaurus


Апошняя хваля каранавірусу ў Вялікай Брытаніі запавольваецца, але адначасова растуць асьцярогі з нагоды новага варыянту штаму Omicron, які навукоўцы назвалі Centaurus (Кентаўр).

Пра гэта піша брытанская газэта The Independent.

Колькасьць пацыентаў з COVID-19 у брытанскіх рэанімацыях, паводле стану на 12 ліпеня, вырасла да 46, гэта самы высокі паказьнік зь сярэдзіны красавіка. У той жа дзень у шпіталях было 1035 чалавек зь вірусам, бо летняя хваля па-ранейшаму выклікае новыя інфэкцыі і аказвае ціск на мэдычныя службы краіны.

Сямідзённы ўзровень станоўчых вынікаў тэстаў складае 38,1% — гэта сьведчыць пра тое, што хваля выйшла на плято.

Але паралельна ў Брытаніі, як і ва ўсім сьвеце, растуць асьцярогі і занепакоенасьць з прычыны яшчэ адной формы штаму Omicron, якая зьявілася ў Вялікай Брытаніі. Гаворка ідзе пра варыянт BA.2.75, які атрымаў назву Centaurus (Кентаўр).

Гэты варыянт упершыню знайшлі ў Індыі на пачатку траўня сёлета. З таго часу ён хутка распаўсюдзіўся па ўсёй краіне і выклікаў рэзкі рост захворваньняў.

Пакуль што ў большай частцы Эўропы цыркулююць формы BA.5 Omicron і BA.4 Omicron, цяпер гэта галоўныя ўзбуджальнікі інфэкцыі. Але і BA.2.75 Omicron Centaurus ужо знойдзены ў дзесяці краінах.

Эўрапейскі цэнтар прафіляктыкі і кантролю за хваробамі (ECDC) вызначыў Centaurus як «варыянт, які знаходзіцца пад назіраньнем». Спэцыялісты цэнтру кажуць, што BA.2.75 — гэта нядаўна вызначаная падлінія BA.2, якая пераважна цыркулявала ў Індыі, але ўжо выяўлена ў Нямеччыне, Люксэмбургу, Вялікай Брытаніі, Інданэзіі, ЗША, Канадзе, Нэпале, Новай Зэляндыі, Аўстраліі і Японіі.

Лоўрэнс Янг, брытанскі вірусоляг, прафэсар малекулярнай анкалёгіі ва Ўорыкскім унівэрсытэце, кажа з гэтай нагоды:

«Значны рост колькасьці інфэкцый выклікае турботу і дэманструе, што ў выпадку COVID-19 няма месца для самазаспакоенасьці... Гэта трывожны сыгнал пра нашу ўразьлівасьць да новых варыянтаў... Нам трэба рыхтавацца да восеньскіх і зімовых месяцаў, калі больш халоднае надвор’е будзе заганяць людзей у памяшканьні, што павысіць рызыку заражэньня ня толькі новымі варыянтамі COVID-19, але і іншымі рэсьпіраторнымі віруснымі інфэкцыямі».

Стывэн Грыфін, ад’юнкт-прафэсар Мэдычнага факультэту Ўнівэрсытэту Лідса, кажа, што нядаўні значны рост колькасьці інфэкцый быў, «на жаль, прадказальны», улічваючы, што ў апошнія тыдні BA.4 і BA.5 дэманструюць перавагу над BA.2, а значэньне лічбы R (каэфіцыент захворваньняў) застаецца вышэйшым за адзінку па ўсёй краіне.

«Новыя хвалі, якія мы назіраем, сапраўды аказваюць клінічнае ўзьдзеяньне, якога нельга недаацэньваць... Адсутнасьць рэзкага піку шпіталізацый і сьмерцяў не мяняе агульнага месца пад крывой зь цягам часу... Можна чакаць, што гэтыя меры будуць адставаць ад хуткага росту колькасьці выпадкаў».

ECDC і Эўрапейскае агенцтва лекавых сродкаў (EMA) рэкамэндуюць разглядаць другія бустэрныя (г. зн. агульным лікам чацьвёртыя) дозы мРНК-вакцыны для людзей ва ўзросьце ад 60 да 79 гадоў і людзей з захворваньнямі, якія могуць выклікаць цяжкае цячэньне хваробы.

Але на дадзены момант няма дакладных доказаў за ўвядзеньне другой бустэрнай дозы людзям, якія маладзейшыя за 60 гадоў і ня маюць высокай рызыкі цяжкага захворваньня.

Таксама няма дакладных доказаў у падтрымку раньняй паўторнай рэвакцынацыі мэдыкаў або тых, хто працуе ў дамах састарэлых, калі толькі яны не ўваходзяць у групу высокай рызыкі.

У красавіку летась абодва агенцтвы рэкамэндавалі людзям, старэйшым за 80 гадоў, прайсьці паўторную рэвакцынацыю (чацьвёртая доза).

Аднак у той час агенцтвы адзначылі, што, верагодна, спатрэбіцца разгледзець магчымасьць паўторнай рэвакцынацыі ў людзей ва ўзросьце ад 60 да 79 гадоў, а таксама ва ўразьлівых людзей любога ўзросту, калі адбудзецца паўторны ўсплёск інфэкцый.

Цяпер навукоўцы лічаць, што людзі ва ўзросьце ад 60 да 79 гадоў, а таксама ўразьлівыя групы ў любым веку павінны атрымаць другую бустэрную дозу, бо рост колькасьці выпадкаў у многіх краінах Эўропы ўжо пачаўся.

Прафэсар Лоўрэнс Янг пацьвярджае гэтую выснову:

«Аслабленьне імунітэту азначае, што ўвосень спатрэбяцца паўторныя прышчэпкі, каб абараніць пажылых, клінічна ўразьлівых і мэдычных працаўнікоў, якія кантактуюць з пацыентамі».

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG