Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытатнік найноўшага часу


24 чэрвеня ва Ўправе БНФ адбылася прэзэнтацыя кнігі Юрыя Дракахруста “Акцэнты Свабоды”.


Дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук узгадаў сваю першую сустрэчу з кандыдатам фізыка-матэматычных навук Юрыем Дракахрустам, якая адбылася 20 гадоў таму:

“У Юрыя Дракахруста было толькі адно выданьне, якое можна было знайсьці ў бібліятэцы: “Лякальна-глябальныя нормавыя прынцыпы для палёў альгебраічных лічбаў”. Гэта тэма ягонай дысэртацыі. Ён з павагай стаў ставіцца да журналістаў... Сёньня я паглядзеў у інтэрнеце, у пошукавіку “google.com” на слова “акцэнт” 48 мільёнаў 200 тысяч артыкулаў апублікавана. А з сёньняшняга вечара іх стала нашмат больш. Юры Дракахруст. “Акцэнты Свабоды”.

Філёзаф Валянцін Акудовіч – рэкардсмэн па ўдзелу ў праграмах “Праскі акцэнт”, толькі ў кнізе пяць артыкулаў зь ягоным удзелам. Ён, як заўсёды, выказаўся філязоску:

“Гэтыя артыкулы і эсэ выяўляюць нам аднаго з самых адметных і бліскучых інтэлектуалаў. У Юрыя Дракахруста ёсьць вельмі рэдкі дар: адначаснае спалучэньне эўрыстычнасьці і канцэптуалізацыі актуальнай праблематыкі. Усе мы ведаем цудоўнае лацінскае выслоўе “Напісанае застаецца”. Я дазволю сабе перафразіраваць яго: “Напісанае Дракахрустам павінна застацца”.

Палітоляг Аляксандар Фядута таксама перакананы, што нават у век інтэрнэту толькі кнігі вечныя:

“Я нагадаю адну фразу, выбачайце, па-расейску: “Журналист – подёнщик вечности”. Тое, што мы робім у газэтах, часопісах, тым больш, у тэле- і радыёэфіры – гэта ўсё загіне. Успомняць кнігі. Я сумняюся, што ў Нацыянальнай бібліятэцы поўная падшыўка газэты “Свабода” ці “Наша Ніва”. Таму я кажу: трэба помніць журналістаў, выпускаць іх кнігі. Тым больш, пакуль яны жывыя”.

Эканаміст, кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка ў адрозьненьне ад астатніх выступоўцаў, якія сьпявалі дыфірамбы кнізе, выкаазаў вельмі істотную крытычную заўвагу:

“З усіх 62 аўтараў – толькі 4 жанчыны, прычым, дзьве немкі, адна польская паненка і толькі адна беларуска – Сьвятлана Алексіевіч. Такі мускулітэт, мускі пачатак у абмеркаваньні праблем Беларусі, зьведзеныя бровы, выказваньні пра цяжкасьці... Напэўна, нам трэба мяняцца. Як правіла, жанчыны больш рацыянальныя, яны лепш уяўляюць і рэаліі, і будучыню”.

Экспэрты, аналітыкі, удзельнікі дыскусій Юрыя Дракахруста – людзі даволі сталага ўзросту. Самы малады з удзельнікоў – 31-гадовы Віктар Марціновіч. Ці цікавая гэта кніга для моладзі? Гэта пытаньне я задаю 22-гадоваму Глебу Лабадзенку:

“Калі я быў у Празе на курсах ражыёжурналістыкі, то адзін з журналістаў ВВС Роб Кэмэрун сказаў: “Ты сядзеш, гадзінамі ствараеш нейкую перадачу для радыё, потым яе перададуць у эфір – і ўсё! “ Чытаючы вось гэтыя аналітычныя перадачы Юрыя Дракахруста з мяне ўзьнікалі думкі: “Якія цікавыя меркаваньні”. Я сабе мог нешта раздрукаваць, захаваць у кампутары, Але ўсё адно ў мяне былі апасеньні, што часам гэтыя цікавыя думкі і цытаты зьнікаюць. І тое, што гэта сабрана ў адну кніжку, для мяне вельмі цікава і важна, таму што гэту кніжку можна выкарыстоўваць як цытатнік найноўшага часу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG