Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Бяляцкі. Юбілей за кратамі


Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі

Сёньня родныя і сябры віншуюць праваабаронцу Алеся Бяляцкага з 50-годзьдзем, якое ён сустракае ў турме, і жадаюць як найхутчэй выйсьці на волю. Да віншаваньняў палітвязьню далучаецца і «Свабода».

Жонка Алеся Натальля на дзень юбілею мужа паехала ў Варшаву, да сына Адама, які вучыцца ў Польшчы, каб у сямейным коле, хоць і няпоўным, адзначыць 50 гадоў бацькі. Адзначэньне будзе сьціплым, прызнаецца Натальля, як сьціплымі былі такія сьвяткаваньні і тады, калі Алесь быў на волі.

«У нас ніколі не рабілася сьвятаў, рэчаў звышпампэзных. Проста мы сядзелі сям’ёю, і гэта было для нас дастаткова».

Да юбілею ў Варшаве прымеркавалі ўручэньне прэміі Дзярждэпартамэнту ЗША, якая была прысуджаная Бяляцкаму за дзейнасьць у галіне абароны правоў чалавека. Дыплём перададуць Натальлі ў амбасадзе ЗША ў Варшаве.

На мінулым тыдні Натальля атрымала апошні ліст ад Алеся з Бабруйскай калёніі, але пра свой юбілей ён ня піша:

Натальля Пінчук
Натальля Пінчук
«Ён спрабуе апісаць сваё жыцьцё ў калёніі. У пэўных нюансах ён па-іншаму ў кожным лісьце гэта падае, але сутнасьць яго знаходжаньня там ад гэтага не мяняецца. Па-ранейшаму шэсьць дзён на працы, па-ранейшаму ў вязьніцы, і асаблівай весялосьці і аптымізму гэтыя лісты не прыбаўляюць».

Спадзеючыся, што радыёхвалі данясуць да Алеся яе словы, Натальля пажадала мужу ў дзень ягонага юбілею:

«Ва ўмовах увязьненьня першае і адзінае, што я магу яму пажадаць, гэта здароўя. Здароўя, вытрымкі і адпорнасьці. Гэта, мне падаецца, асноўнае, што яму зараз неабходна».

Сябры Алеся, актывісты «Вясны» сёньня ў галерэі «Ў» ладзяць вечарыну да юбілею, распавяла калега Алеся Бяляцкага па музэі Багдановіча і «Вясьне» Тацяна Равяка:

Тацяна Равяка
Тацяна Равяка
«Традыцыйна кожны год мы адзначалі дзень народзінаў Алеся і зараз адзначым... Гэтая вечарына таксама як падарунак. Гэты дзень мы ня можам не адзначыць як сьвяточны, нягледзячы на тое, што Алесь будзе прысутнічаць з намі толькі віртуальна, на здымках, у нашых думках, у нашых словах. Але ён будзе з намі».

Пасьля вечарыны Тацяна зьбіраецца напісаць Алесю ліст:

«Пра ўсё тое, што зьвязана зь ягоным днём народзінаў, са значэньнем яго для нас і асабіста для мяне. А перш за ўсё я буду пісаць, што мы яго любім, паважаем і чакаем на волі».

Сябра Алеся Бяляцкага са студэнцкіх часоў паэт Эдуард Акулін згадвае, што заўсёды сьвяткаваў дні народзінаў Алеся, калі той ня быў у ад’езьдзе, і запрашаў яго на ўрачыстасьці да сябе:

«Алесь быў і застаецца вельмі аптымістычным, вясёлым чалавекам. Там, дзе ён быў у кампаніі, сябрыне, заўсёды чуліся сьмех, жарты, абавязкова гучалі песьні, ён вельмі любіў сьпяваць, і народныя, і аўтарскія песьні. Там, дзе быў Алесь, заўсёды было хораша і добра, цёпла і ўтульна».

Эдуард Акулін, як і ўсе сябры Бяляцкага, паслаў віншаваньне Алесю на турэмны адрас:

Эдуард Акулін
Эдуард Акулін
«Яшчэ тыдзень таму, ведаючы, што ў Алеся будзе вельмі шмат віншаваньняў, прычым ня толькі зь Беларусі, а з усяго сьвету, я даслаў Алесю віншавальную паштоўку і пажадаў яму непахіснай веры ў залацісты ясны дзень для Беларусі і для яго самога, таму што свой лёс, сваё жыцьцё Алесь паклаў на алтар Бацькаўшчыны, алтар роднай і ўлюбёнай Беларусі».

Да юбілею Бяляцкага віншавальную акцыю наладзілі Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека, у якой Алесь віцэ-прэзыдэнтам, асацыяцыя Libereco — Партнэрства дзеля правоў чалавека. Павіншаваць Алеся можна ў Фэйсбуку.



Біяграфія Алеся Бяляцкага

Аляксандар (Алесь) Віктаравіч Бяляцкі нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў мястэчку Вяртсіля Сартавальскага раёну Карэліі, куды ягоныя бацькі выехалі зь Беларусі на заробкі.

У 1964 годзе Алесевы бацька — Віктар Усьцінавіч і маці — Ніна Аляксандраўна вярнуліся ў Беларусь. Месцам жыхарства сям’я абрала Сьветлагорск.

У Сьветлагорску Алесь скончыў сярэднюю школу № 5.

У 1979 годзе ён паступіў на гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, дзе распачаў літаратуразнаўчую і грамадзкую дзейнасьць. У 1984-м атрымаў дыплём выкладчыка філялёгіі. Перад паступленьнем у асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі Навук БССР працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне Гомельскай вобласьці.

У 1984 годзе Алеся Бяляцкага прызвалі ў войска. Служыў пад Сьвярдлоўскам у артылерыйскай частцы.

Пасьля вяртаньня з войска працягваў вучыцца ў асьпірантуры, займаўся навуковай, літаратурнай і грамадзкай дзейнасьцю.

У 1986 годзе Бяляцкі быў адным са стваральнікаў Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя», старшыняваў у гэтай арганізацыі (1986–1989).

У 1988 годзе выступіў адным з заснавальнікаў таварыства «Мартыралёг Беларусі», быў сябрам арганізацыйнага камітэту Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне», сакратаром Управы (1996–1999) і намесьнікам старшыні (1999–2001) БНФ, быў заяўнікам першай масавай акцыі ў Беларусі — мітынгу «Дзяды» ў 1988 годзе.

Асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі Навук БССР Алесь скончыў у 1989 годзе, ад абароны кандыдацкай дысэртацыі адмовіўся. На яе аснове ў 1991 годзе выдаў манаграфію «Літаратура і нацыя».

У 1990 годзе Бяляцкі стаў адным з арганізатараў Беларускай каталіцкай грамады.

Непрацяглы час Бяляцкі працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам Музэю гісторыі беларускай літаратуры. Праз конкурс у 1989 годзе Алесь быў абраны дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча. На гэтай пасадзе працаваў да 1998 году. Пад яго кіраўніцтвам была адкрытая экспазыцыя літаратурнага музэю і трох яго філіялаў.

У 1991–1995 гадах Бяляцкі быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету.

З 1996 году Алесь — старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна». У 2003-м «Вясну» пазбавілі дзяржаўнай рэгістрацыі рашэньнем Вярхоўнага Суду. У 2007 годзе Камітэт правоў чалавека ААН пасьля пазову Алеся Бяляцкага прызнаў ліквідацыю «Вясны» парушэньнем свабоды асацыяцыі сяброў арганізацыі і рэкамэндаваў аднавіць у правах Бяляцкага і яго калег.

У 2007-м і двойчы ў 2009-м годзе рабіліся беспасьпяховыя спробы зарэгістраваць арганізацыю ў Міністэрстве юстыцыі.

Алесь Бяляцкі — сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, Беларускага Пэн-цэнтру, Беларускай асацыяцыі журналістаў.

У 2006 годзе Бяляцкі выдаў кнігу нарысаў і эсэ «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера».

У 2006 годзе ён быў узнагароджаны швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, Прэміяй свабоды імя Андрэя Сахарава Нарвэскага Хэльсынскага камітэту, прэміяй Homo Homini чэскай арганізацыі People in Need («Чалавек у нядолі»).

У 2007 годзе Алесь Бяляцкі быў абраны віцэ-прэзыдэнтам Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека.

Муніцыпалітэт гораду Генуя (Італія) ў 2010 годзе надаў Алесю Бяляцкаму званьне «Ганаровы грамадзянін Генуі».

Алеся Бяляцкага арыштавалі 4 жніўня 2011 году. 24 лістапада 2011 году яму прысудзілі 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за нявыплату падаткаў з грошай, якія ён атрымліваў ад замежных праваабарончых фондаў для дапамогі палітычным рэпрэсаваным у Беларусі і іхнім сем’ям.

Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, урады і парлямэнты краін Эўразьвязу і ЗША назвалі гэты прысуд незаконным і запатрабавалі ад уладаў Беларусі вызваліць Бяляцкага, называючы гэты прысуд палітычнай расправай з праваабаронцам.

У 2012 годзе Алесь Бяляцкі быў уганараваны прэміяй Нарвэскага саюзу пісьменьнікаў «За свабоду слова», польскай прэміяй імя Льва Сапегі, узнагародай абаронцы правоў чалавека Дзярждэпартамэнту ЗША.

Бяляцкага вылучалі на Нобэлеўскую прэмію міру ў 2006, 2007 і 2012 гадах.

Алесь Бяляцкі жанаты. У 2012 годзе адзначыў 25-годзьдзе шлюбу з Натальляй Пінчук. Маюць сына Адама.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG